Чаму стаць партызанам у Беларусі гераічней, чым ваяваць на фронце?

Дзякуючы беларускаму руху супраціву Украіна мае поўную інфармацыю пра дзейнасць расіян у Беларусі, кажа ветэран батальёну «Айдар».

marsz_adzinstva_6__85__logo_2_logo.jpg


Навуковец, блогер Яўген Дзікі, вэтэран батальёну «Айдар», распавёў Св*бода Premium пра рэакцыю ва Украіне на напад на расійскі самалёт далёкай выведкі А-50 на вайсковым аэрадроме Мачулішчы пад Менскам.

Яўген Дзікі лічыць, што ва ўмовах жорсткіх рэпрэсій беларускі партызан — нават большы герой, чым салдат на фронце, і што за дывэрсіяй стаяць выключна беларусы.

«Самалёт у Мачулішчах — лятаючы крэйсэр „Масква“»

— Што на гэты момант вядома пра меркаваны падрыў самалёта? Адказнасьць за дывэрсію ўзялі на сябе ўдзельнікі пляну «Перамога», абвешчанага ByPOLам, аб’яднаньнем былых сілавікоў Беларусі. Намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Амбразевіч абвергнуў інфармацыю пра падрыў расейскага самалёта. Лукашэнка ў панядзелак склікаў не анансаваную раней нараду зь сілавікамі. Рэдакцыя Свабоды пакуль ня можа спраўдзіць гэтую інфармацыю з дапамогай незалежных крыніц. Спадар Яўген, якая рэакцыя ва Ўкраіне на інцыдэнт на вайсковым аэрадроме ў Мачулішчах? І якая ваша вэрсія?

— Рэакцыя адназначна пазытыўная. Вораг страціў вельмі важны для яго і дарагі інструмэнт агрэсіі. Такія летакі не прадаюцца ў супэрмаркеце, таму дакладнай цаны на яго няма. Паводле экспэртных ацэнак, найніжэйшая плянка — 300 мільёнаў даляраў, найвышэйшая — 350 мільёнаў даляраў. Акрамя намінальнага кошту, ключавое тут тое, што такіх самалётаў у Расеі ўсяго шэсьць, на ўсе іх так званыя паветрана-касьмічныя сілы. Роля такога самалёта ў каардынацыі штурмавых дзеяньняў расейскай авіяцыі і ў навядзеньні ракет вельмі значная.

Расея страціла адзін з шасьці лятаючых мазгавых цэнтраў іх агрэсіі. І выпускаць такія самалёты цяперашняя Расея пад санкцыямі проста ня здатная. У нас параўноўваюць паражэньне гэтага самалёта з патапленьнем крэйсэра «Масква» нашымі Ўзброенымі сіламі. Самалёт у Мачулішчах — такі лятаючы крэйсэр «Масква». Яго страта для паветрана-касьмічных сіл Расеі настолькі ж балючая, наколькі гэта і абразьлівы, пранізьлівы ўдар па іхнім прэстыжы.

Тут ідэальна ўсё — і рэальнае баявое значэньне, і эканамічная страта, і яскравая палітычная аплявуха. Дарэчы, можна пацьвердзіць, што самалёт сапраўды паражаны. Гэта ацэнена незалежнымі экспэртамі па касьмічных здымках, ёсьць таксама запісы авятрэкераў, якія паказваюць, што адразу пасьля інцыдэнту туды прыляцелі два самалёты паветрана-касьмічных сілаў Расеі, якія спэцыялізуюцца на рамонце і абслугоўваньні такіх радыёлякацыйных самалётаў.

— Як паўплывае на ваенныя дзеяньні на тэрыторыі Ўкраіны падрыў расейскага выведнага самалёта? Наколькі гэта істотны ўнёсак у падтрымку ўкраінскіх Узброеных сілаў?

— Вялікая падтрымка. Найхутчэй, расейцам давядзецца перакінуць адзін з тых 5 самалётаў, што ў іх засталіся, і за нейкі час аднавіць тое, што выконваў гэты самалёт. Як і ў выпадку з патапленьнем «Масквы», гэта не азначала, што патануў увесь расейскі Чарнаморскі флёт, але гэта моцна зьнізіла яго магутнасьць. Так і цяпер. А палітычнае значэньне яшчэ большае, чым ваеннае. Тут усе тры фактары — ваенны, палітычны і эканамічны.

 

01000000_0aff_0242_abb5_08db1a709739_w1597_n_r1_st_s.jpg

«Тут дзейнічала дывэрсійная група, якая скарысталася маленькім і вельмі танным дронам, ледзь не на „Алі-экспрэс“ замоўленым»

— Ці можна параўнаць інцыдэнт у Мачулішчах з падобнымі падрывамі расейскай тэхнікі на тэрыторыі Расеі, напрыклад, на авіябазе «Энгельс» пад Саратавам?

