Тры вагоны калійных угнаенняў за палітзняволеных
Гэта няпраўда, што гісторыя анічому не вучыць. Праблема толькі ў тым, што не ўсе жадаюць у гісторыі вучыцца. І спадзяюцца гэтую самую гісторыю падмануць. Вось у апошні час даводзіцца сустракаць шмат меркаванняў, што трэба выкупаць зняволеных з-за кратаў.
Пад гэтыя меркаванні падводзіцца шмат аргументаў, якія даказваюць і маральнасць падобнай з’явы, і ейную гуманнасць, і натуральнасць, і прыводзяцца спасылкі, што ў гісторыі такое ўжо было. Такое адчуванне, што хутка па «юцюб» пачнуць круціць сацыяльную рэкламу, што патрэба плаціць выкуп за зняволеных закладзена ў самой чалавечай прыродзе.
Ад Цэзара да Рычарда
Так, гісторыі вядома вялікая колькасць прыкладаў, калі за захопленых ворагамі ці злачынцамі людзей выплачваўся выкуп. Адным з найбольш ранніх і, бадай, вядомых выпадкаў быў захоп кілікійскімі піратамі зусім яшчэ маладога Юлія Цэзара. Яны хацелі прасіць за яго выкуп у 20 талентаў срэбра. Але абураны Цэзар, якому тады было 25 гадоў, настаяў на тым, каб памер выкупу быў падвышаны да 50 талентаў (гіганцкая, між іншым, сума ў той час). Узрадаваныя піраты атрымалі выкуп, а Юлій Цэзар — свабоду. Вось толькі інвеставаць атрыманае срэбра ў падвышэнне сваёй ваеннай моцы ці ў міжнароднае прызнанне піраты не паспелі: Цэзар імгненна арганізаваў пагоню, захапіў пірацкі флот і ўкрыжаваў усіх піратаў да апошняга. Захопленыя скарбы, зразумела, ён пакінуў сабе.
У сярэднявечнай Еўропе (асабліва на тэрыторыі цяперашняй Францыі) выкуп зрабіўся папулярнай і распаўсюджанай з’явай. Захопленыя ў палон падчас войнаў рыцары ператвараліся ў добры тавар, за які ў родных гэтых рыцараў прасілі добрыя ж сумы. Так, выкуп, роўны двухгадавому прыбытку англійскай кароны, быў у 1192 годзе запатрабаваны імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі Генрыхам VI за вызваленне караля Англіі Рычарда І Львінае сэрца.
Варта адзначыць, што ў той час практыка выкупу эфектыўна абараняла жыццё палоннага рыцара, бо ягоная смерць не прыносіла выгады нікому. Праўда, камфортнасці жыцця гэта ўсё роўна не забяспечвала, бо неабходнасць набраць грошы на выкуп штурхала родзічаў палоннага (ці яго самога) на захоп дзеля выкупу іншых. Як гэта зрабіў той самы Рычард Львінае сэрца (пакінуўшы імператару за сябе заложнікаў), які не адзін горад абрабаваў, каб аплаціць сваю свабоду. Як заўжды, зло нараджала зло.
Адзіны, бадай, прыклад, калі захоп палоннага ператвараўся ў дабро, тычыцца практыкі, прынятай на ранніх этапах існавання ісламскай грамады (VII стагоддзе нашай эры). Тады палонны (ці палонная) атрымлівалі свабоду, калі былі пісьменнымі і навучалі чытаць і пісаць дзесяць мусульман.
Піраты і Хезбала
Як тое ні дзіўна (а ў наш час, падаецца, ужо не здзіўляе анічога), традыцыя захопу дзеля выкупу працягвае існаваць. Напрыклад, гэтым займаюцца самалійскія піраты. Таямніцамі сваёй прафесіі яны ахвотна дзеляцца з журналістамі, таму мы можам зразумець, чым яны матывуюцца пры выбары ахвяры. У іх існуе шырокае сеціва разведчыкаў у партах суседніх з самалійскім узбярэжжам краін, праз якіх яны даведваюцца, якія караблі неўзабаве апынуцца ў дасяжнай для іх зоне.
