Дасье ў карыкатурах: Елбасы ўсё?

5 студзеня на тле масавых пратэстаў у Казахстане прэзідэнт Такаеў змяніў Назарбаева на пасадзе старшыні Рады бяспекі. Такім чынам, у адстаўку сышоў рэкардсмен па працягласці знаходжання ва ўладзе на постсавецкай прасторы. Згадаем, як эпоху Назарбаева выяўлялі ў карыкатурах.

zastavka_59.jpg


Якраз менавіта жаданне Назарбаева ўпарта заставацца ва ўладзе часцей за ўсё высмейвалі мастакі. Падставы на гэты конт былі. Нагадаем, Назарбаеў з'яўляўся лідарам Казахстана аж з чэрвеня 1989 года. Тады ён быў абраны першым сакратаром мясцовай філіі КПСС. Затым у 1990-м стаў прэзідэнтам і прабыў у гэтым крэсле да сакавіка 2019-га. Дадайце да гэтага яшчэ амаль тры гады на пасадзе кіраўніцтва Рады бяспекі – гэта, паводле Канстытуцыі, фактычна самы галоўны орган у краіне. Не выпадкова на нейкім этапе ў шмат каго ўзнікла думка, што Елбасы вырашыў кіраваць краінай вечна. Гэтую тэму таксама асвятлялі мастакі.

1_517.jpg

Апісаны вышэй трук, калі ў 2019-м Назарбаеў пакінуў прэзідэнцкі пост, але фактычна захаваў уладу, таксама выклікаў інтарэс мастакоў. З дапамогай малюнкаў яны выяўлялі прыроду гэтай забаўнай схемы.  

2_477.png


Шакавала шмат каго і тое, як Назарбаеў вырашаў праблему крытыкі з боку апазіцыі. Нагадаем, што за часы знаходжання Нурсултана ва ўладзе ўсе (!) апазіцыйныя партыі ў краіне былі забароненыя, а іх актыў трапіў у турмы або вымушаны быў збегчы з краіны. Карыкатурысты любілі жартаваць наконт таго, як лёгка ўлады матывуе пераслед апанентаў.  

3_427.jpg

Па ходу забароны палітычных партый нішу апазіцыі сталі займаць бізнесмены, якія пасварыліся з адміністрацыяй прэзідэнта. Назарбаеў рэагаваў на такую фронду вельмі рашуча. На бізнесоўцаў адкрывалі крымінальныя справы па самых цяжкіх артыкулах. Не пашкадаваў ён нават свайго зяця Іслама Аліева. Прадпрымальнікам нічога не заставалася як эміграваць. Сярод тых эмігрантаў аказаўся і алігарх Мухтар Абялязаў, які сёння абвясціў сябе каардынатарам пратэстаў у Казахстане. Вось так выяўлялі яго развітанне з радзімай.  

4_399.jpg


Паколькі Назарбаеў дапусціў у краіну заходнія нафтавыя і газавыя кампаніі, на Захадзе яго не надта крытыкавалі. Інтарэс да рэжыму ў Астане вылікаў фільм «Борат». Галоўнай фігурай карціны выступае сыграны брытанскім артыстам Сашам Коэнам персанаж Борат Сагдзіеў — казахстанскі журналіст, які падарожнічае па ЗША і сустракаецца з рознымі людзьмі. Пры гэтым Казахстан паказваецца амаль дзікай краінай. Назарбаеўская адміністрацыя наіўна спрабавала заблакаваць пракат стужкі ў свеце, што выклікала шмат жартаў, у тым ліку ў малюнках.

5__1__12.jpg


Зрэшты, скандал вакол фільма пра Бората быў эпізодам. Куды часцей пра Назарбаева ўспаміналі праз культ яго асобы. Дастаткова нагадаць, што ў 2010-м Сенат Казахстана зацвердзіў папраўкі ў заканадаўства, якія надалі прэзідэнту Нурсултану Назарбаеву статус «лідара нацыі», або Елбасы. 1 снежня ў Казахстане адзначаецца Дзень Першага прэзідэнта, які таксама з'яўляецца дзяржаўным святам і выходным днём. Напярэдадні Дня Першага прэзідэнта студэнты масава прызнаюцца ў любові на адрас Елбасы. У 2019-м сталіца краіны змяніла назву на Нур-Султан. Выявы першага прэзідэнта таксама друкуюцца на мясцовых банкнотах, што натхніла шмат каго прыдумляць новы дызайн казахстанскіх грошай.

6__1__9.jpg


Парадаксальна, аднак якраз культ асобы Назарбаева стаў адным з галоўных фактараў цяперашніх выступаў. Як пішуць журналісты, пратэст вельмі часта накіраваны канкрэтна супраць яго асобы. Людзі на вуліцах скандуюць «Стары, сыходзь», і гэта становіцца сапраўдным мемам.


Сям'я Назарбаева, алігархат, групоўкі палітычных эліт, якія ён сфарміраваў вакол сябе, справакавалі велізарны выбух глыбокай спячай незадаволенасці. Не дзіўна, што ў выніку Назарбаеў пагадзіўся пайсці з паста старшыні Рады нацбяспекі.
Праўда, далейшы лёс Елбасы не зразумелы. Дасюль не вядома — дзе ён і як уплывае на казахстанскую палітыку? А некаторыя заходнія мастакі, падаецца, дасюль лічаць, што Масква, якая ўвяла войскі ў Казахстан, змагаецца за тое, каб захаваць дыктатуру Нурсултана.

7_178.jpeg