На ўдзельнікаў гурта Tor Band завялі крымінальныя справы
Супраць трох удзельнікаў гурта Tor Band завялі крымінальныя справы і перавялі ў гомельскае СІЗА, паведамляюць праваабаронцы.
Трох удзельнікаў рагачоўскага гурта Tor Band — Яўгена Бурло, Дзмітрыя Галавача і Андрэя Ярэмчыка — перавялі ў гомельскае СІЗА. Гэта значыць, што супраць усіх удзельнікаў заведзеная крымінальная справа. Па якім артыкуле — дакладна не вядома.
Музыкаў разам з жонкамі затрымалі 28 кастрычніка ў Рагачове. У канцы снежня паведамлялася, што музыкі не выйшлі на волю пасля 60 сутак арышту.
16 студзеня гурт Tor band быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем». Гэта першы музычны гурт, які ў Беларусі займеў статус «экстрэмісцкага фарміравання».
Вядома, што жонка Дзмітрыя Галавача Юлія, якую затрымлівалі разам з музыкамі і таксама абазначылі як удзельніцу экстрэмісцкага фармавання, знаходзіцца ў бяспецы.
Tor band — вядомы беларускі гурт. Іх кліпы на песні «Мы — не "народец"», «Жыве», «Кто, если не ты?!» набралі больш за мільён праглядаў на YouTube.