Пасля гэтага яны вызначаюць, хто з уладальнікаў гэтых караблёў найхутчэй пагодзіцца на перамовы наконт выкупу, бо звязвацца з нейкімі «праблемнымі» бізнесоўцамі і кампаніямі, якія могуць уперціся, будзе сабе даражэй. Высветліўшы ўсё гэта і абраўшы цэль, якая будзе лёгкай для захопу і важнай для вядзення перамоў пра выкуп, яны пачынаюць дзейнічаць.
Дарэчы, калі хто хоча зрабіць бізнес на марскіх перавозках і пры гэтым мае схільнасць да выплаты выкупу, дык сярэдняя «такса» піратаў за карабель складае 5 млн долараў. І таксама варта звярнуць увагу на тое, што, з пункту гледжання нават тых урадаў, якія пагаджаюцца на выкуп, заплаціць піратам і заплаціць тэрарыстам — гэта дзве вялікія розніцы.
ХХ стагоддзе прынесла росквіт яшчэ адной разнавіднасці бізнесу па захопе людзей — палітычнага кіднэпінгу. Звычайна гэтым займаліся ўзброеныя групоўкі ў краінах Лацінскай Амерыкі. Яны захоплівалі палітыкаў, суддзяў, адвакатаў, іншаземцаў. Мэты пры гэтым маглі быць рознымі: ціск на ўрад, запалохванне, псаванне адносін паміж краінамі. Але атрыманне грошай заўжды было адным з асноўных матываў.
З той жа матывацыяй дзейнічалі і сумнавядомыя Аль-Каіда і Ісламская дзяржава. Яны захоплівалі іншаземцаў (як і самалійскія піраты, абіралі прадстаўнікоў найбольш багатых дзяржаў) і патрабавалі за іх выкуп. Гэта спарадзіла гарачую дыскусію паміж тымі, хто лічыў, што выкуп можна плаціць дзеля выратавання чалавечых жыццяў, і тымі, хто бачыў у выплаце выкупу адсутнасць і маралі, і розуму, паколькі такія паводзіны не толькі фінансуюць злачынную арганізацыю, але і стымулююць яе да далейшых захопаў.
У выніку частка краін выкупалі сваіх грамадзян. Як пісала ў сярэдзіне мінулага дзесяцігоддзя «The New York Times», Аль-Каіда атрымала ад еўрапейскіх урадаў і арганізацый мільёны долараў. На што «The Washington Post» адрэагавала заўвагай, што лепш бы гэтыя ўрады і кампаніі інвеставалі ў гарантаванне бяспекі сваіх грамадзян, а не стымулявалі бізнес па захопе заложнікаў.
Злучаныя Штаты таксама маюць сумны досвед гандлю заложнікамі. Гэта адбылося ў пачатку 1980-ых, калі на Блізкім Усходзе ліванская радыкальная групоўка Хезбала захапіла некалькі амерыканскіх грамадзян. Тагачасны амерыканскі прэзідэнт Рональд Рэйган «павёўся» на кранальныя звароты родзічаў заложнікаў і пагадзіўся заключыць здзелку з рэжымам іранскіх аятолаў. У адпаведнасці з гэтай здзелкай Іран, які знаходзіўся пад міжнароднымі санкцыямі, употай атрымліваў амерыканскую зброю ў абмен на ціск на Хезбалу з мэтай вызваліць заложнікаў.
Нелегальны бізнес, распачаты гандлем людзьмі, пайшоў настолькі паспяхова, што пасля вызвалення заложнікаў амерыканцы працягвалі пастаўляць у Іран зброю — цяпер ужо дзеля фінансавання атрадаў контрас у Нікарагуа. Калі ўся гэтая незаконная і амаральная схема была выкрыта, выбухнуў каласальны скандал. Шэраг чыноўнікаў трапілі пад суд. Рэйган, папулярнасць якога ў выніку гэтага скандалу значна ўпала, быў вымушаны выбачацца перад нацыяй у сваім звароце з Авальнага кабінета.
