Колькі дыктатараў засталося на постсавецкай прасторы і ў чым іх адметнасць?

Студзеньскія падзеі ў Казахстане абвастрылі інтарэс да феномену постсавецкіх дыктатур. Як яны кіруюць, гэтыя выхадцы з партыйнай наменклатуры позняга СССР? Як утрымліваюць уладу, нягледзячы на няўмольны час і тэхналагічную эпоху? Колькі іх захавалася на адной шостай частцы сушы?

1_518.jpg

З апошнім усё больш-менш ясна. Нязменнай, альбо перадаванай у палітычную (ці нават прамую) спадчыну ўлада застаецца ў сямі краінах былога Саюза — Беларусі, Расіі, Казахстане, Таджыкістане, Узбекістане, Азербайджане і Туркменістане. Гэта амаль палова, балазе астатнія восем прызвычаіліся мяняць кіраўніцтва метадам выбараў — гэта Латвія, Літва, Эстонія, Малдова, Грузія, Арменія, Украіна і Кыргызстан (праўда, тут больш у пашане рэвалюцыі).

Мы вырашылі прыгледзецца да аўтарытарных рэжымаў, якія выйшлі з агульнага камуністычнага шыняля. Да ўсіх, акрамя беларускага, бо сыходзім з таго, што пра методыкі Аляксандра Лукашэнкі чытачы і так усё добра ведаюць.

Уладзімір Пуцін, Расія

Узрост: 69 гадоў.

Колькі кіруе: 22 гады.

2_478.jpg

Як прыйшоў да ўлады. Былога кіраўніка Федэральнай Службы Бяспекі (ФСБ) зрабілі першай асобай РФ хваробы Барыса Ельцына. У 1999 годзе першы прэзідэнт Расіі ўжо пачуваўся кепска і 31 снежня праз навагодні зварот да суайчыннікаў абвесціў аб заўчаснай адстаўцы («Я стаміўся, я сыходжу»). На той момант Уладзімір Пуцін займаў пасаду прэм’ер-міністра і, згодна з Канстытуцыяй, менавіта ён пачаў выконваць прэзідэнцкія абавязкі. Паўнавартасна Расію ён узначаліў праз некалькі месяцаў — калі ў сакавіку 2000-га перамог на датэрміновых выбарах. Прэзідэнцкую гонку ВВП выйграў у першым туры з «еўрапейскім» паказчыкам 52,94 працэнта, але агулам яго прыход да ўлады ўклаўся ў сцэнар аперацыі «Пераемнік».

Як працягваў паўнамоцтвы. У 2008 годзе скончыліся два прэзідэнцкія тэрміны Пуціна. Ісці на чарговыя выбары яму забараняла Канстытуцыя. Каб абыйсці забарону, атачэнне расійскага кіраўніка зладзіла аперацыю «Месцаахоўнік». У прэідэнты пайшоў пуцінскі паплечнік Дзмітрый Мядзведзеў, а сам ВВП перасеў у крэсла прэм’ер-міністра. Падчас мядзведзеўскага кіравання ўвесь час агучваліся меркаванні, што насамрэч у краіне па-ранейшаму ўладарыць Уладзімір Уладзіміравіч, які проста перадаў пасаду на чатырохгадовую «ператрымку».

Так яно ў выніку і аказалася. У 2012-м Пуцін зноў балатаваўся ў прэзідэнты (бо Асноўны закон жа забараняў займаць пасаду больш за два тэрміны «запар»), толькі час знаходжання ва ўладзе да таго моманту ўжо працягнулі — да шасці гадоў замест папярэдніх чатырох. Такім чынам, дадаем яшчэ два тэрміны і атрымліваем, што з федэральным скіпетрам былы спецслужбіст прабудзе да 2024 года. Як мінімум.

Але што далей? Рашэнне ўжо знойдзена. Летам 2020-га ў Расіі паспяхова правялі Агульнарасійскае галасаванне (фактычна рэферэндум) паводле паправак у Канстытуцыю. Адным з пунктаў там было знакамітае «абнуленне» прэзідэнцкіх тэрмінаў. У выніку пасля 2024-га Пуцін мае права яшчэ на дзве кадэнцыі — то-бок да 2036 года.

Адметнасць. Пуцінскі перыяд у сучаснай гісторыі Расіі — гэта час перманентнага супрацьстаяння з Захадам. Больш ідэялагічнага, стратэгічнага, эканамічнага — аднак часам гучаць і выстралы, як у Грузіі ці ва Украіне.

Нурсултан Назарбаеў, Казахстан

Узрост: 81 год.

Колькі кіруе: 31 год.

