Беларусь сярод 20 найбуйнейшых гандляроў зброяй
Паводле найноўшай справаздачы Стакгольмскага інстытуту даследавання праблемаў міру (SIPRI), Беларусь уваходзіць у першую дваццатку найбольшых дастаўнікаў зброі ў свеце.
MILEX–2011, міжнародная выстава зброі і вайсковай тэхнікі, ракетная сістэма, Мінск, травень 2011
Гэты рэйтынг быў складзены SIPRI на падставе звестак па сусветным экспарце звычайных ўзбраенняў у 2008–2012 гадах. Беларусь у гэтым рэйтынгу выперадзіла такія краіны, напрыклад, як Бразілія, Аўстралія, Польшча, Турцыя і Аўстрыя.
У параўнанні з папярэднім пяцігадовым перыядам (2003–2007), Беларусь у 2008–2012 павялічыла свой экспарт узбраенняў на 165%.
Удзел Беларусі ў сусветным гандлі звычайнымі ўзбраеннямі меншы за 1%. Пяці найбуйнейшым пастаўшчыкам зброі — ЗША, Расіі, Нямеччыне, Францыі і Кітаю — належыць прыблізна 75% рынку звычайных узбраенняў.
Пяцёрку найбольшых пакупнікоў зброі ў 2008–2012 складалі: Індыя, Кітай, Пакістан, Паўднёвая Карэя і Алжыр.