Пасля гэтага ЗША катэгарычна адмаўляліся плаціць выкуп за сваіх грамадзян. Што каштавала жыццяў. У 2012-ым у Сірыі быў захоплены журналіст Джым Фоулі. За ягонае жыццё захопнікі патрабавалі 132 мільёны долараў. Выкуп не быў выплачаны. Не былі паспяховымі і спробы вызваліць яго сілай. Пасля таго, як журналісту захопнікі адсеклі галаву, ягоныя родзічы абвінавацілі кіраўніцтва ЗША, што тое не толькі не зрабіла ўсяго магчымага для вызвалення Джыма, але і забараніла весці любыя перамовы наконт выкупу. Асоба таго чалавека, які непасрэдна забіў журналіста, была высветлена. Ён быў ліквідаваны кропкавай атакай дрона. Увогуле, амерыканцы аддаюць перавагу не пошукам шляхоў суіснавання з праблемай, а яе вырашэння.
У абмен на ежу і калійныя ўгнаенні
Бывае, што ў якасці «паспяховага» прыкладу гандлю людзьмі прыводзяць выпадак, калі капіталістычная ФРГ выменьвала ў сацыялістычнай ГДР палітзняволеных на тавары і пэўныя сумы грошай. «Выменьвала» — мяккі тэрмін. Звычайна гэты працэс у літаратуры пазначаецца як «гандаль палітычнымі зняволенымі». Нямецкі даследчык Штэфан Воле пазначыў канцэпцыю гэтага гандлю для ўсходненямецкага боку як «утылізацыю таксічных палітычных адкідаў». А Воле ведаў, пра што казаў: адразу пасля аб’яднання Германіі ён працаваў у архівах Штазі.
Да пачатку 1960-х гадоў абапал мяжы, якая аддзяляла ФРГ ад ГДР, склаліся спрыяльныя ўмовы для такога гандлю. Аднаму боку (усходняму, сацыялістычнаму) бракавала спажывецкіх тавараў, цвёрдай валюты ды меліся іншыя праблемы ў эканоміцы. Затое, як у любой краіне, пазбаўленай палітычнага плюралізму і павагі да правоў чалавека, было багата людзей, якія чамусці не жадалі дэманстраваць сваю радасць з той нагоды, што ім выпала жыць у адным з баракаў сацыялістычнага лагера. І як і ў любой падобнай краіне, на такіх людзей палявала тайная паліцыя, якая ўмомант пераводзіла іх у катэгорыю палітзняволеных.
А Штазі ўмела працаваць. Гэта была найбуйнейшая спецслужба ў свеце ў супастаўленні з агульнай колькасцю насельніцтва краіны. Ад 180 да 250 тысяч немцаў пабывалі ў ГДР за кратамі па палітычных абвінавачаннях. Да канца 1961-га кожны трэці зняволены ў ГДР меў прысуд за «злачынства супраць дзяржавы». Вялікая колькасць з іх атрымлівала турэмныя тэрміны за спробу перабегчы на Захад. Турмы заўжды былі перапоўненымі, умовы ўтрымання ў іх былі блізкімі да катавальных.
Па іншы бок мяжы быў эканамічны росквіт, другая па трываласці, пасля амерыканскага долара, валюта — дойчмарка, і не было палітычных зняволеных. Але было вялікае спачуванне да тых, хто знаходзіўся ў турмах на Усходзе. Праз апеляцыю да гуманнасці некаторыя заходненямецкія арганізацыі (у першую чаргу рэлігійныя) пачалі ціснуць на ўрад ФРГ з заклікам «зрабіць ну хоць што-небудзь» дзеля палягчэння лёсу ўсходніх немцаў, падводзячы размовы пад ідэю перамоў з настуным варыянтам выкупу.
А тут яшчэ Фідэль Кастра нечакана дапамог. Ён абмяняў больш за тысячу палонных, захопленых у выніку правалу дэсантнай аперацыі ў заліве Качынас, на медыкаменты і прадукты харчавання на суму 53 млн долараў. Праўда, Фідэль мяняў палонных і адзінамомантна. Для ГДР жа гаворка ішла пра гандль сваімі ўласнымі грамадзянамі на пастаяннай аснове. А ўрад ФРГ мусіў аказваць гэтаму гандлю актыўнае садзеянне.
