Адказнасць за ўварванне на Браншчыну ўзяў на сябе «Рускі Добраахвотніцкі корпус»

Баец «Рускага Добраахвотніцкага корпуса» пацвердзіў «Важным гісторыям», што РДК заходзіў на тэрыторыю Бранскай вобласці. Але адпрэчвае і захоп заложнікаў, і ахвяры сярод цывільнага насельніцтва.

Cкрыншот з відэа 

Cкрыншот з відэа 


«Я толькі што адтуль. Нас на гэтай задачы было 45 чалавек. Зайшлі, адздымалі, зрабілі засаду на дзве БМП. Дзяцей пацярпелых я не бачыў. Але быў адзін пацярпелы памежнік. Ніякіх заложнікаў не бралі», — паведаміў баец РДК на ўмовах ананімнасці.

Нагадаем, што раніцай 2 сакавіка пракрамлёўскія тэлеграм-каналы, а за імі і СМІ распаўсюдзілі паведамленні, што ўкраінскія дыверсанты праніклі на тэрыторыю Бранскай вобласці. Пазней «Рускі Добраахвотніцкі корпус» заявіў, што вылазку рабілі іх байцы.

Пры гэтым расійскія прапагандысты разышліся ў інфармацыі, якую публікавалі з месца. Спачатку было заяўлена, што дыверсанты ўзялі людзей у заложнікі. Улады рэгіёна гэтага не пацвердзілі.

Затым з'явіліся паведамленні аб абстрэле школьнага аўтобуса. Губернатар вобласці Аляксандр Багамаз напісаў, што «здзейснілі абстрэл аўтамабіля». Таксама спачатку прапагандысты заявілі, што паранена дзяўчынка, затым — хлопчык.

Па апошняй інфармацыі ад губернатара Багамаза, «ў вёсцы Любячане Клімаўскага раёна загінуў кіроўца легкавога аўтамабіля, паранены хлопчык 2012 года нараджэння. У цяперашні час дзіця дастаўлена ў Бранскую абласную бальніцу, яго жыццю нічога не пагражае».


Рускі Добраахвотніцкі корпус — сфарміраванае ў жніўні 2022 года падраздзяленне рускіх добраахвотнікаў, якія ваююць за Украіну з 2014 года (выхадцы з палка «Азоў» і іншых падраздзяленняў). РДК знаходзіцца ў складзе Інтэрнацыянальнага Легіёна Украіны.

У адрозненне ад легіёна «Свабода Расіі», набор у корпус праводзіцца не з палонных і былых расійскіх вайскоўцаў, якія трапілі ў «Легіён» з Расіі, а з этнічных рускіх эмігрантаў, якія пражываюць на тэрыторыі Украіны, а таксама ў шэрагу іншых еўрапейскіх краін. У лістападзе 2022 года «Грамадзянскі савет», які складаецца з грамадскіх дзеячаў ад 9 расійскіх рэгіёнаў, абвясціў набор добраахвотнікаў у шэрагі нацыянальных падраздзяленняў у складзе УСУ, у тым ліку РДК.

Эмблема РДК, выкарыстаная на сцягу — стылізаваная «спайка» ваенізаванай моладзевай арганізацыі «Белая ідэя», створанай у сярэдзіне 1930-х белаэмігрантам Віктарам Ларыёнавым. Акрамя афіцыйнага сімвала Корпуса, выкарыстоўваюцца сцяг Украіны і, некаторымі байцамі, значок на грудзях у выглядзе шаўрона рускай вызваленчай арміі, на якім намаляваны Андрэеўскі сцяг.

Па словах аднаго з камандзіраў, байцоў корпуса «хутчэй можна аднесці да правакансерватыўнага палітычнага спектра». У адным з допісаў у Telegram РДК заяўляюць, што ў аснове ідэалогіі таксама ляжыць «прынцып непрымірымасці — адмова ад любых формаў супрацоўніцтва з пераемніцай савецкага рэжыму — пуцінскай уладай і яе прадстаўнікамі і халуямі за мяжой», і што «Пуцін і яго памагатыя знішчаюць рускіх як этнас».