Прэзідэнцкія выбары без інтрыгі, аднак з нюансамі

У Казахстане сёння, 20 лістапада, адбываюцца датэрміновыя прэзідэнцкія выбары. Іх вынік перадвызначаны, нягледзячы на тое, што ў гонцы ўдзельнічаюць шэсць кандыдатаў, і праходзіць яна ў атмасферы большай свабоды, чым пры Нурсултане Назарбаеве.

Фота Tengrinews.kz/Аліхан Сарыеў

Фота Tengrinews.kz/Аліхан Сарыеў

Тэма выбараў з’явілася абсалютна нечакана. У пачатку верасня прэзідэнт Такаеў, які быў абраны ў 2019-м, выступіў з экстранай ініцыятывай: прэзідэнцкі тэрмін павялічыць да сямі гадоў, але забараніць абірацца паўторна. З датай датэрміновых выбараў вырашылі не марудзіць — і прызначылі галасаванне на 20 лістапада.

Наогул у плане выбараў прэзідэнта ў Казахстане свая забаўная гісторыя. Справа ў тым, што першыя выбары вышэйшых кіраўнікоў у экс-савецкіх рэспубліках былі дастаткова канкурэнтнымі. Казахстанцам у гэтым плане не пашанцавала. Першы прэзідэнт Нурсултан Назарбаеў быў абраны ў 1991 годзе на безальтэрнатыўнай аснове. У 1995-м выбары замянілі рэферэндумам аб падаўжэнні паўнамоцтваў Назабаева.

Да практыкі ўсенароднага абрання прэзідэнта вярнуліся ў 1999 годзе. Аднак гэтыя і ўсе наступныя выбары назваць выбарамі ўжо было цяжка. Адбудаваная вертыкаль, кантроль над СМІ, маргіналізацыя апазіцыі, кішэнны ЦВК — няхітрая формула, якая дазваляла кандыдату ўлады лёгка выйграваць гонку ў супернікаў. Тым больш, што апошнія вельмі часта былі зусім невядомыя ў грамадстве. Да таго ж, удзельнічаючы ў выбарах, часам нават публічна казалі, што да ўлады не імкнуцца.

У прынцыпе, шмат у чым падобны ландшафт назіраецца і цяпер. Прэзідэнт Касым-Жамарт Такаеў — безумоўны фаварыт гонкі. Яго кампанію падтрымліваюць усе дзяржструктуры, лаяльны да ўлады «трэці сектар», вядучыя медыя краіны. Такаеў настолькі ўпэўнены ў перамозе, што можа сабе дазволіць (дарэчы, як і Назарбаеў у папярэднія гады), ігнараваць перадвыбарныя дэбаты кандыдатаў. Перадвыбарныя лозунгі Такаева дастаткова абстрактныя, калі не лічыць абяцанні працаўладкаваць тры мільёны чалавек.

Яго супернікі (усяго іх пяць) выглядаюць відавочна больш слабымі на фоне прэзідэнта, і часам нават трошкі экстравагантнымі. Напрыклад, Салтанат Турсынбекава, былая кіраўніца праекта «Казахстан без гвалту ў сям’і», робіць упор на дапамозе бяздомным жывёлам.

Але ёсць у кампаніі-2022 і свае нюансы. Гэтая кампанія праходзіць у атмасферы татальнай «дэназарбаізацыі» — так называюць працэс адхілення ад улады сяброў клана Назарбаева з-за іх удзелу ў арганізацыі студзеньскіх беспарадкаў. Пасля падаўлення пратэстаў практычна ўсе чальцы сям'і экс-прэзідэнта пазбавіліся займаных імі дзяржаўных пасадаў. З канстытуцыі зніклі ўсе згадкі пра першага прэзідэнта Нурсултана Назарбаева, а сталіцы рэспублікі была вернута назва Астана (хоць менавіта Такаеў у свой час і ўнёс прапанову аб перайменаванні горада ў Нур-Султан).


Нельга не заўважыць адметны факт. Супрацьстаяць прэзідэнту на гэты раз дазволілі сапраўднаму, а не кішэннаму апазіцыянеру. Гэта Нурлан Аўесбаеў з Агульнанацыянальнай сацыял-дэмакратычнай партыі (АСДП). Праўда, яго праграма дастаткова асцярожная. Кандыдат ад АСДП (дарэчы, структура не мае рэгістрацыі) галоўным чынам выступае за адмову ад прэзідэнцкай формы кіравання, абяцае бязлітасна змагацца з карупцыяй, узмацніць сацыяльную палітыку.

Цікава, што ў плане міжнароднай палітыкі кандыдат ад апазіцыі выступае за жорсткі нейтралітэт краіны. «Нашы грамадзяне не павінны пакутаваць з-за знешніх умоў так, быццам гэта наша дзяржава вядзе баявыя дзеянні. Казахстан застанецца нейтральным удзельнікам сусветнага працэсу. У нас няма задачы будаваць сусветную гегемонію і быць звышдзяржавай. Гэта занадта дорага і нерацыянальна для прагматычнага Казахстана», — гаворыцца ў праграме Аўесбаева.

Нарэшце, яшчэ адна акалічнасць выбараў — на гэты раз насельніцтва як ніколі раней палохаюць тэмай Майдана, трыгерам якога, нібыта, будуць чуткі аб фальсіфікацыі вынікаў падліку галасоў. Камітэт нацыянальнай бяспекі (КНБ) нават спыніў дзейнасць злачыннай групы, якая мае дачыненне да планавання масавых беспарадкаў 20 лістапада. Як паведамляюць у ведамстве, актывісты групы планавалі кідаць у супрацоўнікаў праваахоўных органаў «кактэйлі Молатава» для «іх фізічнага знішчэння».

Хто гэтыя людзі, і чаму яны вырашылі заняцца такімі дзіўнымі рэчамі, не паведамляецца. Відавочна, што страшылкі пра казахстанскі Майдан — гэта аналаг нашага «пацука ў вядры». Падобныя тэмы павінны ўзмацніць страх у грамадстве і прымусіць электарат аб'яднацца вакол постаці Такаева — гаранта стабільнасці.


Не трэба быць экспертам, каб разумець глабальную сутнасць усяго, што адбываецца. Галоўнае прызначэнне выбараў — атрыманне мандату даверу і ўмацаванне пазіцый Такаева. Дадатковы крэдыт даверу пасля студзеньскіх пратэстаў — гэта, уласна, усё, для чаго і ладзіліся гэтыя датэрміновыя выбары. Пытанне толькі ў тым, які працэнт галасоў у будзе ў кандыдата ад улады. У папярэднія гады звычайна яны атрымлівалі каля 75 працэнтаў. Ці атрымаецца дамагчыся такога ж выніку зараз?

Калі верыць незалежным казахстанскім СМІ, то тэма «адсоткаў», якія намалююць Такаеву, застаецца адзінай значнай інтрыгай галасавання 20 лістапада.

Таксама міжволі ўзнікае думка, што казахстанскія ўлады жывуць адным днём. Сем гадоў кадэнцыі — гэта вялікі тэрмін, за які шмат што можа здарыцца. Таму, відавочна, што ў 2029 годзе выбары прэзідэнта Казахстана пройдуць у абсалютна новых умовах.