— Гэта зусім розныя гісторыі. Авіябазу «Энгельс» дасталі з тэрыторыі Ўкраіны дронам далёкага дзеяньня, самаробным дронам, які мы вырабілі на аснове старога савецкага дрона «Стрыж». Тут зусім іншая гісторыя, не было прылётаў далёкіх дронаў. Тут дзейнічала дывэрсійная група, якая скарысталася маленькім і вельмі танным дронам, ледзь не на «Алі-экспрэс» замоўленым. Той, хто іх запускаў, быў ледзь не за агароджай таго аэрадрома. Гэта зусім па-іншаму выкананая апэрацыя. Я б сказаў, што яна выкананая ідэальна. Суадносіны кошту таго, што выкарыстоўвалася, і нанесенай шкоды — у мільёны разоў.

 

«Мы нават ведаем, што без суду і бязь сьледзтва падчас затрыманьня была забітая пэўная колькасьць беларускіх партызанаў»

— Як бы вы ацанілі ролю і значэньне партызанскіх рухаў у гэтай вайне, як беларускіх, так і ўкраінскіх на акупаваных тэрыторыях? Магчыма, ёсьць і расейскія партызанскія рухі?

— Пра расейскія мы ведаем вельмі мала, але, здаецца, яны ўсё ж існуюць. І нам вельмі б хацелася, каб гэта было праўдай. Пра беларускі і ўкраінскі партызанскія рухі мы ведаем нашмат болей. Украінскі партызанскі рух адыгрывае ў вайне далёка не апошнюю ролю. Гэта і дывэрсійныя дзеяньні — падрывы складоў, ліквідацыя калябарантаў на акупаваных тэрыторыях. Таксама важны вынік іх дзейнасьці — тое, што ў нас няма праблемы з атрыманьнем выведных дадзеных. Яны ідуць літаральна тэрабайтамі. Найбольш масавая частка партызанскага руху — гэта не дывэрсанты, а народныя інфарматары, якія забясьпечваюць бесьперапынна паток інфармацыі з акупаваных тэрыторый.

Мы вельмі цэнім беларускі партызанскі рух. Хачу пацьвердзіць, што і на чыгунцы, і ў Мачулішчах дзейнічалі беларускія партызаны. У нашых Узброеных сіл уключна зь сіламі спэцыяльных апэрацый ёсьць жорсткае палітычнае табу — на тэрыторыю Беларусі нашы выведнікі ня ходзяць, мы нават не вядзем агонь у адказ на тэрыторыю Беларусі.


На тэрыторыю Расеі заходзяць нашы выведнікі-дывэрсанты, і калі з боку Расеі нешта прылятае, то ідзе адказ. Зь Беларусьсю стаіць катэгарычнае табу. Паколькі мы ўсяляк намагаемся пазьбегнуць уступленьня беларускай арміі ў якасьці прамога ўдзельніка канфлікту, нам не патрэбны яшчэ адзін фронт, таму мы вельмі асьцярожна ставімся да Беларусі. І нашым службоўцам катэгарычна забаронена штосьці рабіць празь беларускую мяжу.

Таму ўсе рэальныя фізычныя дзеяньні супраць расейцаў у Беларусі — гэта беларускія партызаны, тым вышэйшая каштоўнасьць іх дзеяньняў. Яны робяць тое, што мы сабе ня можам дазволіць. Гэта дае прамы ваенны эфэкт. Колькі было затрымана вайсковых эшалёнаў! А на вайне час — гэта жыцьцё. Своечасовая і несвоечасовая дастаўка тэхнікі і баявых прыпасаў вызначае вынік бою і хто пераможа. Гэта вельмі сур’ёзны ўнёсак у нашу перамогу.

Ёсьць паток выведнай інфармацыі зь Беларусі, хай не такі шчыльны, як з тэрыторыі Ўкраіны, але таксама вельмі шчыльны. Верхавіна айсбэрга — «Беларускі Гаюн», які ўсё публічна выкладае, і гэта вельмі важная для нас інфармацыя. Але ёсьць шмат інфармацыі, якія прыходзіць непублічна. Дзякуючы беларускаму руху супраціву мы маем поўную інфармацыю пра дзейнасьць расейцаў у Беларусі, як і на нашых акупаваных тэрыторыях. Праз гэтую інфармацыю мы ведаем, што цяпер удару з боку Беларусі ня будзе, што там недастатковая колькасьць і ня той склад расейскіх войскаў, каб яны рэальна маглі ўдарыць па нашай тэрыторыі.

