Хронікі рэпрэсій 19 лістапада. 23 новых палітвязні і прысуд за жэст «вікторыя»

З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі звесткі пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі за 19 лістапада.

imgl7746.jpg

Палітвязняў стала яшчэ больш. Сёння беларуская праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі яшчэ больш за два дзясяткі чалавек. Гэта Данііл Раманаў, Марына Сочыўка, Артур Сцеп, Андрэй Жамейка, Валерый Адалеўскі, Віктар Кулеш, Мікалай Ласіцкі, Максім Пікун, Міхаіл Башкатаў, Іван Кірык, Алег Пасюк, Віталь Астрэйка, Кірыл Жалудок, Артур Чарняўскі, Андрэй Дуброўскі, Дзяніс Воўчак, Наталля Ляцко, Віталь Уласевіч, Андрэй Ханевіч, Вольга Раманцова, Кацярына Хулхачыева, Канстанцін Ніканораў, Міхаіл Нямцоў.


Сямейнай пары вынеслі прысуд за жэст «вікторыя» і бел-чырвона-белыя стужкі на акцыі пратэсту ў Мінску.

Мужа і жонку Віталя Мацюша і Наталлю Ганапольскую суд Ленінскага раёна Мінска асудзіў да трох гадоў «хатняй хіміі». Прысуд быў вынесены 27 кастрычніка суддзёй Юліяй Шчоткінай. Віталь да суда ўтрымліваўся ў СІЗА-1, Наталля знаходзілася на волі пад залогам.

Паводле следства, Ганапольскія, дэманструючы пратэстны знак у выглядзе жэсту «вікторыя», а таксама стужкі белага і чырвонага колераў, рухаліся па тэрыторыі горада Мінска ад Стэлы ў бок праспекту Незалежнасці, блакавалі і заступалі шлях транспартным сродкам, у выніку чаго іх дзеянні пацягнулі парушэнне працы і спыненне гарадскога пасажырскага транспарту.


Светлы чалавек Андрэй Раптуновіч

Былы палітзняволены падзяліўся ўспамінамі пра мастака Андрэя Раптуновіча, з якім яны некаторы час прабыў у карцары на Акрэсціна:

«Я з ім на Акрэсціна «лавіўся» ў чэрвені. Светлы чалавек! Кінулася ў вочы яго знявечаная фрызура. Ягоны лёс тады расчуліў у прамым сэнсе да слёз!

Нас у аднамесным карцары было тады да дванаццаці чалавек, і спалі, у літаральным сэнсе, адзін на адным. Клаліся я з Сашам ушчыльную, а на нас клаўся Андрэй, і паціхеньку праслізгваў паміж намі!

Пасля перасякаліся на Валадарцы, калі нас ставілі на «экстрэмісцкі прафулік». У калідоры, мімаходам. Ён быў тады ўжо коратка стрыжаны. Як і ўсе мы…»

Нагадаем, Раптуновічу прысудзілі чатыры гады калоніі за намер паехаць ва Украіну і далучыцца да батальёна Каліноўскага, а таксама за рэгістрацыю ў плане «Перамога».


Журналіст «Новага Часу» Дзяніс Івашын ужо 30 дзён без лістоў.

Пра гэта паведаміла жонка палітвязня Вольга Івашына. «У новай камеры Дзяніс Івашын ужо паспеў перазнаёміцца з двума сваімі суседзямі, уладкоўвае побыт, збірае досвед. Меўся ўжо перадаць супрацоўнікам гродзенскай вязніцы свае чарговыя лісты да сваякоў. Спадзяемся, яны не «згубяцца» па дарозе на пошту і не затрымаюцца надоўга з дастаўкай да нас. Бо за кожны знішчаны радочак я ў свой час спытаю з усіх адказных!», — напісала Вольга ў сацсетках.


Падтрымайце палітзняволеных братоў Яна і Алеся Папковічаў

Яна і Алеся Папковічаў затрымалі 2 верасня ў Мінску. Вядома, што Ян раней працаваў інкасатарам у «Белгазпрамбанку». Ён звольніўся 31 жніўня і 3 верасня з жонкай Анастасіяй планаваў з’ехаць у Польшчу. Аднак 2 верасня ў кватэру да Яна з ператрусам прыйшлі сілавікі. Анастасію затрымалі разам з мужам, але адпусцілі ў той жа дзень. Алеся затрымалі ў доме бацькоў у гэты ж дзень.

Вядома, што Яна збівалі, а потым на некалькі дзён змясцілі ў СІЗА КДБ. Яго паказвалі ў некалькіх сюжэтах БТ, дзе прадстаўлялі яго наймітам, які збіраўся ехаць на вайну ва Украіну.

Цяпер іх абвінавачваюць паводле арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, груба парушаючых грамадскі парадак»).

Падтрымайце палітвязняў грашовымі пераводамі, пасылкамі, медыцынскімі бандэролькамі, а таксама тэлеграмамі і лістамі салідарнасці: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2 (Ян Валер'евіч Папковіч, Алесь Валер'евіч Папковіч)