Каты ўсё ж адкажуць за здзекі з пратэстоўцаў?

Улады Казахстана пагадзіліся распачаць следства па фактах збіцця і катаванняў у пастарунках і ізалятарах падчас пратэставых падзей у студзені гэтага года.

kazahstan_pratesty.jpg

Калі згадваць гісторыю, то турмы для казахаў — не самая традыцыйная з’ява. У казахскім стэпе пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі ў традыцыйным выглядзе наогул не існавала. Тут адыгрывала ролю спецыфіка качавога ладу жыцця. Цяжка сабе ўявіць турму, якая вандруе разам з родам. У цэнтры сістэмы юстыцыі ў Казахскім ханстве стаяла пытанне матэрыяльнай кампенсацыі. Нават за смерць ці знявечанне чалавека прадугледжвалася кампенсацыя.

Што да фізічнага пакарання, то самым зняважлівым лічылася прылюдна адлупцаваць злачынцу. Нярэдка пасля такога шмат хто з пакараных зводзіў рахункі з жыццём, настолькі гэта лічылася ганебным.

Але часы мяняліся. Да 20-х гадоў ХХІ стагоддзя ў краіне сфарміравалася турэмная сістэма постсавецкага тыпу з усімі яе адметнасцямі і недахопамі. У тым ліку з практыкай выкарыстання гвалту супраць затрыманых і зняволеных. Мясцовыя праваабаронцы даўно гавораць пра гэту негатыўную з'яву, але карпаратыўная салідарнасць праваахоўных і судовых органаў увесь час блакавала іх ініцыятывы пакараць вінаватых.

І вось цяпер, пасля студзеньскіх пратэстаў у Казахстане, упершыню нешта зрушылася з месца. У тыя дні фактаў гвалту ў турмах і аддзялення МУС фіксавалася настолькі шмат, што хаваць іх аказалася ўжо немагчыма.

Усё праз тое, што сілавікі падчас падаўленняў пратэстаў асабліва не разбіраліся, дзе пагромшчыкі, а дзе выпадковыя грамадзяне. Многім людзям такое стаўленне сілавікоў каштавала вельмі дорага. Газета New York Times тады паведамляла, напрыклад, аб гібелі пры нявысветленых абставінах 49-гадовага археолага Ерлана Жагіпарава. 6-га студзеня ён выйшаў з дому ў Алматы. Праз паўгадзіны навуковец патэлефанаваў свайму сябру ды паведаміў аб затрыманні службоўцамі Нацгвардыі. Праз шэсць дзён сваякі знайшлі цела Жагіпарава са слядамі катаванняў у моргу. Ён быў у кайданках, адна рука была зламаная, на твары сінякі. У вобласці жывата і сэрца — агнястрэльныя раненні.

Ужо пазней, на падставе шматлікіх сведчанняў, была складзена прыкладная агульная карціна таго, што адбывалася ў студзені ў казахстанскіх турмах. Пасля масавых мітынгаў, у якія, па сцвярджэнні многіх відавочцаў і праваабаронцаў, умяшаліся правакатары, што чынілі гвалт, у краіне разгарнуліся жорсткія рэпрэсіі. Улады заявілі пра ўдзел у беспарадках «тэрарыстаў» і загадалі «страляць на паразу», што цалкам развязала сілавікам рукі.

8–14 студзеня па ўсім Казахстане людзей масава затрымлівалі і прывозілі ў ізалятары. Былі выпадкі, калі пацярпелых грамадзян вывозілі з гарадскіх бальніц наўпрост у следчы ізалятар, дзе яны не маглі атрымаць належнага медыцынскага догляду і лячэння.

Пры гэтым ігнараваўся закон, паводле якога без санкцыі суда ў Казахстане могуць затрымаць толькі на 72 гадзіны. Людзі расказваюць, што іх затрымлівалі 8 студзеня, а суды, дзе вырашалася абранне меры стрымання, праходзілі 13-га або 14-га. Яны гэтыя пяць-шэсць дзён былі ў ізалятары. Прычым, па словах затрыманых, усе гэтыя дні іх збівалі і катавалі.

У прыватнасці, ёсць інфармацыя, што людзей аблівалі кіпенем, збівалі паліцэйскімі дручкамі, прымянялі электрашокеры, прыпякалі скуру прасам, наносілі ўдары аўтаматам па галаве і чынілі іншыя жахі. Найбольш вытанчаным здзекам быў вываз на могілкі для імітацыі расстрэлу.

Такіх выпадкаў аказалася настолькі шмат, што нават улада была вымушана прызнаць іх наяўнасць. Спачатку МЗС Казахстана выступіла з каментаром, у якім гаворыцца, што «Казахстан асуджае магчымыя выпадкі дыспрапарцыйнага прымянення сілы, незаконных затрыманняў, катаванняў і жорсткага абыходжання з затрыманымі асобамі». А затым 28 лютага пракуратура заявіла пра расследаванне 203 спраў аб катаваннях і перавышэнні ўлады сілавікамі. Пакуль падазраюцца толькі восем паліцыянтаў.

Грамадства пазітыўна ўспрыняло гэтую навіну. Між тым, праваабаронцы з досведам пакуль не хаваюць скепсісу. У Казахстане, на іх думку, даўно наладжана сістэма, якая робіць пакаранне людзей у пагонах праблематычным.

Напрыклад, складана сабраць доказную базу, якая грунтуецца на выніках судовых экспертыз, медыцынскіх заключэнняў, паказанняў сведак і саміх пацярпелых. Тыя, хто катаваў людзей, — таксама не ідыёты. «Вельмі складана даказаць, што чалавека катавалі, таму што ў большасці выпадкаў твары катаў, былі схаваныя маскамі ці балаклавамі. Перш, чым прыступіць да экзекуцыі, яны (сілавікі) папярэдне заклейвалі скотчам аб'ектывы відэакамер у памяшканнях, потым заводзілі туды сваіх ахвяр і мучылі іх. У выніку ніякай відэафіксацыі таго, што яны рабілі з падазраванымі, не было», — распавядае адзін з казахстанскіх праваабаронцаў.

Але больш за ўсё праваабаронцы баяцца сцэнару, калі па ходзе следства пацярпелыя раптам самі стануць падазраванымі ці адказчыкамі. Так было пасля расстрэлу мірных грамадзян у Жанаазене ў 2011 годзе. Тых, хто пацярпеў ад гвалту, у тым ліку параненых, неўзабаве аформілі па артыкуле за напад на супрацоўнікаў правааховы.

Між тым, шэраг дысідэнтаў заявілі пра намер стварыць сваю камісію па расследаванні студзеньскіх падзеяў. Цяпер яе актывісты занятыя ўстанаўленнем імёнаў загінулых у той час грамадзянскіх асоб. Як ні парадаксальна, гэта ініцыятыва не такая ўжо і бесперспектыўная.

Не будзем забывацца, што цяпер у Казахстане ідзе працэс адхілення клану Назарбаева, змена элітаў. Улады, якія памятаюць пра пратэставы студзень, вымушаныя неяк лічыцца з грамадскай думкай. Мяркуючы па ўсіх прыкметах, наступныя выбары ў краіне пройдуць у больш свабоднай атмасферы, што не выключае прыходу ў органы ўлады новых людзей. Таму не выключана, што вынікі працы незалежнай камісіі яшчэ могуць быць запатрабаваныя з усімі вынікаючымі наступствамі для катаў.