Касым-Жамарт Такаеў набраў больш за 80% галасоў на выбарах прэзідэнта Казахстана
Дзейны прэзідэнт Казахстана набраў 81,3 адсотка галасоў выбарцаў на пазачарговых прэзідэнцкіх выбарах. Пра гэта паведамляе Tengri News са спасылкай на папярэднія дадзеныя Цэнтральнай выбарчай камісіі Казахстана.
Кіраўнік ЦВК Нурлан Абдзіраў заявіў, што ўдзел у галасаванні прынялі амаль 70% выбарцаў, гэта значыць 8,3 мільёна чалавек. З іх каля 6,5 мільёна прагаласавалі за дзейнага прэзідэнта. Астатнія кандыдаты набралі каля 2-3 адсоткаў галасоў.
Па дадзеных міжнароднага інстытута рэгіянальных даследаванняў «Адкрытае грамадства», супраць усіх кандыдатаў прагаласавалі 5,2% выбарцаў.
«Гэтая кампанія, несумненна, застанецца ў нашай гісторыі. Вядома, мы чакаем афіцыйныя вынікі выбараў. Тым не менш ужо можна сказаць, што народ выказаў пераканаўчы давер мне як прэзідэнту і ўсім вам. Давер народа — гэта самая галоўная каштоўнасць. Мы павінны апраўдаць гэты давер народа. Таму з сённяшняга дня, 21 лістапада, мы ўсе павінны прыступіць да працы», — пракаментаваў Такаеў вынікі выбараў.
У студзені 2022 года ў Казахстане адбыліся маштабныя беспарадкі, якія пачаліся з пратэстаў супраць павышэння коштаў на газ. У выніку па ўсёй краіне загінулі сотні людзей, тысячы былі арыштаваны.
У сакавіку прэзідэнт Касым-Жамарт Такаеў анансаваў серыю рэформаў, якія ўключалі ўнясенне паправак у Канстытуцыю краіны. У прыватнасці, па выніках рэферэндуму, былі абмежаваныя паўнамоцтвы прэзідэнта адным сямігадовым тэрмінам.
У верасні дзейны прэзідэнт падпісаў указ аб правядзенні пазачарговых выбараў кіраўніка дзяржавы, матываваўшы гэта тым, што «для паспяховай рэалізацыі кардынальных і ўсебаковых рэформаў патрэбны новы мандат даверу народа».