У Расіі паніка з-за дронаў — ад Піцера да Туапсэ. Што адбываецца?

Паведамленні пра масавую атаку беспілотнікамі прыйшлі з некалькіх рэгіёнаў Расіі, у тым ліку з Падмаскоўя і Санкт-Пецярбурга. Украіна публічна не ўзяла на сябе адказнасці за гэту атаку на тэрыторыю Расіі.

_belarus_zbroja_vojska_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__8___1__logo.jpg

За апошнія суткі Расія зведала адзін з самых маштабных нападаў беспілотнікаў. Паведамленні пра з’яўленне дронаў прыйшлі з некалькіх расійскіх рэгіёнаў. У прыватнасці, пра абломкі трох дронаў паведамілі ў Белгарадзе, пра пажар на нафтабазе ў Туапсэ Краснадарскага краю, збіццё «ўкраінскіх» БПЛА ў Бранскай вобласці і Адыгеі, падзенне дрона ў Падмаскоўі.

Таксама праз «неўстаноўлены аб'ект» у Санкт-Пецярбургу паднялі знішчальнікі, а аэрапорт Пулкава больш за гадзіну не прымаў і не адпраўляў авіярэйсаў.

У Расіі пачынаюць непакоіцца, што гэта была толькі прэлюдыя перад сапраўдным ударам і што беспілотнікі на тэрыторыі РФ маглі дапамагчы выявіць размяшчэнне расійскіх аб'ектаў СПА і іх рэжым працы.



Асабліва грамадскасць занепакоіла інфармацыя, што раніцай у аўторак непадалёк ад газакампрэсарнай станцыі ў Каломенскім раёне Маскоўскай вобласці ўпаў яшчэ адзін дрон.

У гэтым удары беспілотнікамі ёсць некалькі асаблівасцей, што адрозніваюць яго ад астатніх нападаў. Так, упершыню дрон даляцеў да Падмаскоўя. Гэта азначае, што патэнцыйна пад ударам можа апынуцца і Масква з яе ўрадавымі будынкамі, крытычна важнымі аб'ектамі інфраструктуры і насельніцтвам.

Глядзіце, што нарабіў дрон у Туапсэ. Фота з сацсетак

Глядзіце, што нарабіў дрон у Туапсэ. Фота з сацсетак


Белгарад, Туапсэ, Адыгея, Бранская вобласць. Што здарылася?

У Бранскай вобласці ноччу зафіксавалі атаку трох беспілотнікаў-камікадзэ. Мясцовыя ўлады падазраюць, што дроны запусцілі з боку Украіны. У выніку пацярпела вышка мабільнай сувязі.

Каля паўночы яшчэ чатыры беспілотнікі з выбухоўкай зваліліся ў Белгародскай вобласці. Як паведамляе «База», два з іх упалі каля жылых дамоў і пашкодзілі чатыры аўтамабілі, яшчэ адзін разбіўся аб сцяну — яго абломкі патрапілі ў адну з кватэр, а ўсіх жыхароў дома давялося эвакуіраваць. Чацвёрты дрон упаў на дах супермаркета і выбухнуў, пасля чаго пачаўся пажар.

У Рэспубліцы Адыгея таксама паведамілі, што каля дзвюх гадзін ночы быў зафіксаваны выбух у раёне пасёлка Новы. Там упаў неўсталяваны лятальны апарат. Ратавальнікі выявілі ў месцы падзення дзве варонкі дыяметрам каля двух метраў. Пра гэта паведаміў кіраўнік Адыгеі Мурат Кумпілаў.

Каля дзвюх гадзін ночы два беспілотнікі ўдарылі па нафтабазе Раснафты ў Туапсэ Краснадарскага краю. СМІ, са спасылкай на мясцовых жыхароў, паведамляюць, што на тэрыторыі нафтабазы з розніцай у некалькі секунд прагрымелі два выбухі і пачаўся пажар, плошча якога склала 200 квадратных метраў.

Улады заявілі, што дроны нібыта ўзарваліся «за сто метраў ад нафтасховішча» і пашкодзілі будынак бойлернай.


Незразумелыя лятальныя аб’екты ў раёне Піцера і Airborne пад Масквой

Днём 28 лютага з-за невядомага аб'екта ў небе закрылі 200 кіламетраў паветранай прасторы над Санкт-Пецярбургам. Аб'ект, як пішуць СМІ, быў падобны на вялікі беспілотнік, ён быў заўважаны за 160–200 кіламетраў ад Пецярбурга. На яго перахоп адправілі два знішчальнікі Су-35 і МіГ-31. А аэрапорт Пулкава ў сувязі з інцыдэнтам часова не прымаў самалёты. У самім горадзе ўключылі сігнал, які падаюць звычайна пры незаконным перасячэнні мяжы або пры так званым «з'яўленні НЛА».