Як прыйшоў да ўлады. Пра казахстанскага Елбасы зараз пішуць шмат і ўсюды, таму засяроджвацца на яго каларытнай фігуры доўга не будзем. Пяць разоў ён абіраўся прэзідэнтам — упершыню ў 1991 годзе. Ён і так рэкардсмен па часе, які правёў на чале дзяржавы, а калі дадаць яшчэ пару гадоў… Бо кіраваць яшчэ савецкім Казахстанам Нурсултан Назарбаеў пачаў у 1989-м, як першы сакратар мясцовага ЦК КПСС. Сапраўдны доўгажыхар у палітыцы.

 

3_428.jpg

Як працягваў паўнамоцтвы. Быць прэзідэнтам бясконца Елбасы змог шляхам рэферэндумаў (іх у Казахстане было некалькі). Паводле апошняй рэдакцыі, у Канстытуцыі запісана, што адзін і той жа чалавек не можа займаць пасаду кіраўніка дзяржавы больш за два тэрміны запар, але выключэнне зроблена менавіта для першага лідара нацыі. У выбарах-2015 за 74-гадовага кандыдата Назарбаева дакументальна прагаласавалі 97,75% выбаршчыкаў.

Адметнасць. Не прайшло і сямі гадоў пасля такой ашаламляльнай перамогі, як у Казахстане паўстала фатальнае пытанне: а, уласна кажучы, дзе ён дзеўся, народны кумір Нурсултан Абішавіч? Адказу няма. «Кіраваны» транзіт улады 2019-га фармальна перавёў Назарбаева на апорную пасаду старшыні Рады Бяспекі, зрабіўшы прэзідэнтам былога дыпламата Касыма-Жамарта Такаева, аднак уплыву на дзяржаўныя працэсы ўсемагутны Елбасы не страціў. Цяпер жа краіна ўздрыгнула ад масавых пратэстаў, там-сям людзі абрынулі прыжыццёвыя помнікі «вечнаму» свайму светачу, і, выглядае, яго зорка вось-вось згасне.

Ільхам Аліеў, Азербайджан

Узрост: 60 гадоў.

Колькі кіруе: 18 гадоў.

Як прыйшоў да ўлады. Самы малады ў нашым спісе, але ж і даволі порсткі. Кіраваць у Азербайджане пачаў у 41 год, афіцыйна набраўшы ў першым туры выбараў звыш 79 працэнтаў галасоў. Здаецца, адзіны сярод сённяшніх пастсавецкіх аўтакратаў, хто не быў членам КПСС. Проста не паспеў.

4_400.jpg

Як працягваў паўнамоцтвы. Двойчы і ў адзіным парыве азербайджанскі народ наласаваў на рэферэндумах. Спачатку было ліквідавана абмежаванне на колькасць прзідэнцкіх спроб для аднаго чалавека, а потым тэрмін павялічылі з пяці да сямі гадоў.

Адметнасць. Ільхам Аліеў — сын Гейдара Аліева, і гэта многае тлумачыць. Аліеў-старэйшы быў першым прэзідэнтам незалежнага Азербайджана, і калі надыйшоў час, фактычна перадаў уладу свайму сыну ў спадчыну.

Эмамалі Рахмон, Таджыкістан

Узрост: 69 гадоў.

Колькі кіруе: 29 гадоў.

5_369.jpg

Як прыйшоў да ўлады. Свае першыя прэзідэнцкія выбары Эмамалі Рахмон (тады яшчэ Рахмонаў) выйграў у 1994 годзе, калі краіна цярпела ад грамадзянскай вайны. Але кіраваць у Таджыкістане былы старшыня Кулябскага абкаму КПСС пачаў раней — у 1992-м, у якасці спікера Вярхоўнага Савета. Шляхам рэферэндумаў спачатку павялічыў прэзідэнцкі тэрмін з пяці да сямі гадоў, а потым атрымаў права выбірацца неабмежаваную колькасць разоў. Так і выбіраецца — ужо пяць кадэнцый запар. На шостую, калі Бог дасць здароўя, пойдзе ў 2027 годзе.

Як працягваў паўнамоцтвы. Як было адзначана вышэй, заставацца на кіруючай пасадзе Эмамалі Шарыпавічу дапамагалі ўсенародныя плебісцыты. Іх Рахмон праводзіў тройчы і заўсёды святкаваў элегантную перамогу.

Адметнасць. Тое, што ў Казахстане называецца Елбасы, у Таджыкістане гучыць як Пешвоі мілат. Што літаральна перакладаецца як Лідар нацыі, а ў статутах пазначана больш мудрагеліста: Заснавальнік міру і нацыянальнага адзінства — Лідар нацыі. Культ асобы Эмамалі Рахмона — жыццёвы побыт сучаснага Таджыкістана.

