Ад тытана і стратэга да жывога сонца
У рамках Дня сталіцы Казахстан адсвяткаваў 75-ю гадавіну дня нараджэння прэзідэнта Нурсултана Назарбаева, якое вылілася ў каскад самых неверагодных праяў падхалімажу. Прапануем іх невялічкі хіт-парад.
10-е месца можна смела аддаць акіму (губернатару) Усходне-Казахстанскай вобласці Даніялу Ахметаву, які падкрэсліў Назарбаеўскі талент горадабудаўніка. Віншуючы жыхароў рэгіёну з Днём сталіцы, Ахметаў заявіў: «Астана — увасабленне ў рэальнасць смелых намераў лідара нацыі Нурсултана Абішавіча Назарбаева. Дзякуючы яго намаганням сталіца нашай дзяржавы стала адным з самых прыгожых гарадоў свету, у якім пераплятаюцца гісторыя і культура Казахстана з сучаснымі тэхналогіямі».
Сярод губернатараў Казахстана Ахметава пераплюнуў толькі акім Кустанайскай вобласці Нуралы Садукасаў, які займае 9-е месца. У сваім віншаванні Садукасаў назваў Астану прадуктам Назарбаева, кропкай планетарнага маштабу. «Наш Елбасы (каз.: «лідар нацыі» — афіцыйны тытул Назараева) стварыў еўразійскі феномен. У абліччы Астаны гарманічна пераплятаюцца архітэктура і культуры Усходу і Захаду, сталіца стала актыўнай дыялогавай пляцоўкай у сусветным маштабе, збліжаючы паміж сабой краіны і канфесіі», — мяркуе Садукасаў.
На 8-м месцы сакратар Саюза журналістаў Расіі Юрый Батурын, які на юбілей ганараваў Елбасы вышэйшай узнагародай Саюза журналістаў Расіі — знакам «За заслугі». Узнагарода дзіўная, асабліва з улікам таго, што на журналісцкай ніве Абішавіч праславіўся як вораг СМІ (дастаткова ўзгадаць забарону ў Казахстане шматлікіх інфармацыйных сайтаў). Тым не менш, на думку Батурына, юбіляр варты ўзнагароды, паколькі яму характэрна «адкрытасць да новых ведаў».
7-е месца па праву акупаваў старшыня сената Казахстана Касым-Жомарт Такаеў. У артыкуле «Тытан», апублікаваным у газеце «Казахстанская праўда», старшыня сената называе прэзідэнта Казахстана неардынарнай асобай, сапраўдным лідарам, які валодае дарам стратэга. Такаеў піша: «Такі дар стратэга, які быў пасланы Усявышнім, даецца далёка не кожнаму палітыку і кіраўніку дзяржавы. Наш прэзідэнт з’яўляецца рэдкім выключэннем у сучасным свеце, дзе, на жаль, востра адчуваецца дэфіцыт лідараў, якія валодаюць сапраўды стратэгічным мысленнем».
А хто на 6-м месцы? Гэта расійскі журналіст Леанід Млечын, які ў сваім нарысе «Рэфарматар» прааналізаваў асноўныя вехі станаўлення Нурсултана Назарбаева як палітыка ды нечакана задаўся пытаннем: што б усё ж такі адбылося, калі б Гарбачоў у тыя вырашальныя гады перабудовы прызначыў Назарбаева віцэ-прэзідэнтам СССР або кіраўніком саюзнага ўрада? «Ці не быў гэта шанец захаваць вялікую і адзіную краіну?» — разважае аўтар «Рэфарматара».
5-е месца трэба аддаць паэту Руслану Бахцігарэеву за верш «Дзякуй прэзідэнту», які, па яго словах, з’яўляецца своеасаблівым падарункам да дня нараджэння Нурсултана Назарбаева. Паэт-аматар спадзяецца, што гэтыя радкі пакладуць на музыку, а хто-небудзь з казахстанскіх спевакоў выканае гэты твор. Вось фрагмент верша, які выразна перадае сэнс твору:
«Спасибо президенту,
За жизнь благую эту.
Квартира, машина,
Не жизнь, а малина».
На 4-ю пазіцыю цягне тырада журналіста Кірыла Прывалава, які пабачыў у Елбасы рысы шматлікіх вялікіх людзей мінулага: «Назарбаеў — фігура выдатная. Гэта апошні з гігантаў эпохі, якая зараз сыходзіць. Былі дэ Голь, Атацюрк, Дэн Сяапін, Лі Куан Ю, Чэрчыль, Рузвельт. Іх можна любіць ці не любіць, але гэта былі «монстры», гіганцкія людзі. Назарбаеў — апошні з гігантаў сусветнай палітыкі, гэта трэба прызнаваць».
3-е месца ў спаборніцтве за тытул лепшага падхаліма належыць паэту і пісьменніку Алжасу Сулейменаву, які адгукнуўся на юбілей Нурсултана Назарбаева артыкулам пад назвай «Залатое сячэнне». Пісьменнік лічыць, што рост казахскага насельніцтва ў краіне — заслуга прэзідэнта. Сулейменаў піша: «У выніку пісьменнай інтэрнацыянальнай палітыкі нам удалося дасягнуць таго, што матэматыкі называюць залатым сячэннем. <...> І ў лічбах гэта зусім не 50 на 50, а нечаканае для многіх 62 на 38! <...> Нядаўна я прачытаў у газеце, што казахскае насельніцтва ў нашай рэспубліцы дасягнула 62%! <...> Залатое сячэнне, да якога мы наблізіліся за 25 гадоў развіцця, — гэта галоўнае, чаго мы дасягнулі шмат у чым дзякуючы палітычнаму мастацтву высокай пробы ў дзейнасці вялікага палітыка Нурсултана Назарбаева».
2-е месца ў топе падхалімажу трэба аддаць экс-дэпутату казахскага парламента Уладзіміру Нехарошаву. Нехарошаў адкрыў невядомы фізічны феномен — ад Нурсултана як ад сонечнага свяціла сыходзяць прамяні, фармуючы асобы тып ззяння — т.зв. «нурззянне». «Нурсултан Абішавіч — геній ад бога і прыроды! (...) Не можа быць іншага сонца на небе. Яго «нурззянне» хай і далей асвятляе нашу краіну! І сёння не можа быць іншага прэзідэнта, акрамя Назарбаева. На гэтым настойвае і гэтага патрабуе народ Казахстана!» — лічыць Нехарошаў.
І, нарэшце, першае месца. Яно, як і трэба было чакаць, дасталася самому юбіляру, які лічыць, што фактычна безальтэрнатыўныя прэзідэнцкія выбары ўвесну гэтага года, на якіх Назарбаеў атрымаў 90 працэнтаў, дапамаглі казахам стаць сапраўднай нацыяй. «Аднадушнасць на выбарах апошніх, — за што я вельмі ўдзячны нашаму народу, калі ніхто не адзначыў ніякіх парушэнняў, уключаючы Злучаныя Штаты Амерыкі, калі, напэўна, упершыню людзі стаялі ў чарзе... На гэтых выбарах я адчуў, што ў нас утварылася нацыя», — сказаў у дзень нараджэння Елбасы — пераможца нашага хіт-параду.
Заканчваючы хіт-парад, варта адзначыць, што падчас юбілею ніводнае афіцыйнае СМІ не ўзгадала артыкул казахстанскай Канстытуцыі, дзе гаворыцца, што адна і тая ж асоба не можа быць абрана прэзідэнтам больш за два разы запар. Нурсултан Назарбаеў займае пасаду прэзідэнта Казахстана з 1990 года.