«Магчыма, гэта ўжо не А-50, а банальны Іл-76». Атакаваны партызанамі самалёт паляцеў у Расію

З аэрадрома Мачулішчы вылецеў расійскі самалёт А-50, які, як паведамлялася, пацярпеў ад атакі беларускіх партызанаў. Па інфармацыі тэлеграм-каналу, які маніторыць ваенную сітуацыю ў Беларусі, ён паляцеў у Расію на рамонт.

Скрыншот відэа БТ

Скрыншот відэа БТ


З вайсковага аэрадрома Мачулішчы 2 сакавіка а 11.35 узляцеў расійскі вайсковы самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання (ДРЛА) А-50. Паведамленні аб узлёце таксама распаўсюдзілі праўладныя блогеры і СМІ. Відэа з узлятаючым А-50 апублікавалі ў сваім Telegram-канале супрацоўнік RT Канстанцін Прыдыбайла і газета адміністрацыі Лукашэнкі «СБ».

Раней B*pol паведамляў, што гэты самалёт пацярпеў у выніку атакі дронаў. Гэта была дыверсія ад групы беларускіх партызан.

Самалёт А-50 пакінуў паветраную прастору Беларусі і, паводле інфармацыі тэлеграм-каналу, накіроўваецца на авіярамонтны завод у Таганрозе.


Украінскі ваенна-палітычны аглядальнік Аляксандр Каваленка ў каментарыі «Нашай Н*ве» разважае, у якім стане можа быць самалёт і наколькі 200 грамаў выбухоўкі, пра якія казалі, маглі яго пашкодзіць.

Эксперт адзначае, што магчымасць палёту пасля нанясення пашкоджанняў, пра якія заяўлялі партызаны, у А-50 магла цалкам захавацца.

«Учора мы бачылі, як ён рулюе па ўзлётна-пасадачнай паласе, і фактычна гэта кажа пра тое, што магчымасці кіравання гэтым самалётам у экіпажа ёсць. Іншае пытанне, ці мае ён магчымасць выконваць свае асноўныя функцыі — далёкага радыёлакацыйнага выяўлення і кіравання. Калі гэты комплекс атрымаў пашкоджанні, нават не нейкія глабальныя, а зусім невялічкія, якія знешне можна і не ўбачыць, то гэта ўжо не А-50, а банальны Іл-76», — лічыць Аляксандр Каваленка.

Выбухоўкі масай нават да 200 грамаў дастаткова, каб нанесці пашкоджанні, пасля якіх самалёт будзе патрабаваць рамонту, тлумачыць вайсковы эксперт.

«Расіяне добра разумеюць, што калі яны цяпер выведуць А-50 з тэрыторыі Беларусі ў Расію, на рамонтны завод, усе гэта ўбачаць. Гэта будзе зафіксавана. І пацвердзіцца, што аперацыя па нанясенні ўдараў па А-50 была паспяховай», — мяркуе ён.

Як дроны, якія наносілі пашкоджанні, маглі трапіць на тэрыторыю аэрадрома, які ахоўваецца?

«Мы цяпер бачым, як пастаянна на тэрыторыі Расіі нешта адбываецца. Напрыклад, інцыдэнт у Энгельсе. Тады ў гэтым абвінавацілі Украіну, хаця яна знаходзіцца ад гэтага горада за 800 кіламетраў. Ёсць жа ўсталяванае СПА, на аэрадроме ў Мачулішчах таксама. Але што забараняе яе абмінаць?

Паўнамаштабная вайна ва Украіне прадэманстравала тое, наколькі, насамрэч, малаэфектыўная расійская СПА. Яна не выконвае цалкам свае функцыі, а яе характарыстыкі значна завышаныя. Таму я не сумняваюся, што той ці іншы дрон мае ўсе магчымасці абмінаць расійскую СПА (а ў Беларусі стаіць таксама яна), і здзяйсняць такім чынам налёты на аб'екты», — падсумоўвае Аляксандр Каваленка.

Кіраўнік B*pol Аляксандр Азараў пракаментаваў сённяшні ўзлёт А-50: «Мэтай атакі былі антэна і абсталяванне. Узлёт не кажа пра працу абсталявання. Крылы і рухавікі не былі пашкоджаныя».