Гэты дзень 60 гадоў таму зьмяніў музыку назаўжды
Джон, Пол, Джордж і Рынга зрабілі рэвалюцыю. Чацьвёра хлопцаў з Ліверпуля прыйшлі ў студыю гуказапісу і за адзін дзень запісалі свой першы альбом у далёкім 1963 годзе. The Beatles не маглі інакш. Уварваньне на сусьветную сцэну адбылося. Што гэта было?
Please Please Me — менавіта такую назву атрымала ўвыніку гэтая плытка.
Перш чым прыняць рашэньне аб назве «Please Please Me», прадусар Джордж Марцін і Пол Макартні разглядалі магчымасьць назваць альбом «Off the Beatle Track».
— гэта словы Джона Ленана, якія ён напісаў праз дзесяць зь лішнім гадоў пасьля таго гістарычнага дня.
12 гадзінаў неперарыўнага запісу і сьпеваў. Ленан зрывае свой голас, а плытка «Please Please Me» у выніку заняла 39-е месца ў спісе «500 найлепшых альбомаў усіх часоў» паводле рэйтынгу часопіса «Rolling Stone».
Студыя EMI на Эбі Роўд у Лёндане — верагодна, самая знакамітая з усіх іншых студый гуказапісу ў сьвеце. У тую самую раніцу 11 лютага 1963 года чацьвёра маладзёнаў прыехалі ў месца, якое стане домам для іх і месцам запісу вечнай музыкі. Як узгадваў пазьней гукарэжысэр, які мусіў працаваць з квартэтам ліверпульцаў, была вельмі тыповая халодная брытанская раніца, у супрацоўнікаў студыі чакаўся звычайны працоўны дзень.
«Мы дапамаглі ім завезьці ўсё абсталяваньне і наладзіць апаратуру, але ўзмацняльнікаў не было, трэба было шукаць новыя. Я залез у скрыні з дынамікамі, каб пачысьціць іх, выкінуць бруд, які лёгка туды набіваўся. Там было безьліч скамечаных кавалкаў папераў, я паглядзеў — гэта былі цыдулкі ад паненак з танцполу. Напярэдадні ўвечары яны давалі канцэрт. Там было напісана: калі ласка, заграйце гэта, калі ласка, заграйце тое, вось мой нумар тэлефона (Please play this, please play that, this is my phone number). Яны відавочна чыталі гэтыя паперкі і закідвалі ў скрынкі ад дынамікаў», — казаў Рычард Лэнгэм, які адказваў за запіс.
Першая сэсія запісу пачалася а 10 раніцы. The Beatles стварылі 10 дубляў «There’s A Place» і дзевяць «I Saw Her Standing There», якая ў той час мела працоўную назву «Seventeen». А 13 гадзіне быў перапынак, і супрацоўнікі студыі пайшлі па заслужаную пінту піва, але калі яны вярнуліся, убачылі неверагоднае: гэтая чацьвёрка працягвае працаваць. Так ніхто не рабіў у гэты час. Абед ёсьць абед.
Другая сэсія пачалася а 14.30 і скончылася а 18 гадзіне. The Beatles пачалі працу над «A Taste Of Honey». Лепшай вэрсіяй стаў пяты дубль, на якім Пол Макартні падвойваў свой вакал. У прамежку паміж запісам асноўнага трэка для «A Taste Of Honey» і вакальным накладаньнем гурт запісаў восем дубляў «Do You Want To Know A Secret» з Джорджам Харысанам.
Скончыўшы гэтыя дзьве песьні, Джон Ленан з трох спробаў запісаў накладаньне на губным гармоніку на песьню «There’s A Place» і дадаў воплескі рук, каб дарабіць «I Saw Her Standing There». Апошняй песьняй, якую плянавалася запісаць у другой палове дня, стала «Misery».
Трэцяя за дзень сэсія праходзіла з 19.30 да 22.45. The Beatles спачатку запісалі 13 дубляў «Hold Me Tight», якая пазьней будзе пераробленая для іх другога альбома With The Beatles. Затым яны запісалі тры дублі "Anna (Go To Him)", за якімі адбыўся ўсяго адзін запіс песьні "Boys", з удзелам Рынга Стара адначасова на вакале і на барабанах.
Далей былі яшчэ дзве кавэр-вэрсіі песьняў. Джордж Харысан прасьпяваў "Chains". Потым The Beatles выканалі песьню «Baby It's You» у тры дублі з Ленанам на галоўным вакале.
У гэты час было каля 10 гадзінаў вечара, калі студыя EMI звычайна зачынялася. Гурту, аднак, яшчэ заставалася запісаць адну песьню. У сталоўцы адбылася дыскусія, што гэта павінна быць, і прагучала некалькі прапановаў. Нехта прапанаваў выканаць «Twist And Shout», стары гіт Isley Brothers, з Ленанам на вакале. Але да гэтага часу горла не працавала ўжо ва ўсіх, больш за ўсё акурат у Джона. Усе разумелі, што запіс павінны быць зьдзейсьнены з першай жа спробы. Джон Ленан зьеў пару цукерак для горла, трохі папаласкаў горла малаком, і яны зрабілі гэта.
Усе ў студыі ведалі, што сталі сьведкамі чагосьці сапраўды асаблівага, і пасьля завяршэньня запісу The Beatles дапаўзлі да адмысловага пакоя, каб паслухаць прайграваньне.
Праз месяц альбом трапіў на паліцы. Please Please Me узначальваў брытанскія чарты на працягу 30 тыдняў! Такога посьпеху не было ніколі раней. Рок-музыка The Beatles зьмяніла ўсё. Музычны сьвет атрымаў сапраўдную рэвалюцыю.
Дзённая сэсія гуказапісу каштавала 400 фунтаў. Напэўна, лепшыя 400 фунтаў, якія былі выдаткаваныя на музыку ў гісторыю.
Нагадаем, у гэтыя часы сьвет быў ахоплены халоднай вайной. Паглядзім, які альбом у 1963 годзе меў больш за ўсё продажаў у сацыялістычным раі. Паводле архіўных зьвестак, савецкія людзі адрываліся пад гіт Льва Барашкова «Главное, ребята, сердцем не стареть».
Запрашаем параўнаць гучаньне.
Жыве рок-н-рол!