Ключавы палітычны вынік дзейнасьці гэтага беларускага руху — тое, што ва Ўкраіне па-рознаму ўспрымаюць Расею і Беларусь. Падавалася, і з тэрыторыі Расеі, і з тэрыторыі Беларусі да нас заходзілі расейскія войскі, і па нас і адтуль, і адтуль ляцяць ракеты, і розьніца паміж Пуціным і Лукашэнкам мінімальная. І пры гэтым стаўленьне да расейцаў — як да народу-агрэсара, які збольшага падтрымлівае свой рэжым і зь нейкімі выключэньнямі хацеў бы, каб тая захопніцкая вайна была пасьпяховая для Расеі.

Зусім іншае стаўленьне да беларусаў, калі мы дакладна падзяляем, што ёсьць рэжым, а ёсьць народ, які ў 2020 годзе моцна і адназначна паказаў, што гэты рэжым не ягоны, што гэта нелегітымная, не абраная імі ўлада. Гераічнымі ўчынкамі беларускіх партызанаў беларускі народ і цяпер паказвае, што рэжым і народ — дзьве абсалютна розныя гісторыі.

Мы ведаем, наколькі страшныя рэпрэсіі супраць беларускіх партызанаў, мы ведаем пра драконаўскія законы, якія прыняў Лукашэнка, у тым ліку сьмяротная кара за дывэрсійную дзейнасьць. Больш за тое, мы нават ведаем, што без суду і бязь сьледзтва падчас затрыманьня была забітая пэўная колькасьць беларускіх партызанаў. Мы вельмі цэнім іхні гераізм. Каб там дзейнічаць, трэба быць нават большым героем, чым салдат на фронце.

 

«Чамусьці самалёты падрываюць не на аэрадромах у Расеі, а ў Мачулішчах»

— У Беларусі, нягледзячы на маўчаньне дзяржаўных СМІ, актыўна працуюць сілавікі — ідуць затрыманьні, узмоцнены памежны кантроль на выезьдзе зь Беларусі, сілавікі затрымліваюць людзей, якія камэнтавалі ў сацсетках падрыў самалёта. Сілавікі выдалі арыенціроўку на нейкага ўраджэнца Крыму, які мог мець дачыненьне да выбуху. Як вы ацэньваеце такую актыўнасьць уладаў?

— Як гістэрычную. Яны пераканаліся па Мачулішчах, што іх папярэднія жахлівыя рэпрэсіі, якім яны ўсё ж змаглі прыпыніць дзейнасьць чыгуначных партызанаў, рэальнага эфэкту не далі. Проста з чыгункі пераключыліся на іншыя абʼекты. А ахоўваць іншыя аб’екты так, як яны ахоўваюць чыгунку, у іх проста сілаў няма. Калі пачалі выкарыстоўваць дроны, чаго не было на чыгунцы, яны пачалі думаць: а наколькі яны самі абароненыя ад атакаў? Калі беларускія спэцслужбы і расейцы разам не змаглі абараніць такі аб’ект, як унікальны радыёлякацыйны самалёт у Мачулішчах, у такім разе — а дзе гарантыя, што нармальна абароненыя Дразды?

— Як ва Ўкраіне ацэньваюць антываенную актыўнасьць беларусаў? Паводле некаторых меркаваньняў, праз гэта не адбылася сустрэча Сьвятланы Ціханоўскай з украінскім кіраўніцтвам. Як гэты інцыдэнт можа паўплываць на паляпшэньне стаўленьня да беларусаў, на паляпшэньне адносінаў з дэмакратычнымі сіламі Беларусі?

— Стаўленьне да беларусаў гэты інцыдэнт ужо палепшыў вельмі моцна. Гэта сьведчыць, што беларусы — адно, а Лукашэнка — іншае. І што беларусы гатовыя гераічна змагацца супраць рэжыму, што іх адрозьнівае ад расейцаў. Нават «добрыя расейцы» ўсё, што могуць — сабраць валізкі і ў эміграцыю. Чамусьці самалёты падрываюць не на аэрадромах у Расеі, а ў Мачулішчах.

Што тычыцца стасункаў зь беларускай апазыцыяй, у нас няма падставаў меркаваць, што за тым канкрэтным актам і ўвогуле за дзейнасьцю беларускіх партызанаў стаіць урад Ціханоўскай. Складаецца ўражаньне, што ўрад Ціханоўскай жыве сваім эміграцыйным жыцьцём, а тым часам усярэдзіне Беларусі зусім іншыя людзі, ніяк не зьвязаныя з палітычнай апазыцыяй, проста бяруць і робяць тое, што могуць.