Палітвязень Акіхіра Гаеўскі-Ханада даслаў вестку з-за кратаў

Актывіст анархісцкага руху ўтрымліваецца за кратамі ўжо больш за 27 месяцаў. У Мінгарсудзе 6 верасня яму прысудзілі 16 гадоў калоніі. Нядаўна ён даслаў ліст на волю, паведамляюць праваабаронцы.

hanada.jpg


«…З аднаго боку, не магу ні парадавацца за тых, хто можа забяспечыць сабе нейкі спакой на чужыне. Але, з іншага боку, ёсць адчуванне пустой прасторы вакол, і, што самае галоўнае, пераконваюся ў істотнасці намаганняў тых, хто тут застаецца і тут працуе. Дзякуй, гэта вельмі патрэбны і бясцэнны ўклад».
Ягоны бацька — беларус Святаслаў Гаеўскі, трэнер па каратэ, родам са Слуцка. Мама — Тамока Ханада, працавала сакратаром па культуры японскай амбасады ў Беларусі.
Быў затрыманы 12 жніўня 2020 года каля 13-й гадзіны на аўтамабільнай паркоўцы.
Паглядзіце на пералік прад'яўленых абвінавачанняў:

  • ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя масавых беспарадкаў
  • ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — Навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаванне гэтай дзейнасці
  • арт. 342 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх
  • арт. 361 Крымінальнага кодэкса — Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь
  • арт. 218 Крымінальнага кодэкса — Наўмысныя знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці, здзейсненыя агульнанебяспечным спосабам альбо якія пацягнулі прычыненне шкоды ў буйным памеры
  • ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса — Хуліганства, здзейсненае групай асобаў
  • арт. 341 Крымінальнага кодэкса — Апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці
  • арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса — Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім
  • арт. 130 Крымінальнага кодэкса — Распальванне варожасці ці варажнечы
  • ч. 3 арт. 339 Крымінальнага кодэкса — Асабліва злоснае хуліганства
  • арт. 295-3 Крымінальнага кодэкса — Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў
  • ч. 1 арт. 285 Крымінальнага кодэкса — Стварэнне злачыннай арганізацыі альбо кіраўніцтва ёй
  • ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках


11 студзеня 2022 года справу, матэрыялы якой складаюць 160 тамоў, перадалі ў пракуратуру.
25 красавіка 2022 года ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся разгляд справы. Паводле хадайніцтва пракурора Рамана Бізюка суддзя Сяргей Хрыпач закрыў працэс. Прычына — «у матэрыялах крымінальнай справы ёсць матэрыялы экстрэмісцкай скіраванасці».
Праз 4,5 месяцы, 6 верасня 2022 г., быў вынесены прысуд Акіхіру: 16 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 700 базавых велічыняў (22 400 беларускіх рублёў ці больш за 8800 даляраў).
Пакуль Акіхіра і яшчэ дзевяць палітвязняў чакаюць апеляцыю. Кожны можа падтрымаць іх грашовымі пераводамі, пасылкамі, медыцынскімі бандэролькамі і тэлеграмамі.
Падтрымайце палітвязняў: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2.