Яшчэ адзін беспілотнік упаў ля аб'екта Газпрама ў Падмаскоўі. Гэту інфармацыю пацвердзіў губернатар Маскоўскай вобласці Андрэй Вараб'ёў. Паводле яго слоў, «гэта адбылося паблізу вёскі Губастава, мэтай, верагодна, быў аб'ект грамадзянскай інфраструктуры, ён не пацярпеў».

Расійскія СМІ паведамілі, што БПЛА, які ўпаў у Падмаскоўі, быў украінскі і, верагодна, мадэлі UJ-22 Airborne вытворчасці «Укрджэт». Такі дрон можа ляцець на 800 кіламетраў з хуткасцю 130-140 км/г і несці да 20 кілаграмаў выбухоўкі. Аднак далёкасць кіраванага палёту, паводле інфармацыі СМІ РФ, складае ўсяго 100 кіламетраў. Пры гэтым расійскія журналісты заявілі, што дрон гэтым разам быў без выбухоўкі і «выкарыстоўваўся як пробнік».



Перапалох у Расіі


У РФ пацвердзілі атаку беспілотных лятальных апаратаў і адразу ж абвінавацілі Украіну. Пры гэтым расійскае Мінабароны заявіла толькі пра дзве «спробы прымянення БПЛА», нібыта ўчыненых «кіеўскім рэжымам» у Краснадарскім краі і Адыгеі ў ноч на 28 лютага. У абодвух выпадках, як запэўніваюць у абаронным ведамстве РФ, вайскоўцы справіліся з імі «бліскуча».

«Падраздзяленнямі радыёэлектроннай барацьбы ПС РФ БПЛА былі абясшкоджаны. Абодва беспілотнікі страцілі кіруемасць і адхіліліся ад траекторыі палёту. Адзін БПЛА ўпаў у полі, другі беспілотнік, адхіліўшыся ад траекторыі, не нанёс шкоды атакаванаму аб'екту грамадзянскай інфраструктуры», — гаворыцца ў заяве.

У Мінабароны РФ таксама паведамілі, што неба над Санкт-Пецярбургам закрывалі «ў рамках трэніроўкі». Нібыта дзяжурныя сілы Заходняй зоны адказнасці за СПА адпрацавалі ўзаемадзеянне з грамадзянскімі органамі кіравання паветраным рухам.

Расійскія прапагандысты не падтрымалі пазіцыі Мінабароны РФ і заявілі, што нападаў было нашмат больш.

Расійскі экспертны Telegram-канал «Старше Эдды» паведаміў, што сённяшняя атака — гэта толькі падрыхтоўка «для дэстабілізацыі нашых тылоў».

starsze_eddy_pro_bespilotnik.jpg

«Усе сённяшнія надзвычайныя здарэнні з украінскімі беспілотнікамі, у тым ліку закрыццё аэрапорта Пулкава, варта разглядаць не як асобны інцыдэнт з мэтай зарабіць хайп і парадаваць унутраную аўдыторыю. Усё гэта варта разглядаць як падрыхтоўку да вясновага наступу УСУ, калі мэтай такіх удараў будзе дэстабілізацыя нашых тылоў і разгон масавай панікі сярод расіян», гаворыцца ў паведамленні канала.

Цяпер усё больш расіян пачынаюць усведамляць, што вайна набліжаецца да іх. Падзенне беспілотніка ў Падмаскоўі, безумоўна, акажа і псіхалагічны ціск на жыхароў Масквы і вобласці. Дагэтуль, як адзначаюць назіральнікі, у сталіцы Расіі вайна, якая ідзе за сотні кіламетраў ад яе, амаль не адчувалася.

_128807061_map_ukraine_russia_dron_atack_640_2x_nc.png



Аднак пасля таго, як у канцы студзеня ў Маскве на дахах некалькіх будынкаў былі ўсталяваны сістэмы СПА, мясцовыя жыхары адзначалі ў сацсетках, што гэта было многімі ўспрынята з трывогай: такія сістэмы сведчылі аб магчымай рэальнай небяспецы. Цяпер такая небяспека з гіпатэтычнай стала рэальнай — беспілотнік даляцеў да Падмаскоўя.

Пры гэтым адлегласць ад украінскай мяжы да месца падзення дрона ў Падмаскоўі складае больш за 450 кіламетраў. Ад Туапсэ да лініі фронту ва Украіне каля 420 кіламетраў, а ад пасёлка Новы ў Адыгеі — каля 380.

Паводле korrespondent.net, ВВС