Разыходзімся? Гісторыя пра «дыверсантаў» у Бранскай вобласці, хутчэй за ўсё, фэйкавая

Што не так з версіяй пра «дыверсантаў» у Бранскай вобласці (Расія) і чаму федэральныя расійскія медыя не адправілі здымачныя групы на месца падзей? Тэлеграм-канал «Можам патлумачыць» распавёў, чаму ўся гісторыя падобна на фэйк.

Скрыншот з відэа

Скрыншот з відэа

Першае паведамленне аб пранікненні дыверсантаў у Бранскую вобласць з'явілася ў тэлеграм-канале губернатара вобласці Аляксандра Багамаза ў 11:29 па маскоўскім часе, піша «Можам патлумачыць». На яго спаслаліся агенцтвы і тэлеграм-каналы. Пасля гэтага пайшлі паведамленні аб уваходзе дыверсантаў у вёскі Сушаны і Любячаны, аб абстрэлах, захопе заложнікаў і перастрэлках з выбухамі, якія працягваліся амаль дзве гадзіны.

Аб захопе заложнікаў і баях за іх вызваленне паведамілі некалькі так званых расійскіх ваенкараў, СМІ і тэлеграм-каналаў. Аднак улады саміх Сушанаў пра захоп заложнікаў не чулі.

Ні падчас меркаваных падзей, ні праз некалькі гадзін не з'явілася ніводнага відэазапісу, хоць СМІ актыўна спасылаліся на мясцовых відавочцаў, якія ўсё нібыта бачылі сваімі вачыма. Звычайна падчас такіх падзей вельмі хутка з'яўляюцца відэазапісы з момантам нападу. Крыніцы «МП» у федэральных медыя паведамілі, што кіраўніцтва СМІ вырашыла не адпраўляць карэспандэнтаў на месца падзей.

Сярод паведамленняў ад відавочцаў варта звярнуць увагу на пост, дзе мясцовая жыхарка апісвае «дыверсантаў» як мужчын у чорнай форме са зброяй і жоўтымі павязкамі. Праз некаторы час тыя ж каналы паказалі відэазапіс звароту «рускага дабравольніцкага корпуса» і фатаграфіі нібыта з месца падзей з сяла. Але на гэтых відэа і здымках усе апрануты ў белую ці зялёную форму.

Па тэлеграм-каналах разышлося паведамленне аб абстралянай машыне з некалькімі дзецьмі і раненні ў грудзі 10-гадовага хлопчыка Федзі. У паведамленні тэлеграм-канала «Mash» фельчар, якая нібыта ўцякла з заложнікаў, распавядаючы пра гэтую гісторыю, згадала пра вайскоўцаў у балаклавах, хоць на фотаздымках і відэа «рускага дабравольніцкага корпуса» ніхто не хавае сваіх асоб. Іншыя медыя паведамлялі аб раненні і нават гібелі дзяўчынкі, але ўжо з абстралянага аўтобуса.

Канал «ВЧК-ОГПУ» датэлефанаваўся да дзяўчынкі Златы з нібыта абстралянай машыны. Яна сказала, што бачыла вайскоўцаў у белай і зялёнай форме. Паводле яе слоў, яны не сталі нічога рабіць, а сказалі дзецям: «Бяжыце і хавайцеся». Таксама «ВЧК-ОГПУ» пагаварыў з мясцовымі жыхарамі, якія паведамілі, што вайскоўцы загналі ўсіх у дамы, «пастралялі ў паветра, паўзрывалі нешта і сышлі», але пра захопы заложнікаў не чулі. Пры гэтым дыверсанты спрабавалі павесіць сцяг, але ў іх не атрымалася. Мясцовая жыхарка таксама адзначыла, што ў вайскоўцаў, якія ўвайшлі ў сяло, былі белыя і жоўтыя павязкі. Белыя павязкі выкарыстоўвае толькі расійская армія. Дыверсанты ж на відэа выкарыстоўваюць толькі жоўтыя павязкі, белых у іх няма.

Цэнтр грамадскіх сувязяў ФСБ заявіў, што разам з сіламі Мінабароны «праводзяцца мерапрыемствы па знішчэнні Узброеных украінскіх нацыяналістаў, якія парушылі дзяржаўную мяжу». Але мясцовыя жыхары распавялі, што ніякіх спецслужбаў яны не бачылі і не маглі ні да каго датэлефанавацца.

Нарэшце, нават ваенкары прызнаюць, што дзеянні «Рускага добраахвотніцкага корпуса» выглядаюць дзіўнымі і нелагічнымі. Ваенны аналітык Міхаіл Зінчук у сваім тэлеграм-канале выказаў здагадку, што адзіная мэта вылазкі — гэта піяр добраахвотніцкага корпуса, які ніколі не быў заўважаны ні ў якіх актыўных баявых дзеяннях, а існаваў толькі на паперы.

І самае галоўнае пытанне: як некалькі дзясяткаў чалавек спакойна прайшлі са зброяй ад вёскі Любячаны да вёскі Сушаны, калі паміж імі пара дзясяткаў кіламетраў? І за ўвесь гэты час іх не сустрэлі ні паліцыя, ні армія.