Гурбангулы Бердымухамедаў, Туркменістан

Узрост: 64 гады.

Колькі кіруе: 16 гадоў.

Як прыйшоў да ўлады. У сэнсе культу асобы Таджыкістану і Казахстану будзе цяжка дацягнуцца да свайго суседа Туркменістана. Ад снежня 2006-га там уладарыць Гурбангулы Бердымухамедаў. Вялікі Аркадаг (Заступнік) у краіне паўсюдны — і ўжывую ён навідавоку, і яшчэ адлюстраваны ў мясцовай тапаніміцы, прыжыццёвых помніках з сапраўднай пазалотай, на аверсах юбілейных манет. Што казаць, калі адметныя месцы ў Туркменістане называюць імёнамі нават бацькі і дзеда Гурбангулы Мялікгулыевіча.

7_179.jpg

Уладу дыпламаваны стаматолаг Бердымухамедаў атрымаў у 2006-м, пасля смерці папярэдняга прэзідэнта Сапармурата Ніязава. Дэталі той гісторыі такія, што некаторыя лічаць яе дзяржаўным пераваротам. Справа ў тым, што Канстытуцыя прадугледжавала прызначэнне «выконваючым абавязкі» старшыню меджліса Авезгельды Атаева, але раптам выявілася, што ён злачынца. Была заведзеная крымінальная справа, і ў хуткім часе лідар парламента атрымаў пяць гадоў зняволення. Ну і калі так, то што ж: Вярхоўным галоўнакамандуючым стаў міністр аховы здароўя Гурбангулы Бердымухамедаў.

6_258.jpg

Як працягваў паўнамоцтвы. Такой патрэбы ў Вялікага Аркадага няма. Туркменская Канстытуцыя не абцяжараная абмежаваннем колькасці прэзідэнцкіх тэрмінаў, таму на ўсё выключна воля народа. А народ не памыляецца — з кожнымі новымі выбарамі падтрымка лідара нацыі толькі расце. Паказчык апошняга волевыяўлення — 97,69 працэнта.

Адметнасць. Гурбангулы Бердымухамедаў — не першы кіраўнік Туркменістана, на якога не нарадуецца насельніцтва. Да 2006-га ўдзячнаму электарату прыходзілася насіць на руках іншага ўлюбёнца — вышэй згаданага Сапармурата Ніязава. Ён жа Вечна Вялікі Туркменбашы, ён жа Сердар (Правадыр). З культам асобы там таксама быў парадак — і залатыя помнікі, і выявы на купюрах, і нават знакамітая туркменская кніга-пуцяводнік «Рухнама». Яе раней і дзеці ў школе вывучалі. Але больш не вывучаюць, бо новы культ выцясняе папярэдні, а двум культам месца ў краіне няма.

Шаўкат Мірзіяеў, Узбекістан

Узрост: 64 гады.

Колькі кіруе: 5 гадоў.

Як прыйшоў да ўлады. Доўгі час — ажно 13 гадоў — Шаўкат Мірзіяеў быў ва Узбекістане прэм’ер-міністрам. Ці марыў узначаліць дзяржаву, невядома, бо марыць аб такім пры жывым прэзідэнце Ісламе Карымаве было небяспечна. Іншая справа, што з жыцця 78-гадовы аўтакрат Карымаў пайшоў у верасні 2016-га, пасля 25 год праўлення. Тут шлях да ўлады перад узбекскім прэм’ерам і адкрыўся. Прэзідэнтам абраўся ў 2016-м (88,61 працэнтаў галасоў) і пераабраўся ў 2021-м (80,31%).

8_126.jpg

Як працягваў паўнамоцтвы. Такой праблемы перад Мірзіяевым яшчэ не паўстала. Яго другі тэрмін скончыцца толькі ў 2026 годзе, і што там яшчэ здарыцца за гэты час. Зрэшты, калі што, рашэнне заўсёды можна будзе знайсці ў методыках папярэдніка. Карымаў неаднаразова падаўжаў сваё кіраванне, выкарыстоўваючы для гэтага стары, добры, правераны шлях — рэферэндум.

Адметнасць. Па сутнасці, тут таксама працуе алгарытм пераемнасці. Новы прэзідэнт працягвае справу старога, кіруючы цвёрдай рукой. Зрэшты, некаторая лібералізацыя назіраецца, але ці не будуць гайкі закручаныя на фоне падзей у суседнім Казахстане?

Фота Aa.com.tr, Kremlin.ru, АР, РІА «Новости», Asia-Plus, Reuters, CentralAsia, Sadat.