Ці будзе ў Малдове другое Прыднястроўе?
Новы палітычны крызіс у Малдове ў тым ліку павярнуў да жыцця тэму гагаўзскага сепаратызму. Ці сапраўды гагаўзы збіраюцца стварыць сваю дзяржаву? Без экскурсу ў гісторыю, якая папярэднічала цяперашнім жарсцям, дакладна не абысціся.
Пасля перамогі праеўрапейскага палітыка Маі Санду на прэзідэнцкіх выбарах (лістапад 2020-га), а яе партыі — на парламенцкіх (ліпень гэтага году), ведамства генпракурора Аляксандра Стаяногла засталося адзіным незалежным ад прэзідэнта ў дзяржаўным апараце.
З улікам вопыту постсавецкіх рэжымаў, у такіх выпадках канфлікт галін улады можна было прадказаць адразу. Акрамя таго, пракурор Аляксандр Стаяногла відавочна не падзяляў погляды прэзідэнта і намякаў, што некаторыя сябры з атачэння Санду звязаныя з гучнымі карупцыйнымі афёрамі.
Але першым удар нанёс усё ж офіс гаранта. Падкантрольная яму парламенцкая большасць працягнула папраўкі ў закон аб пракуратуры. Гэтыя папраўкі дазвалялі ацэньваць дзейнасць генеральнага пракурора і адхіляць яго ад пасады. Неўзабаве Вышэйшы савет пракурораў аператыўна разгледзеў скаргу нейкага дэпутата, па якой супраць Стаяногла была ўзбуджаная крымінальная справа.
Чыноўніка западозрылі ў злоўжыванні службовым становішчам, пасіўнай карупцыі, перавышэнні паўнамоцтваў, дачы ілжывых паказанняў. Спачатку ён быў затрыманы на 72 гадзіны. А па заканчэнні гэтага тэрміну адправіўся на 30 сутак хатняга арышту.
Пры гэтым мела месца кур'ёзная сітуацыя. Новы пракурор забыўся замяніць прозвішча падазраванага ў шаблоне просьбы да суду на арышт. У выніку ў суд трапіла просьба пракурора аб прымяненні меры стрымання не да пракурора, а ў дачыненні да нейкага «Кетрушкі Алега Фёдаравіча». Нягледзячы на тэхнічную памылку, у выніку арыштавалі натуральна не Кетрушку, а Стаяногла.
Затрыманне экс-пракурора акрыліла апазіцыю — сацыялістаў і камуністаў. У нядзелю, 10 кастрычніка, праціўнікі Санду вывелі сваіх людзей у цэнтр малдаўскай сталіцы. На мітынгу гучалі заклікі адстаяць генпракурора, «у дачыненні да якога ўлады сфальсіфікавалі абвінавачванні ў карупцыі, каб цалкам забраць пракуратуру пад свой кантроль».
Аднак куды больш рэзананснай аказалася акцыя ў сталіцы Гагаўзскай аўтаноміі, адкуль, дарэчы, родам Стаяногла. На галоўнай плошчы Комрата ўчора таксама сабраліся людзі, каб выказаць салідарнасць з земляком. Пры гэтым яго арышт разглядаецца як выбрык малдаўскага імперыялізму. Мелі месца заклікі правесці рэферэндум па абароне суверэнітэту краю ад замахаў цэнтральных уладаў. Раней башкан (кіраўнік аўтаноміі) Ірына Влах адзначала, што Кішынёў стараецца скараціць паўнамоцтвы аўтаноміі.
Расійская прэса сцвярджае, што сітуацыя ў рэгіёне нагадвае кастрычнік 1990 года, калі малдаўскія нацыяналісты накіраваліся ў Комрат наводзіць свае парадкі. Тубыльцы былі гатовыя да супрацьстаяння. Канфлікту ўдалося пазбегнуць, дзякуючы дэсанту ў рэгіён ваенных фарміраванняў яшчэ існаваўшага на той момант СССР. Пасля таго, як эмоцыі супакоіліся, Малдова надала Гагаўзіі статус аўтаноміі.
Нельга сказаць, што адносіны з цэнтрам былі лірыкай. У тым ліку з-за моцных сувязяў Комрата з Масквой, які перыядычна выкарыстоўваў гагаўзскі фактар у гульнях супраць Кішынёва. Аднак сур'ёзнай канфрантацыі па лініі Комрат— Кішынёў за гэтыя часы на фіксавалася.
Ці сапраўды зараз варта чакаць з'яўлення на карце Малдовы новага Прыднястроўя? Адназначна выключаць нічога нельга, але пакуль такая перспектыва ўсё ж выглядае ілюзорнай. Хутчэй гагаўзы падыгрываюць апазіцыі, якая палохае малдаван развалам краіны і татальнай дэстабілізацыяй накшталт афганскай — па іх словах, такі магчымы хуткі вынік дзейнасці Санду. Каб надаць гэтым пагрозам прысмак сур’ёзнасці, тэму малдаўскага сепаратызму піяраць медыя РФ. На карысць такой ацэнкі і аналіз мясцовых гагаўзскіх медыя. Сепаратысцкай тэматыкі там практычна няма. Людзі жывуць куды больш празаічнымі праблемамі — кавід, футбол і надыходзячыя першыя замаразкі.