Сasus belli ёсць. Вайна ўжо вельмі блізка

Пытанне, якое набіла апошнім часам аскому — «ці ўступіць Беларусь у вайну». Але на гэтым тыдні яно зайграла новымі фарбамі, і цяпер удзел у вайне беларускага войска не такі прывідны, як раней. Сапраўды, цяпер з’явіліся падставы для ўводу ў вайну беларускай арміі, і зусім не гіпатэтычныя.

Скрыншот з відэа Рускага Добраахвотніцкага корпусу ў Бранскай вобласці Расіі

Скрыншот з відэа Рускага Добраахвотніцкага корпусу ў Бранскай вобласці Расіі


А ўся справа ў тым, пра што казалі даўно і шматкроць. Пра тое, што гвалт нараджае гвалт, і спіраль эскалацыі можа дасягнуць жудасных памераў. Пакуль Лукашэнка прахалоджваўся ў Кітаі, у Расіі і нашых палестынах адбывалася немаведама што. І гэтае «немаведама што» — вельмі і вельмі трывожнае.

Яшчэ да адлёту Лукашэнкі дзёрзкая акцыя беларускіх партызанаў вывела з ладу расійскі самалёт далёкай разведкі і радыёлакацыйнага выяўлення А-50, які базаваўся на аэрадроме «Мачулішчы-2». Улічваючы, у якой адлегласці Мачулішчы знаходзяцца ад Мінска, шмат хто пачаў казаць, што цяпер і Дразды, і нават палац Лукашэнкі ў Мінску не можа быць у бяспецы.

Адказнасць за гэтую акцыю ўзялі на сябе B*Pol і актывісты плана «Перамога». Іх учынак складана недаацаніць. Кожны вылет расійскага самалёта-разведчыка суправаджаўся ва Украіне паветранай трывогай: менавіта гэтая машына карэктавала (прынамсі, магла карэктаваць) удары па Украіне крылатымі ракетамі са знішчальнікаў, якія таксама базуюцца ў Беларусі.

Цяпер гэты самалёт перапраўлены ў Таганрог на рамонт.

Але апроч рэальнай дапамогі Украіне ёсць яшчэ і велізарны маральны складнік. Гэтай акцыяй быў нанесены вялікі ўдар па беларускай уладзе і беларускай «стабільнасці». Па-першае, паказана, што ў Беларусі нічога не скончана, і супраціў працягваецца. Па-другое, гэта можа быць узброены супраціў, і цяпер у дзяржавы няма манаполіі на сілу. Шмат хто з каментатараў зазначаў, што калі атакаваны расійскі самалёт на шчыльна ахоўваемым аб'екце, то нішто не перашкаджае паўтарыць атаку на іншыя мэты — тыя ж Дразды.

Дразды — гэта, можа быць, і перабольшванне. Але ў Мінску ёсць багата іншых, больш прывабных будынкаў: КДБ, ГУБАЗіК, Следчы камітэт, Генпракуратура… Ці здольная ўлада «прыкрыць» іх усе супрацьпаветранай абаронай? Больш за тое:а ці будзе яна гэта рабіць? Бо, як мы даведаліся за апошнія пару гадоў, каштоўнасць чалавечага жыцця для яе — нулявая.

Па-трэцяе, уладзе, як высветлілася, няма чаго супрацьпаставіць такой партызанцы. Як справядліва напісаў аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі», «лёгка было беларускім красаўцам перамагаць, пакуль праціўнік да іх не з'яўляўся. Шукаць тых, хто не хаваўся і караць тых, хто не вінаваты». А калі дайшло да справы, давялося рабіць выгляд, што нічога не адбылося.

Нават нарада, сабраная Лукашэнкам перад адлётам у Кітай, звялася да таго, што трэба «дысцыплінаваць дысцыпліну». А вось знайсці тых, хто на даволі доўгі час спыніў паветраныя трывогі ва Украіне, у «красаўцаў» не атрымалася. Давялося запускаць фэйкі пра нейкага «грамадзяніна Крыму», які ў час атакі быў за тысячы кіламетраў ад яе месца…


Далей — болей. 28 лютага адразу ў некалькіх расійскіх рэгіёнах упалі дроны. Геаграфія налётаў аказалася нечувана шырокай: ад Падмаскоўя да Каўказа. Адзін з дронаў зваліўся ў Маскоўскай вобласці, паблізу газавай кампрэсарнай станцыі пад Каломнай. Пасля паведамлялася, што супрацоўнікі ФСБ Расіі знайшлі на дроне «дзве выбухоўкі С-4 і чатыры зарады да РПГ-7». У гэты ж дзень над Санкт-Пецярбургам закрылі паветраную прастору нібыта з прычыны вучэнняў. Яшчэ тры дроны ў ноч на 28 лютага атакавалі поўдзень Расіі: адзін з іх упаў у пасёлку Новы ў Гіягінскім раёне Рэспублікі Адыгея, за 90 кіламетраў ад Краснадара і за 160 кіламетраў ад Туапсэ. Другі і трэці даляцелі ўжо да самага Туапсэ і атакавалі нафтабазу, якая там знаходзіцца. У Бранскай вобласці таксама зафіксаваныя чатыры БПЛА: адзін з іх быў збіты, а тры атакавалі вышку тэхнічнага назірання, якую выкарыстоўваюць памежнікі.

