Вярнуць Астану! Ці прыжылася новая назва Казахстана?
Прыкладна год таму сталіца Казахстана Астана стала называцца Нур-Султан — у гонар Нурсултана Назарбаева. Аднак супраціў новай назве дасюль працягваецца.
«А цяпер трэба перайменаваць усіх казахаў у назарбахаў». «Як наконт таго, каб перайменаваць краіну Казахстан у Назарбаеў?» Так весела рэагавалі ў інтэрнэце на нечаканае з’яўленне горада Нур-Султан.
Перайменаваць Астану ў Нур-Султан прапанаваў 20 сакавіка 2019-га пераемнік Назарбаева Касым-Жамарт Такаеў. «Мы павінны зрабіць усё магчымае, каб увекавечыць імя нашага вялікага сучасніка Нурсултана Назарбаева», — звярнуўся ён да парламенту — і той аднагалосна падтрымаў ініцыятыву.
Па слядах галасавання стартавала інфармацыйная апрацоўка насельніцтва. У падтрымку перайменавання выступілі прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, лідары моладзевых арганізацый, чэмпіёны ў розных відах спорту і нават лаўрэаткі конкурсаў прыгажосці. «Я лічу, што перайменаванне — гэта прызнанне трыццацігадовай працы нашага першага лідара», — заявіла прэсе, напрыклад, Міс Астана.
Натуральна, у саміх жыхароў сталіцы не пыталіся. Магчыма, стаўка рабілася на тое, што Астана і раней неаднаразова мяняла назву. Перад тым, як стаць Астаной, горад насіў назвы Акмалінск, Цэлінаград, Акмала. І кожны раз грамадства ўспрымала тапанімічную рэформу дастаткова абыякава.
Аднак цяпер з перайменаваннем у Нур-Султан так проста не атрымалася. Адны пабачылі тут праяву культу асобы Елбасы. Іншых шакаваў градус падхалімажу на адрас гаранта. Для многіх перайменаванне наклалася на шок, калі яны зразумелі, што Назарбаеў не адмовіўся ад улады, а зрабіў сябе вечным старшынёй Савета бяспекі. Нарэшце, для некаторых «Нур-Султан» выглядаў як дэманстратыўны здзек з народу, думку якога не спыталі. «Што я адчула, калі перайменавалі? Спусташэнне. Мяне злавала, што дзяржканалы яшчэ да перайменавання сталі называць сталіцу Нур-Султанам, жахліва раздражнялі людзі ва ўрадзе, якія ўсе як адзін пачалі называць Астану імем былога прэзідэнта», — узгадвае свае эмоцыі ў дзень, калі Такаеў агучыў ідэю пра Нур-Султан, адна з мясцовых журналістак.
Аспрэчыць перайменаванне намагаліся спачатку праз суд, паколькі Такаеў на той момант яшчэ фармальна не быў паўнавартасным прэзідэнтам і, адпаведна, не мог выступаць з прэзідэнцкімі прапановамі. Зрэшты, і гэтую, і іншыя скаргі адхіліў Канстытуцыйны савет і Мінюст.
Частка насельніцтва пратэставала супраць перайменавання ды стварыла анлайн-петыцыі. Адбыліся несанкцыянаваныя акцыі пратэсту, падчас якіх паліцыя затрымала некалькі дзясяткаў чалавек. Дарэчы, чыноўнікі сваімі рукамі зрабілі пляцоўку для пратэсту, калі арганізавалі канцэрты за Нур-Султан па ўсёй краіне. Над натоўпам гледачоў час ад часу ўздымаліся плакаты «Нур-Султан — не мая сталіца», якія выпадкова траплялі ў камеры мясцовага тэлебачання.
Насуперак таму, што перайменаванне год таму ўсё ж адбылося, барацьба за Астану дасюль застаецца ў палітычнай павестцы краіны. У апазіцыйных медыя прынцыпова ўжываюць выключна старую версію назвы горада. Паводле словаў рэдактаркі аднаго з такіх СМІ, «гэта байкот з боку рэдакцыі, які абвешчаны глупству і дыктатуры». Некаторыя медыя, якія нават не ангажаваныя з апазіцыяй, таксама намагаюцца па магчымасці ігнараваць слова «Нур-Султан». Як правіла, замест выкарыстоўваецца эрзац «сталіца Казахстана». Праўда, гэта не тычыцца цытатаў з афіцыйных паведамленняў.
Такое ўражанне, што нават частка казахскай эліты разумее ўвесь абсурд з перайменаваннем у Нур-Султан. Прынамсі, мэрыя сталіцы яшчэ год таму заспакоіла жыхароў гораду, паабяцаўшы, што іх па-ранейшаму будуць называць «астанчане». «Гэта (астанчане) ужо ўстойлівы тэрмін», — растлумачыў бургамістр.
Відавочна, для тутэйшых ужыванне слова «Астана» стала нейкім інструментам падтрымання лакальнай ідэнтычнасці. «Сама я заўсёды называю сталіцу Астаной і адчуваю падзяку людзям, якія робяць, як я. Калі калі-небудзь сталіцы вернуць ранейшую назву, буду толькі радая», — кажа адна з астанчанак у апытанцы выдання.
Ці магчыма вярнуць старую назву?
Трэба прызнаць, што новая версія назвы сталіцы, гледзячы па апублікаваных у СМІ апытаннях, ужо не выклікае такога негатыву, як год таму. Гэта не здзіўляе — з улікам таго, што на вуліцы крызіс, тапанімічная тэма стала не такая актуальная, як апошні абвал мясцовага «зайчыка». Ёсць і тыя, хто свядома прымае новую назву, кажучы, што «Нур-Султан» быў непазбежным. Значна раней за Такаева іншыя чыноўнікі прапаноўвалі рэбрэндынг назвы сталіцы ў гонар Елбасы.
Так ці інакш, відавочна, што пакуль новая назва цалкам не прыжылася. Таму нельга выключаць, асабліва ў сілу цяперашняй татальнай нестабільнасці, чарговай мадыфікацыі назвы горада на беразе Ішыма.