Плюс дэелбасізацыя ўсёй краіны
У Казахстане ідзе дэмантаж культу асобы Назарбаева. Але гэта не выключае, што цяпер шанаваць давядзецца новага прэзідэнта Такаева.
Ніхто ўжо не спрачаецца наконт таго, што эра Назарбаева скончылася. Хаця насамрэч ён нябачна застаецца часткай казахстанскага палітычнага ландшафту. У тым ліку таму, што экс-гарант пакінуў пасля сябе мноства аб'ектаў у гонар сябе любімага.
Пачаць можна з тапанімікі. У гонар першага казахстанскага прэзідэнта назвалі сетку школ, універсітэт, вуліцы і нават была перайменавана сталіца. Зрэшты, сам Назарбаеў у інтэрв'ю замежнаму журналісту кляўся, што перайменаванне сталіцы яму навязалі чыноўнікі-падхалімы. Гэта без уліку двух дзяржаўных святаў, якія звязаныя з біяграфіяй першага прэзідэнта, банкнот з яго партрэтам, шэрагу манументаў, бюстаў і помнікаў.
Асобнага блока заслугоўвае тэма прысутнасці фігуры Елбасы ў культурных артэфактах. Пад аўтарствам Назарбаева выпушчана больш за 30 кніг, прысвечаных гісторыі Казахстана і, безумоўна, яго выбітнай ролі ў гэтым працэсе. Ёсць і аўтабіяграфіі, паводле якіх дзяржаўная кінастудыя «Казахфільм» зняла пяць мастацкіх фільмаў. Штогод пра першага прэзідэнта здымаліся дакументальныя стужкі, якія прадстаўлялі гледачу, як правіла, да Дня першага прэзідэнта.
Нарэшце, прыдворнымі пісьменнікамі быў створаны сапраўдны кніжны эпас пра маленькага Нурсултана. На старонках кніг будучы прэзідэнт дэманструе не толькі дзіўныя таленты, напрыклад, вучыцца без вакацый усе 12 месяцаў на год. Мяркуючы па змесце тых кніг, у дзяцінстве будучы Елбасы меў зносіны з сіламі прыроды і наогул сваім з'яўленнем на свет таксама абавязаны нейкай метафізіцы. Што будуць рабіць з гэтай літаратурай — незразумела.
Затое ўсім відавочна, што гэтая індустрыя ўслаўлення Назарбаева раздражняла многіх. Як і артыкул, які з'явіўся ў 2010-м у крымінальным кодэксе аб пакаранні за замах на гонар і годнасць першага прэзідэнта Казахстана.
Невыпадкова, падчас студзеньскіх падзеяў адным з самых папулярных лозунгаў быў адрасаваны Елбасы. Народ скандаваў: «Стары, сыходзь!» І кадры са звяржэннем устаноўленага яму пры жыцці помніка і зняцце таблічак з надпісам «праспект Назарбаева» сталі шмат у чым сімвалічнымі.
Таксама вельмі паказальна, што вуліца пачала супакойвацца пасля таго, як Касым-Жамарт Такаеў абвясціў, што ссоўвае Назарбаева з пасады кіраўніка Савета бяспекі — фактычна галоўнага дзяржаўнага сілавога органа, які заставаўся ў руках экс-прэзідэнта. Пазней у Назарбаева забралі апошнія кіраўнічыя функцыі, у тым ліку пасаду кіраўніка кіруючай партыі Нур-Атан.
Відавочна, што шмат каму гэтага замала. У інтэрнэце ўжо запусцілі дзве петыцыі. Адна з патрабаваннем адмяніць закон аб першым прэзідэнце, які гарантуе Назарбаеву недатыкальнасць. Аўтары другой петыцыі заклікаюць вярнуць сталіцы ранейшую назву — Астана.
Нельга не адзначыць, што працэс «дэелбасізацыі» не выклікае нават прыкметаў абурэння з боку тых, хто ўчора кляліся Назарбаеву ў вечнай любові. Даходзіць да смешнага. Казахстанскі сенат, куды Назарбаеў дапускаў толькі верных сабе людзей, на днях палічыў ідэю ніжняй палаты адмяніць права пажыццёвага старшынства першага прэзідэнта ў Савеце бяспекі і Асамблеі народа Казахстана недастатковай. І выступіў з сустрэчнай ініцыятывай — прыбраць з канстытуцыі яшчэ і неабходнасць узгаднення змен у дзяржаўным кіраванні з Назарбаевым, што замацавана ў канстытуцыйным законе «Аб першым прэзідэнце — Елбасы».
Ужо зафіксаваны і першыя персанальныя акты раскаяння з боку тых, хто дапамагаў ствараць культ Елбасы. Адзін з іх — кампазітар Шаміль Абільтай. На днях ён заявіў, што знішчыў свой кюй — твор традыцыйнай казахскай музыкі, прысвечаны Назарбаеву. «Я спаліў не толькі ноты, але і выкрасліў з памяці гэты кюй, усё, няма яго нідзе», — распавёў «рэнегат».
Зрэшты, Назарбаеў у чымсьці сам спрыяў эрозіі лагера сваіх прыхільнікаў і працэсу ўласнай дэсакралізацыі. У сваім першым пасля падаўлення пратэстаў відэазвароце 18 студзеня ён выглядаў вельмі прыгнечана. «На запісе [з відэазваротам Назарбаева] мы ўбачылі вельмі стомленага старога чалавека. Казахстанцы ніколі раней не бачылі яго такім», — адзначыў журналіст выдання Zona.kz.
Відаць, у казахстанскім грамадстве таксама ўспомнілі прыказку «святое месца пустым не бывае». Ці можа Такаеў стаць новым Елбасы? Пракаментаваць такія прагнозы «Новы Час» папрасіў казахстанскага праваабаронцу Андрэя Грышына.
— Сапраўды, такія спекуляцыі ёсць. Аж да таго, што Нур-Султан хутка перайменуюць у Касым-Жамарт у гонар новага гаранта. Аднак пакуль гэта, хутчэй, народны гумар. Асаблівай патрэбы ўзвялічваць сваю постаць пакуль Такаеву сэнсу няма. Легітымнасць яго рэжыму забяспечвае барацьба з рэліктамі назарбаеўскай сістэмы, кланам былога прэзідэнта.
А вось наконт больш аддаленай будучыні нешта прагназаваць цяжка. Па-першае, ніхто не чакаў, што шэранькі апаратчык Такаеў будзе настолькі амбіцыйным, што рызыкне так жорстка атакаваць клан Назарбаева.
Па-другое, суседскі досвед падказвае, што ў Сярэдняй Азіі з улікам нюансаў палітычнай культуры можа быць што заўгодна. Вунь у Туркменіі звычайны зубны тэхнік не толькі зрынуў свайго папярэдніка, але і за паўгода стаў узорным дыктатарам. Такі вось self-made man, прыклад якога можа быць заразлівым.