«Сёння на аэрадроме нічога не здарылася, а заўтра дзе не здарыцца?»
Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» ўсцешаны тым, што ў старэйшага і малодшага саюзнікаў «нічога не здарылася». А таму трэба ўмацоўваць дысцыпліну, бо становіцца відавочна, што «нічога не здарыцца» можа дзе заўгодна.
Учора ў Расіі быў асаблівы дзень. Дзень-Калі-Нічога-Не-Здарылася. Не загарэлася нафтавая база ў Туапсэ, нікуды не даляцелі неапазнаныя беспілотнікі ў Белгародскай і Курскай, здаецца, абласцях (я пра Курскую не ўпэўнены, але, калі ўсё роўна нідзе нічога не здарылася, дык яно ж і там магло не здарыцца, правільна?).
Не было ніякіх выбухаў на аэрадроме ў Ейску, а гучныя гукі, што напалохалі мясцовых жыхароў, здарыліся ў выніку ваенна-тактычных вучэнняў. Неапазнаны лятаючы аб'ект не лётаў у Ленінградскай вобласці так, што праз яго давялося закрываць паветраную прастору. Не было там ніякіх лятучых аб'ектаў, а былі звычайныя вучэнні. У Маскоўскай вобласці неапазнаны аб'ект усё ж такі лётаў і ў ім нават потым апазналі ўкраінскі дрон. Але ўсё роўна ён нікуды не даляцеў, а ўпаў па дарозе, так што і ў Маскоўскай вобласці літаральна ніхто не пацярпеў. Добры, карацей дзень. Спакойны.
А пакуль расійскія ўлады сутаргава тлумачылі як у іх то тут, то там нічога не здарылася, беларускія ўлады нічога не тлумачылі. Таму што, пагадзіся, што калі нічога не здарылася, дык няма чаго і тлумачыць. Хіба толькі адзін неасцярожны намеснік міністра аскароміўся і сказаў, што нічога не было, — на той простай і відавочнай любому разумнаму чалавеку падставе, што пра гэта не было ніякіх афіцыйных паведамленняў. А калі беларускія ўлады нічога не паведамлялі, то значыць нічога не здарылася. Жалезная логіка.
І, паколькі нічога наогул не было, сёй-той у панядзелак правёў тэрміновую нараду з вузкім колам самых галоўных генералаў. Таму што астатнім, нават генералам, але якія пакуль яшчэ не такія галоўныя, пра тое, чаго не здарылася, ведаць, мабыць, пакуль яшчэ рана. Каб пазбегнуць непажаданых настрояў. А калі такое не здараецца, то камусьці сказаць трэба. Таму што трэба ж умацоўваць пільнасць. А тое «яны выкарыстоўваюць любыя выпадкі, для таго каб ускалыхнуць сітуацыю ў Беларусі».
Больш за ўсё яе трэба ўмацоўваць на мяжы, дзе можа не здарыцца наогул што заўгодна. Каб зноў нічога не здарылася. Таму што, сёння на аэрадроме, які, магчыма, нельга-ужо-называць, нічога не здарылася, а заўтра дзе не здарыцца? А? І я не ведаю. Можа ж не здарыцца ў такіх месцах, якія не тое, што называць, пра якія і думаць лішні раз не варта. Каб пазбегнуць.