Але «гуманныя матывы» перамаглі. Па выніку сакрэтных перамоў на Раство 1962-га была вызвалена першая партыя палітзняволеных колькасцю ў 20 чалавек. ФРГ за гэта расплацілася трыма вагонамі калійных угнаенняў. Наступны абмен адбыўся ўжо ў пачатку 1963-га. Тады за групу ў восем чалавек расплаціліся грашамі. Але ў далейшым вырашылі грошы не выкарыстоўваць, бо атрымліваўся ну зусім ужо чысты гандаль людзьмі. Расплачваліся таварамі: кавай, трапічнай садавіной, алеем. У сярэднім за адну «галаву» выплачвалі эквівалент у 20 000 дойчмарак. Потым, праўда, апетыты «ўсходнікаў» выраслі: пад канец 80-ых зняволены ішоў ужо па 90 000 за штуку.
Перадача вызваленых людзей на Захад была сакрэтнай аперацыяй. Спачатку іх прывозілі на ўсходненямецкіх аўтобусах у які-небудзь глухі закутак побач з мяжой, дзе яны перасаджваліся ў аўтобусы заходненямецкія. Але потым схему спрасцілі: з’явіўся адзін аўтобус, які меў адначасова заходне- і ўсходненямецкую рэгістрацыю. Да мяжы ГДР ён ехаў на заходніх нумарах, а пасля перасячэння, каб не прыцягваць увагі, кіроўца націскаў на кнопку, і нумары аўтаматычна пераварочваліся на ўсходненямецкія — як у фільмах пра Джэймса Бонда. Усяго ў рамках гэтай схемы, якая функцыянавала 26 гадоў, было вызвалена 33755 палітзняволеных, за якіх кіраўніцтва ГДР атрымала грошай і тавараў на суму, эквівалентную 3 436 900 755 дойчмаркам і 12 пфенігам.
Ці паўплываў гэты абмен нейкім станоўчым чынам на агульную сітуацыю з палітзняволенымі на Усходзе? Не. Бізнес ішоў добра, а калі бізнес ідзе добра, трэба ствараць яму спрыяльныя ўмовы: павялічваць колькасць зняволеных, каб было кім гандляваць, і пагаршаць умовы ўтрымання, каб «заходнікі» ахвотней плацілі.
З 1968-га былі ўведзены больш жорсткія пакаранні па «палітычных» артыкулах. У 1972-ім кіраўніцтва ГДР абвясціла амністыю. У выніку на волю выйшлі тысячы грамадзян, якія мелі прысуд па палітычных артыкулах. Але радасць ад гэтай падзеі была заўчаснай. Ужо ў наступным, 1973-ім, амаль адначасова былі кінуты за краты больш чым 46 000 чалавек. У далейшым у сярэднім штогод з’яўлялася ад трох да пяці тысяч новых палітзняволеных. У канцы 70-ых адбылося чарговае ўзмацненне жорсткасці прысудаў па палітычных матывах.
Як заўжды, амаральны бізнес суправаджаўся і амаральнымі паводзінамі ўдзельнікаў здзелкі. Пры правядзенні гандлю заходненямецкі бок не меў поўнай інфармацыі пра зняволеных, таму ўсходнім немцам час ад часу ўдавалася «прадаць» чалавека, які ўжо быў на свабодзе. Як паказалі архівы Штазі, на гэтых «фэйкавых» здзелках ГДР атрымала некалькі мільёнаў заходненямецкіх марак. Гэтаму спрыяла і тое, што толькі 40% вызваленых праз дамоўленасць паміж ГДР і ФРГ выязджалі на Захад. Астатнія проста не ведалі пра такую магчымасць. Як, уласна, ніхто з іх не ведаў, праз што яны атрымалі свабоду.
***
Дык чаму, у выніку, вучыць гісторыя? Таму, што гандаль людзьмі заўжды быў амаральным бізнесам. Што праз выкуп можна даць палёгку аднаму, але адбудзецца гэта абавязкова за кошт росту пакут для іншых. Што праблема заложнікаў такім чынам не вырашаецца, а толькі павялічваецца. Хоць пры гэтым ніхто плаціць выкуп не забараняе. На гэты конт ёміста выказаўся Бернард Рыкс — лорд-апеляцыйны суддзя Англіі. У 2011 годзе, пры вынясенні рашэння па справе аб выкупе, ён казаў: так, ніхто не забараняе плаціць выкуп, але, незалежна ад таго, чаго вы жадаеце праз гэта дасягнуць, вы заахвочваеце злачынцаў на спагнанне яшчэ большага выкупу.