Гляйвіц-2? Расію ў Бранскай вобласці атакавалі нібыта «ўкраінскія дыверсанты» (абноўлена)

Раніцай у чацвер кіраўнік Бранскай вобласці Аляксандр Багамаз паведаміў, што на тэрыторыю Расіі ў памежнае сяло Любячане пранікла група ўкраінскіх дыверсантаў. Пры гэтым заявы чыноўнікаў, СМІ і крыніц на месцах кардынальна разыходзяцца.

Ілюстрацыйнае фота з inbusiness.kz 

Ілюстрацыйнае фота з inbusiness.kz 


Згодна з заявай губернатара, у вёсцы загінуў адзін чалавек і было паранена дзіця. Пасля гэтага тэлеграм-каналы пачалі распаўсюджваць інфармацыю пра тое, што дыверсійная група абстраляла школьны аўтобус. Загінулы быў кіроўцам гэтага аўтобуса і памёр на месцы, а дзесяцігадовая дзяўчынка нібыта памерла ў бальніцы.

«Машына, якая праязджала, павезла траіх школьнікаў далей ад дыверсантаў, у тым ліку параненага хлопчыка. Яму стрэлілі ў спіну», — пісаў тэлеграм-канал Shot са спасылкай на неназваную крыніцу.

Пра гэта ж пісалі такія прарасійскія або звязаныя з расійскімі ўладамі і праваахоўнымі органамі каналы як Readovka і «112».

Затым паведамленні пра смерць дзяўчынкі сталі абвяргаць афіцыйныя асобы. Readovka са спасылкай на «мясцовыя ўлады» паведаміла, што дзяўчынка выжыла і знаходзіцца ў шпіталі з раненнем.

Пасля гэтага выконваючая абавязкі намесніка губернатара Бранскай вобласці абвергла дзяржаўнаму агенцтву «РІА Навіны» абстрэл аўтобуса, заявіўшы, што школы ў гэтым сяле працуюць у дыстанцыйным рэжыме.

Падобнае здарылася і са шматлікімі паведамленнямі пра тое, што дыверсанты перабраліся ў іншае бранскае сяло — Сушаны, і там узялі ў закладнікі мясцовых жыхароў.

Readovka паведаміла, што дыверсанты маглі ўзяць жыхароў Сушан у закладнікі, у тым ліку і дзяцей. А затым тэлеграм-канал Baza паведаміў, што група з 50 украінскіх дыверсантаў узяла ў закладнікі некалькі чалавек. Інфармацыю аб закладніках паведамлялі і РІА Навіны са спасылкай на «прадстаўніка экстранных службаў». Тэлеграм-канал Shot пісаў, што ў закладніках могуць быць да шасці чалавек.

Пазней і ТАСС са спасылкай на «сілавыя структуры» паведаміў пра тое, што ў Бранскай вобласці ідзе баявое сутыкненне з дыверсантамі, якія праніклі ў дзве вёскі, «у адным з іх узяўшы ў закладнікі мясцовых жыхароў».

Па сцвярджэнні ваенкара Сямёна Пегава (WarGonzo) закладнікамі ўкраінскай ДРГ сталі нібыта 100 чалавек. Аднак улады вёскі Сушаны заявілі, што не ведаюць пра захоп закладнікаў. «Ніхто не казаў нам, што ёсць закладнікі. Знаходжуся ў 18 кіламетрах ад населенага пункта Сушаны, і там праблемы з сувяззю. Памежныя і вайскоўцы працуюць на месцы», — паведаміў кіраўнік Новаропскай сельскай адміністрацыі. Мясцовы жыхар і зусім заявіў RT, што гэта фэйк, бо «школы ў Сушанах няма даўно».

Пасля чаго тэлеканал RT паведаміў, што ўлады Бранскай вобласці не пацвярджаюць інфармацыю аб узяцці закладнікаў дыверсантамі ў сяле Сушаны. ТАСС са спасылкай на «мясцовага жыхара, які стаў відавочцам таго, што адбылося» сцвярджае, што дыверсанты ўзялі ў закладнікі і потым адпусцілі фельчара вёскі Любячане, які ехаў на асабістым аўтамабілі з сяла Новы Ропск.

Затым РІА Навіны яшчэ раз паведаміла, што закладнікі ўзятыя ўжо ў краме ў сяле Любячане — там жа, дзе нібыта быў абстраляны школьны аўтобус.

Тэлеграм-канал Shot і зусім абвінаваціў УСУ ў інфармацыйна-псіхалагічнай аперацыі: нібыта за паведамленнямі аб «дзясятках дыверсантаў»,«падрывах інфраструктуры» і «мностве закладнікаў» могуць стаяць украінскія спецслужбы для таго, каб пасеяць паніку і заблытаць працу расійскіх экстранных службаў.

Некалькі расійскіх СМІ — «Вёрстка», RTVI і радыё «Маяк» — сцвярджаюць, што Уладзімір Пуцін правядзе «ў бліжэйшыя гадзіны» ці ўжо праводзіць пасяджэнне Савета Бяспекі. Прэс-сакратар прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў заявіў, што пасяджэнне Савета Бяспекі сёння не запланавана.

Нагадаем, што раней Украіна неаднойчы заяўляла, што не збіраецца пераносіць наступ альбо ваенныя дзеянні на тэрыторыю Расіі.

І цяпер дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк заявіў, што гісторыя пра ўкраінскіх дыверсантаў, якія нібыта праніклі на тэрыторыю РФ, — класічная правакацыя.

«Расія хоча спалохаць сваіх, каб за год вайны хоць неяк апраўдаць напад на іншую краіну і беднасць, якая расце. Між тым партызанскі рух у Расіі становіцца больш моцным і агрэсіўным. Бойцеся сваіх партызан», — напісаў ён у Твітары.

У той жа час эксперты шматкроць папярэджвалі, што Расія можа здзейсніць падобную правакацыю з мэтай актывізаваць удзел у вайне супраць Украіны альбо ваенны блок АДКБ — Арганізацыю дамовы аб калектыўнай бяспецы, альбо Беларусь. Згодна з дамовай АДКБ і дамовай аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Беларусь павінна ўступіць у вайну, калі на Расію будзе здзейснены ўзброены напад.