Елбасы сышоў! Няхай жыве Елбасы?
У нядзелю, 5 чэрвеня, у Казахстане адбыўся рэферэндум па папраўках у Канстытуцыю. Галоўны вынік плебісцыту — назарбаеўскі этап у гісторыі краіны канчаткова скончыўся. Хаця многія не супраць з гэтым паспрачацца.
«Мы пераходзім да новай дзяржаўнай мадэлі, новага фармату ўзаемадзеяння дзяржавы і грамадства. Гэты якасны пераход можна назваць Другой рэспублікай», — заявіў прэзідэнт Такаеў напярэдадні рэферэндуму. На ім прапаноўвалася падкарэктаваць папраўкі ў 33 артыкулы асноўнага закона, а гэта трэць усёй Канстытуцыі.
Галасавалі за змены «пакетам» — гэта значыць за ўсе папраўкі адразу. Таму на рэферэндум вынесена толькі адно пытанне: за ці супраць паправак? Згодна з першым экзіт-полам, больш за 70 працэнтаў удзельнікаў галасавання аддалі галасы за «Другую рэспубліку».
Яе галоўнай фішкай, безумоўна, будзе адсутнасць у тэксце асноўнага закону пункту, у якім агаворваўся асаблівы статус і правы першага прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева. Будучы на пенсіі, як вядома, ён мог актыўна кіраваць дзяржавай у якасці кіраўніка Саўбеза. Цяпер прэзідэнт краіны будзе абірацца строга на два тэрміны.
Замахнуліся аўтары паправак і на святое — кланавы прынцып падбору кадраў. Як гаворыцца ў новай Канстытуцыі, «блізкія сваякі прэзідэнта Рэспублікі Казахстан не маюць права займаць пасады палітычных дзяржаўных служачых, кіраўнікоў суб'ектаў сектара, які звязаны з дзяржавай».
Акрамя таго, грамадзяне атрымліваюць права адклікаць абраных імі дэпутатаў, наўпрост звяртацца з запытамі ў Канстытуцыйны суд. Цяпер пры прызначэнні акімаў (так у Казахстане называюць губернатараў) будзе ўлічвацца меркаванне сяброў масліхатаў — абласных саветаў. Прэзідэнт будзе прапаноўваць на пасаду губернатара некалькі кандыдатур, за якіх будуць галасаваць дэпутаты. Ну і, нарэшце, у краіне адмяняецца смяротнае пакаранне, на якое раней быў уведзены мараторый.
Як бачым, нейкія прыкметы пераразмеркавання паўнамоцтваў паміж галінамі ўлады і пашырэння праў насельніцтва для ўдзелу ў палітычным жыцці краіны — відавочныя. Гэта дае падставы разглядаць рэферэндум як нейкае жаданне Такаева закрыць тэму студзеньскіх падзеяў. Цяпер ён можа смела казаць, што ўлада пачула запыт народа, які на пачатку года выходзіў на вуліцы.
Хаця многія лічаць такія заявы не шчырымі. Найперш апаненты патрабуюць раскрыць падрабязнасці паліцэйскага гвалту ў студзені. Сапраўды само расследаванне збіцця маніфестантаў не скончана, спісы загінулых трымаюць у таямніцы.
Зрэшты, і без тэмы студзеньскага гвалту ў тэзіса пра пачатак «адлігі» ў краіне хапае крытыкаў. На іх погляд, прапанаваныя праўкі толькі фрагментарна мяняюць звыклую сістэму, не закранаючы базавых асноў. На карысць такога сцвярджэння той факт, што рэферэндум прайшоў па лепшых канонах назарбаеўскай эпохі. Паводле апазіцыі, 5 чэрвеня чыноўнікі на месцах малявалі яўку, ігнаруючы заўвагі назіральнікаў.
На думку апазіцыі, «пры захаванні назарбаеўскага дзяржапарата і эліты, сістэма будзе зноў і зноў нараджаць другога, трэцяга і чацвёртага Назарбаева і адпаведна "другую", "трэцюю" і "чацвёртую" рэспубліку з перапісваннем Канстытуцыі».
Па прыклад далёка хадзіць не трэба. Як вядома, у часы Назарбаева многім нованароджаным давалі імя Нурсултан у гонар Елбасы. Цяпер гісторыя паўтараецца, толькі імёны даюць у гонар новага Елбасы, а менавіта Касым-Жомарта Такаева. Такая гісторыя, напрыклад, 27 мая здарылася ў Акцюбінску, дзе двух хлопчыкаў з падачы абласнога акімата матуля назвала Касымам і Жомартам. Хутчэй за ўсё, гэта не апошні выпадак.
Што далей? Палітолагі-песімісты прагназуюць фазу палітычнай стагнацыі на фоне росту адчужэння народа ад улады. Людзі на нейкі час дыстанцуюцца ад палітычных працэсаў, у тым ліку праз вайну ва Украіне. На першае месца выходзіць запыт на мір і стабільнасць. Гэтыя настроі, здаецца, адчуваюць у Акордзе (так называецца рэзідэнцыя казахстанскага гаранта). Такаеў упарта не хоча падпісвацца пад ідэяй аб узмацненні вайсковай кааперацыі ў рамках АДКБ.
Палітолагі-апаненты песімыстаў спасылаюцца на сацыялогію і сцвярджаюць, што ў грамадстве захоўваецца павышаны ўзровень злосці, незадаволенасці несправядлівасцю. Такі стан можа ў любы момант перайсці ў актыўную фазу, асабліва з улікам таго, што цяперашняя ўлада не здольная вырашыць самыя элементарныя сацыяльныя праблемы.