Што чакаць на другі год вайны? Фатальная памылка аднаго з бакоў — ці не самы рэальны сцэнар
Расійскі гісторык і палітолаг, доктар навук Уладзімір Пастухоў разважае пра тое, што можа здарыцца ў другі год вайны і якія сцэнары развіцця гісторыі могуць быць самымі рэалістычнымі.
Мы ўступаем у новы (194)2-і год вайны. Базавы сцэнар на гэты год — крывавае перамолванне ваенных машын і рэсурсаў Расіі і Украіны (уключна з рэсурсамі, прадастаўленымі саюзнікамі). Вынікам павінна стаць пазначэнне вектару, які будзе паказваць на кірунак вырашэння канфлікту. На гэта практычна можа сысці ад паўгода да года, але не выключана, што вырашэнне расцягнецца на некалькі гадоў.
У аснове базавага сцэнару ляжыць адсутнасць у абодвух бакоў ваеннага рэсурсу правесці стратэгічны наступ, не ствараючы адначасова для сябе рызыкі атрымаць стратэгічную паразу ў выніку контрнаступлення праціўніка. Нават прасоўванне расійскай арміі ў напрамку Бахмута, якое не мае стратэгічнага значэння, можа мець цаной спыненне існавання ПВК «Вагнер» як баявой адзінкі. Аналагічныя выклікі стаяць і перад УСУ.
Адхіленне ад гэтага базавага сцэнару магчыма ў наступных «спецыяльных» выпадках:
- Фатальная ваенна-палітычная памылка аднаго з бакоў.
- Рэзкае нарошчванне рэсурснай базы вайны адным з бакоў без адэкватных кампенсавальных контрзахадаў іншага боку.
- Рэсурсны калапс аднаго з бакоў, што пацягне незваротныя змены ўнутрыпалітычнай сітуацыі, якая перашкаджае працягу вайны.
Першы сцэнар — сцэнар фатальнай памылкі — аналізаваць бессэнсоўна ў сілу яго прынцыповай непрадказальнасці, хоць ён і з'яўляецца найбольш верагоднай опцыяй у сітуацыі, якая склалася. Цяпер назапашванне невырашальных па сваёй прыродзе супярэчнасцяў павышае рызыкі ірацыянальных дзеянняў.
Рэзкае нарошчванне наступальнага рэсурсу можа адбыцца ў выніку дзеянняў, якія з вышыні сённяшняга дня здаюцца цяжка выканальнымі, але яны ў прынцыпе здзяйсняльныя. Для Расіі — гэта, напрыклад, правядзенне другой, яшчэ больш маштабнай хвалі мабілізацыі, якая дазволіць сфарміраваць не менш чым двухсоттысячную баяздольную ўдарную групоўку. Зразумела, такая групоўка павінна быць адпаведным чынам узброеная і навучаная, што адсоўвае магчымасць такога сцэнару мінімум на другую палову года.
Для Украіны — гэта прадастаўленне ў дастатковай колькасці самалётаў, якія змогуць забяспечыць перавагу ў паветры. Гэтая мера таксама не можа быць рэалізаваная хутка. Так што мы ў любым выпадку павінны гаварыць аб падзеях, якія наступяць не раней сярэдзіны лета другога года вайны.
Адпаведна, можна меркаваць, што асноўныя намаганні бакоў будуць сканцэнтраваныя на падрыве рэсурснай базы адзін аднаго і стварэнні ўмоў для калапсу эканамічнай і палітычнай сістэм праціўніка.
Думаю, што гэта наогул будзе галоўным трэндам вайны, якая цяпер ідзе. У гэтым рэсурсным супрацьстаянні магчымасці Украіны абмежаваныя стойкасцю ўласных узброеных сіл і здольнасцю палітычнага кіраўніцтва заручыцца падтрымкай Захаду. Таму Украіна будзе імкнуцца вырашыць задачы, якія стаяць перад ёй, утрымліваючы пазіцыі, у той час як Расія з гэтай жа мэтай будзе ўвесь час імкнуцца пераламаць ход вайны.
Магчымасці Расіі значна больш разнастайныя. Пунктам прыкладання яе асноўных сіл, хутчэй за ўсё, стане падрыў заходняга альянсу ў падтрымку Украіны. Крэмль не пакідае надзей, што адзінства Захаду можна разбурыць — і такім чынам выслізнуць з пасткі, у якую ён трапіў ва Украіне. Што можна чакаць ад Расіі на другім годзе вайны ў першую чаргу?
- Узмацненне ядзернага шантажу і запалохванне Захаду пагрозай атамнага апакаліпсісу (у пэўным сэнсе пуцінскі заход у штогадовым звароце не да канца з'яўляецца чыста рытарычным прыёмам, і ў хуткім часе варта чакаць і акцый застрашвання).
- Энергетычны шантаж Еўропы — аж да дыверсій на энергетычных аб'ектах Захаду (нагнятанне запалу вакол выбуху «Паўночнага патоку» наўрад ці з'яўляецца выпадковым момантам – таксама запасаемся папкорнам).
- Спробы выйсці на сепаратныя пагадненні з асобнымі еўрапейскімі краінамі, шырокамаштабнае выкарыстанне “карысных ідыётаў” і стварэнне з іх дапамогай антываеннага руху ў Еўропе па савецкіх лякалах 50–70-х гадоў.
Мэта Пуціна на гэты год — адкрыццё «другога фронту» ў Еўропе. Калі ён не вырашыць гэтую задачу, то ўжо ў наступным, такім важным для яго годзе, яму будзе нашмат цяжэй.