Позна ўвечары 28 лютага выбухі прагрымелі на вайсковым аэрадроме ў Ейску Краснадарскага краю. Мясцовыя ўлады паведамілі пра тактычныя вучэнні, але пазней з’явіліся звесткі, што аб’ект таксама быў атакаваны дронамі.

Як і ў выпадку з пашкоджаннем, А-50, Украіна не ўзяла на сябе адказнасць за гэтыя атакі. Наадварот, было падкрэслена, што «Украіна не наносіць удараў па тэрыторыі Расіі. Украіна вядзе абарончую вайну з мэтай дэакупацыі ўсіх сваіх тэрыторый — гэта аксіёма».

А ўжо 2 сакавіка вэрхалу нарабілася ў Бранскай вобласці. Расійскія паблікі паведамлялі пра ўварванне ўкраінскай ДРГ, якая, нібыта, абстраляла школьны аўтобус, узяла закладнікаў, і іншыя жахі.

Пазней высветлілася, што закладнікаў, канешне, ніхто не браў. Аднак пранікненне на тэрыторыю Расіі было, і адказнасць за гэта ўзяў на сябе «Рускі Добраахвотніцкі корпус». РДК — гэта падраздзяленне этнічных расійцаў, якое ўваходзіць у склад Інтэрнацыянальнага легіёна Украіны, то-бок фармальна з'яўляецца складовай часткай украінскіх УСУ — як і полк Каліноўскага.

Усё гэта прымушае нервавацца. Па логіцы, нервавацца найперш павінны беларускія ўлады. Калі аперацыю ў Бранску сапраўды ажыццявілі байцы РДК, гэта азначае, што Украіна слаба кантралюе тыя самыя добраахвотніцкія батальёны. Атрымліваецца, што байцы РДК парушылі правіла «не наносіць удараў па тэрыторыі Расіі». А калі так, то ці не можа іх мэтай стаць Беларусь?

Канешне, беларусы — народ, больш дысцыплінаваны за расійцаў. Але раней асноўным аргументам, што полк Каліноўскага не зможа пачаць «вызвольны паход» на Беларусь было тое, што ПКК падпарадкоўваецца ўкраінскаму камандаванню як структурнае падраздзяленне УСУ. А ўкраінскае камандаванне не аддасць загаду пра наступ на Беларусь. І цяпер ёсць пытанне: ці будзе ПКК чакаць нейкага загаду?

Больш за тое, уварванне РДК у Бранскую вобласць, як і атака дронамі расійскай тэрыторыі, дае падставы Расіі патрабаваць ад «малодшага саюзніка» паўнавартаснага ўступлення ў вайну на баку Расіі — як таго патрабуюць дагавор Арганізацыі аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) ды абавязацельствы ў межах Саюзнай дзяржавы. Згодна з імі, атака тэрыторыі адной з краін Саюзнай дзяржавы з'яўляецца атакай на ўсю Саюзную дзяржаву.

Можна было віхляць і «праціскацца паўз струменьчыкі» раней, прынамсі афіцыйна не прызнаючы «новыя расійскія тэрыторыі», уключаючы Крым: маўляў, гэта «сумніўна расійская тэрыторыя», і ці можа атака на іх лічыцца нападам на Расію? Аднак цяпер атакаваная Расія ў яе «традыцыйных» межах, і атакаваная яна падраздзяленнем, якое фармальна ўваходзіць у армію іншай дзяржавы.

Палітолагі і эксперты меркавалі, што гэта магло адбыцца па-іншаму. Што гэта Расія можа здзейсніць правакацыю, апрануўшы сваіх вайскоўцаў у чужую форму, і зрабіць нешта кшталту «Гляйвіца-2», які даў Германіі casus belli (фармальную падставу) для нападу на Польшчу і развязанне Другой сусветнай вайны. Але, мяркуючы па ўсім, гэта ўсё ж здзейсніла фармальна ўкраінскае вайсковае падраздзяленне.

Гэта тая самая «эскалацыя гвалту», якая можа прывесці да ўцягвання Беларусі ў вайну — калі Пуцін гэтага запатрабуе ад Лукашэнкі. Цяпер у Пуціна ёсць усе юрыдычныя падставы гэтага патрабаваць. А не адрэагаваць на атаку сваіх тэрыторый Пуцін не можа, інакш у вачах сваіх прыхільнікаў ён канчаткова стане «збітым лётчыкам». Пытанне толькі ў тым, ці закране гэтая рэакцыя Беларусь.

У гэтым рэчышчы візіт Лукашэнкі ў Кітай становіцца зусім нецікавы. Больш карыснымі цяпер падаюцца парады па бяспецы для беларусаў.

На ўсялякі выпадак: памятайце пра знаёмае ці не кожнаму ўкраінцу «правіла двух сценаў»: у выпадку пачатку баявых дзеянняў ці бамбёжкі паміж вамі і вуліцай павінна знаходзіцца як мінімум дзве сцяны. Першая прыме на сябе ўдарную хвалю ад выбуху, а другая зберажэ вас ад аскепкаў.