«Дзяржаўны рэкет». У бацькоў актывіста Андрэя Кулакова канфіскавалі маёмасць і грошы

Андрэй Кулакоў — віцебскі актывіст, уладальнік і кіроўца «Жывемабіля», які сваёй прысутнасцю падтрымліваў удзельнікаў мірных маршаў у Віцебску ў 2020 годзе. «Жывемабіль» некалькі разоў арыштоўвалі. Праз пераслед хлопец вымушаны быў пакінуць Беларусь.

948c6da449dd9e9a8a0203688019f914_xl.jpg

Супрацоўнікі аддзелу прымусовага выканання Першамайскага раёну Віцебску 3 снежня арыштавалі і адабралі маёмасць і грошы бацькоў віцебскага актывіста Андрэя Кулакова — уладальніка легендарнага «Жывемабіля», паведамляюць праваабаронцы.

Канфіскацыю правялі ў межах выканаўчага дакументу з патрабаваннем спагнаць з Кулакова 1160 рублёў штрафу, прысуджаных яму за «начны пікет» у верасні 2020 года. Андрэй Кулакоў, які знаходзіцца зараз за межамі краіны, назваў арышт маёмасці ягоных бацькоў рабаваннем.

Судовыя выканаўцы забралі ў бацькоў Андрэя Кулакова рэчы, ацэненыя імі на агульную суму 561 рубель, і грошы — 100 рублёў гатоўкай. Акт арышту і канфіскацыі падпісала загадчыца сектарам аддзелу прымусовага выканання Першамайскага раёна Віцебску Святлана Багдановіч.

«Гэта грабеж. Таму што ім было добра вядома, што я па тым адрасе не пражываў, што там жывуць мае бацькі і што маёмасць, якую яны забралі, мне не належыць. Той жа тэлевізар, які канфіскавалі, быў выраблены 15 гадоў таму, калі мне было ўсяго 13. Ясна, што я не мог тады набыць для сябе гэтую плазму ва ўласнасць. Мозг уключыць — і зразумела, што гэта не мая маёмасць, а бацькоў», — кажа Андрэй Кулакоў.

«Судовыя выканаўцы не мелі ніякага права гэта ўсё канфіскоўваць і наогул уваходзіць у кватэру, таму што на той момант у іх не было яшчэ рашэння суду», — дадае.

Гэта выглядае тым больш дзіўна, што, як сцвярджае Кулакоў, ён цягам апошніх месяцаў штодзень спраўна гасіў запазычанасць па штрафе невялікімі сумамі — па 10, 20, 30 капеек. Па ягоных падліках, зрабіў ужо каля сотні плацяжоў. Мае дакументальнае пацверджанне таго, што гэтыя сумы залічваліся ў кошт доўга: з аддзелу прымусовага выканання на хатні адрас дасылаліся заказнымі лістамі справаздачы.

«Гэта нейкі дзяржаўны рэкет»

6 снежня бацькі Кулакова цалкам пагасілі запазычанасць па штрафе сына. Арышт, накладзены на маёмасць, быў зняты.

«Гэта нейкі дзяржаўны рэкет: забралі маёмасць, якая не належыць даўжніку, і вымаганнем прымусілі людзей аплачваць чужы штраф», — кажа Андрэй Кулакоў.

Бліжэйшымі днямі Кулакоў мае намер накіраваць у Першамайскі РАУС Віцебску заяву з просьбай правесці праверку па факце рабавання і перавышэння службовых паўнамоцтваў супрацоўнікамі аддзелу прымусовага выканання ды распачаць супраць іх крымінальную справу.

volkswagen_transporter_t3_vitebsk20200816.jpg


Андрэй Кулакоў — віцебскі актывіст, вядомы як уладальнік і кіроўца «Жывемабіля», які сваёй прысутнасцю падтрымліваў удзельнікаў мірных маршаў у Віцебску ў 2020 годзе. «Жывемабіль» некалькі разоў арыштоўвалі.

У верасні 2020 года на Андрэя Кулакову і віцяблянку Марыю Волкаву завялі адміністрацыйную справу за «начны пікет» у вёсцы Лучынаўка Віцебскага раёну. У кастрычніку справу ў дачыненні Кулакова спынілі, але ў чэрвені 2021-га перагледзелі і аштрафавалі паводле арт. 23.34 КаАП на 40 базавых велічынь. У лістападзе 2020 года яго таксама судзілі за сярэдні палец, паказаны супрацоўнікам МУС (арт. 17.1 КаАП). Праз пераслед вымушаны быў пакінуць Беларусь.