Беларусь будзе рабіць ваенныя беспілотнікі і выгадна прадаваць. Ці ўсё яшчэ беларусы — «мірныя людзі»?

Беларусь плануе наладзіць серыйную вытворчасць мадэрнізаваных ваенных дронаў, але толькі тых, што эканамічна выгадныя! Пра гэта заявіў кіраўнік Дзяржкамваенпрама Беларусі Дзмітрый Пантус.

_mileks_2021___armija___zbroja___belarus__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__4__logo.jpg

У Беларусі маюць намер арганізаваць серыйную вытворчасць беспілотнікаў для ваенных патрэбаў. Некаторыя з іх збіраюцца мадэрнізаваць. Але плануецца вырабляць толькі некаторыя БПЛА, паколькі праца па асобных тыпах «эканамічна немэтазгодная».

Так, паводле слоў кіраўніка Дзяржкамваенпрама Беларусі Дзмітрыя Пантуса, у кастрычніку 2022 года кампанія прадставіла лінейку дронаў, якія нібыта былі распрацаваны і вырабляюцца ў Беларусі, адзначае korrespondent.net.

«На сённяшні момант наша праца сканцэнтраваная на арганізацыі серыйнай вытворчасці даных тыпаў беспілотнікаў. І, вядома, асобныя мадэлі перажываюць пэўныя змены і мадэрнізуюцца», — адзначыў Пантус на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі.

Прычым Пантус удакладніў, што плануецца вырабляць толькі некаторыя БПЛА, паколькі праца па асобных тыпах «эканамічна немэтазгодная».


Нагадаем, Лукашэнка сёння, 27 лютага, на нарадзе па пытаннях фінансавання закупак прадукцыі вайсковага прызначэння заявіў, што нягледзячы на санкцыі, Беларусь разам з Расіяй вырабляе розныя тыпы ўзбраенняў і прадае іх у 57 краін. І наша краіна, нібыта, асвойвае «новыя запатрабаваныя кірункі». Кіраўнік Беларусі заявіў, што наша краіна ў вытворчасці зброі асвойвае «новыя запатрабаваныя напрамкі — рэактыўныя снарады, артылерыйскія боепрыпасы буйнога калібру».

«Хачу адзначыць, што, нягледзячы на беспрэцэдэнтны санкцыйны ціск, мы вырабляем дастаткова ўзбраення і ваеннай тэхнікі для патрэб беларускай арміі. Гэта звязана з тым, што ўсё, што нам трэба — я маю на ўвазе зброю, «жалеза» — мы папросту атрымліваем з Расіі. А тое, што тычыцца мікраэлектронікі, оптаэлектронікі, оптыкі і іншага — хвала тым, хто захаваў вытворчасць, якая дасталася нам ад Савецкага Саюза. І такім чынам разам з Расіяй мы можам вырабляць любыя тыпы ўзбраення», — адзначыў Лукашэнка.

Беларусь, нібыта, цяпер вырабляе столькі зброі, што «можа сабе дазволіць таксама экспартаваць дадзеную прадукцыю ў 57 краін свету, што і робіць».

На нарадзе адзначалася, што таксама плануе наладзіць вытворчасць снарадаў для артылерыі і РСЗА, а раней казалася і пра магчымасць вытворчасці самалётаў.

Як пісаў НЧ, пра планы рабіць у Беларусі дроны супольна з Кітаем казалася яшчэ ў 2018 годзе. Беспілотнікі збіраліся распрацоўваць і выпускаць у беларуска-кітайскім індустрыяльным парку. Распрацоўкай і прадукцыяй беспілотных авіяцыйных комплексаў тады збіралася займацца сумеснае беларуска-кітайскае прадпрыемства «Авіяцыйныя тэхналогіі і комплексы». Фірма створаная Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі супольна з адным з найбуйнейшых авіявытворцаў у свеце — кампаніяй AVIC. Устаноўчы сход фірмы адбыўся на пачатку красавіка 2018 года ў кітайска-беларускім індустрыяльным парку «Вялікі камень». Нагадаем, AVIC — найбуйнейшая кітайская дзяржаўная авіяцыйная кампанія, якая выпускае сёння больш за 60 відаў лятальных апаратаў, актыўна інвестуе ў распрацоўку стварэння авіяцыйнай тэхнікі і кампанентаў па ўсім свеце.