«Так гартуецца сталь» — Лявон Вольскі пра гурт «Tor Band»

Лявон Вольскі напісаў пра беларускі рок і пра тое, як улада сваімі рукамі стварае новых герояў. Каб у Беларусі былі сапраўдныя чарты, дык «Tor Band» заняў бы са сваімі песнямі першыя тры радкі хіт-параду.

_mur___njavolja___vyjsce___vyhad___fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg


Знакаміты беларускі музыка ў калонцы для «Нямецкай хвалі» разважае пра сытуацыю з гуртам, які ўлада абвясьціла экстрэмісцкім фармаваньнем.
— Рок-гурт — гэта рамантыка. Гэта аб’яднаньне аднадумцаў. Ты лічыш сябе бунтаром, змагаром з клішэ ды штампамі, зрынальнікам заімшэлых помнікаў, ламальнікам стэрэатыпаў. Табе блізкія ідэі анархізму, ты ня любіш дзяржаву. Вакол цябе такія самыя апантаныя хлопцы. Вы пачуваецеся партызанскім атрадам ці то камандай карсараў, ці анарха-сындыкатам. Вы адрозьніваецеся ад натоўпу пакорлівых падпарадкаваных людзей — сваім выглядам (вопраткай, пірсынгам, тату, даўжынёй валасоў ці барады, палкімі вачыма), сваімі вольнымі паводзінамі, сваёй моваю.

Рок-музыкі ва ўсім сьвеце падобныя. Яны заўжды з чымсьці змагаюцца — нават у спакойных камфортных краінах знаходзяць з чым. Што ўжо казаць пра Беларусь! Тут для змаганьня мільён нагодаў! Тэмы літаральна валяюцца пад нагамі. А яшчэ калі ты ў сваім змаганьні трапляеш у мэйнстрым і разумееш, што твае ідэі блізкія дзясяткам (можа, і сотням) тысячаў людзей! Ты разумееш, што гэта можа быць не зусім бясьпечна, але спыніцца — значыцца здрадзіць сабе і сваім слухачам.


Чорны сьпіс

У адзін прыўкрасны дзень ты даведваесься пра тое, што твой рок-гурт патрапіў у чорны сьпіс. Ты адлучаны ад дзяржаўнай прэсы, цябе не запрашаюць на радыё і тэлевізію, FM-каналы таксама ігнаруюць цябе (ім апэратыўна даслалі сьпіс непажаданых выканаўцаў), недзяржаўныя канцэртовыя пляцоўкі па інерцыі спрабуюць з табой супрацоўнічаць, але ім тэлефануюць з «кампэтэнтных» ворганаў і настойліва рэкамэндуюць гэтым не займацца. У выпадку непадпарадкаваньня ў «няправільны» клюб прыходзіць кампэтэнтная камісія — санстанцыя, пажарнікі, падатковая інспэкцыя — і знаходзіць там процьму парушэньняў. На першы раз абмяжоўваюцца гіганцкім штрафам, а, маўляў, калі такое паўторыцца, дык пазбавіцеся ліцэнзіі і давядзецца зачыняцца. А зачыняцца ніхто ня хоча. І вось так цягнуцца гады — ты забаронены, граеш адно маленькія падпольныя канцэрцікі. Альбо вялікія, але за мяжой. А дзяржава цынічна й крывадушна адмаўляе існаваньне гэтых чорных сьпісаў і забаронаў. Маўляў, што вы, у нас свабодная краіна, не выдумляйце лухту! Гэта афіцыйна. А неафіцыйна працягвае цябе забараняць — адмысловыя людзі адсочваюць тваю актыўнасьць на радзіме, каб, крый божа, ты не зайграў якісьці бадзёры сэт у кавярні, бары ці рэстарацыі! Пільнуюць.

Усё гэта ціха робіцца «паводле няпісаных правілаў», негалосна. Як казаў калісьці лідэр, «зрэдзьчасу не да законаў». Як высьветлілася, ня зрэдзьчасу, а ў бальшыні выпадкаў.


«Вось яны, а вось мы»

Так было раней, да пераломнага 2020-га. Гэты год паставіў усё на свае мейсцы — «вось яны, а вось мы», як у вершы Бахарэвіча. Музыкі актыўна ўцягнуліся ў рэвалюцыйны працэс: падтрымлівалі народ, гралі на мітынгах, у гарадзкіх дварах. Хутка ўлада зразумела, што музыка кансалідуе і мабілізуе, і змаганьне з гэтай музыкай перайшло ў іншую фазу. Артыстаў пачалі саджаць. Напачатку гэта былі содні — за выступ на мітынгу, за дваровы канцэрт, потым пачалі даваць гады.

Ва ўсёй гэтай рэвалюцыйнай мітусьні, у гэтым кіпені, узьнікла новае імя — «Tor Band». Хлопцы зь невялікага паўднёвага гораду раптам уварваліся ў інтэрнэт з простымі, сумленнымі і бескампраміснымі песьнямі. Тэмы гэтых песьняў былі блізкія кожнаму, хто прагнуў зьмены ўлады ў краіне (а гэта, бадай, былі мільёны). Стыль выкананьня быў просты і востры, як сякера — мэлядовы хэві-рок. Каб у краіне былі сапраўдныя чарты, дык «Tor Band» заняў бы са сваімі песьнямі першыя тры радкі хіт-параду.

Пасьля тых падзеяў процьма музыкаў зьехала зь Беларусі. Бо кожны нейкім чынам спрычыніўся да пратэстаў, а помсьлівая ўлада паабяцала знайсьці і пакараць кожнага. А яшчэ таму, што пакуль існуе гэтая ўлада, канцэртаў на радзіме ня будзе. Бо забаронная схема даўно адпрацаваная.

Беларускія музыкі спрабуюць рэалізавацца за мяжою. З розным посьпехам, як гэта заўжды бывае.


Найлепшае прызнаньне заслугаў

«Tor Band» застаўся. Яны нікуды не паехалі са свайго невялікага паўднёвага гораду.

І, натуральна, урэшце па іх прыйшлі. Спачатку інкрымінавалі ўдзел у пратэстах, а потым прыйшла вестка: гурт «Tor Band» афіцыйна абвешчаны «экстрэмісцкім фармаваньнем». Гэта першы выпадак у беларускай (відаць, і эўрапейскай) гісторыі, калі гурту проста за творчасьць, за музыку і словы, навешваюць на грудзі гэтую рэгалію — «экстрэмісцкае фармаваньне»! Атрымаць ад іржавай неразумнай дзяржавы, ад якой на тысячы кілямэтраў тхне балотам, такое ганаровае званьне — гэта найлепшае прызнаньне тваіх заслугаў!

Памятаеце, з чаго ўсё пачыналася? Рок-гурт — гэта рамантыка, гэта бунт, гэта ломка заімшэлых стэрэатыпаў… Але ўсё адно, гэта крыху падавалася нейкай, хоць небясьпечнай, але гульнёю. А цяпер цябе на дзяржаўным узроўні за тваю музыку, за твае вершы прызнаюць небясьпечным для ўлады экстрэмістам! Каб гэта ўсё яшчэ не было зьвязана са звыклай савецка-беларускай схемай — турмой, зьдзекамі, допытамі і іншымі атрыбутамі сталінізму. Калі разам з табою, каб, калі што, паўзьдзейнічаць на цябе, забіраюць і тваю жонку. У дадзеным выпадку адбылося менавіта так.

Але неразумная ўлада да канца ня ведае, што робіць. Яна сваімі рукамі стварае новых герояў, якім будзе верыць народ.

Так гартуецца сталь.