Што адбываецца ў Малдове і ці чакаць яшчэ адной вайны?

Напярэдадні гадавіны расійскага ўварвання ва Украіну пачаліся размовы, што пажар вайны вось-вось перакінецца на суседнюю Малдову. Ці так гэта? Прааналізавалі сітуацыю і спыталі ў эксперта.

Ілюстрацыйная выява. Фота inroman.ro

Ілюстрацыйная выява. Фота inroman.ro


Калі роўна год таму расійскія войскі перайшлі ўкраінскую мяжу, Кішынёў заняў дастаткова спецыфічную пазіцыю. Праеўрапейскае кіраўніцтва ў асобе прэзідэнта Маі Санду па факце абмежавалася тым, што асудзіла дзеянні РФ і пагадзілася прымаць бежанцаў з краіны-суседкі. Тым больш неўзабаве Санду відавочна стала не да Украіны. У краіне пачаўся рост коштаў на ацяпленне, чым маментальна скарысталася ўнутраная апазіцыя.
Уласна кажучы, менавіта ўнутрыпалітычнымі праблемамі тлумачылі гатоўнасць Санду падтрымаць нядаўнія тэзісы Зяленскага. Выступаючы ў Еўрапарламенце, ён раптам заявіў, што паводле звестак яго разведкі, Масква рыхтуе звяржэнне рэжыму ў Малдове рукамі дыверсантаў, якія могуць пракрасціся ў рэспубліку пад выглядам турыстаў ці футбольных фанатаў.
Рэагуючы на словы Зяленскага, малдаўскі гарант заклікала парламент пашырыць паўнамоцтвы праваахоўных органаў, закрыла на тры гадзіны паветраную прастору і не пусціла ў краіну фанатаў бялградскага клуба «Партызан», што стала прычынай для іранічных каментароў у яе адрас.
Аднак на гэтым гісторыя не скончылася. На днях Уладзімір Зяленскі ў інтэрв'ю нямецкаму выданню Die Welt заявіў, што Расія нібыта гэтым разам плануе захапіць аэрапорт Кішынёва, каб зрынуць рэжым Маі Санду. Новы прэм'ер Рэспублікі Малдова Дарын Рэчан пацвердзіў словы Зяленскага. У Масквы, паводле яго, некалькі сцэнароў дэстабілізацыі сітуацыі ў рэспубліцы, у тым ліку захоп паветранай гавані.
Паступова тэма пагрозы ў адрас Малдовы дапоўнілася актуалізацыяй старой праблемы Прыднястроўя. З пункту гледжання кіраўніка малдаўскага ўрада, для забеспячэння доўгатэрміновай бяспекі краіны неабходна дэмілітарызацыя расійскага анклава на Днястры і яго рэінтэграцыя ў склад Малдовы.
Пры гэтым сам малдаўскі прэм'ер ніякай канкрэтыкі наконт рэалізацыі такога кшталту амбіцыйных планаў не агучыў. Што тычыцца мілітарнага варыянту, то малдаўскае грамадства — такая версія дамінуе ў медыя — зусім не гатовае да вайны. У парадку дня Кішынёва тэма Прыднястроўя практычна адсутнічае. Напэўна, можна прымусіць малдаван адправіцца на фронт, але іх баяздольнасць пад вялікім пытаннем. Адсюль версія пра тое, што Кішынёў шантажуе ўлады самаабвешчанай рэспублікі, каб атрымаць танную электрычнасць на левым беразе Днястра. Адным словам, да канфрантацыі справа наўрад ці дойдзе.
Але тут жа ў сацыяльных сетках з'явілася інфармацыя, што амаль шэсць з паловай тысяч украінскіх вайскоўцаў рушылі да мяжы з Прыднястроўем. Паводле некаторых алармістаў, трэба чакаць правакацыю, якая стане падставай для ўкраінскай атакі на Прыднястроўе. Шанцаў у сепаратыстаў у такім выпадку не шмат: раскватараваная тут расійская групоўка налічвае менш за дзве тысячы чалавек.
Пры такім сцэнары ў Расіі, як канстатуюць эксперты, занадта мала магчымасцей для аказання дапамогі прыднястроўскай групоўцы. Самалёты з дэсантам над Украінай не паляцяць. Па сушы не дабрацца. Адзінае выйсце — паспрабаваць накіраваць дэсант з Чорнага мора ўверх па Днястры, але практычная рэалізацыя такога плану выклікае вельмі шмат пытанняў.


Зрэшты, пакуль медыяістэрыка наконт таго, што ў Малдове вось-вось палыхне, не знаходзіць пацвярджэння. Так, многія чакалі нейкіх інцыдэнтаў напярэдадні гадавіны вайны, але яскравай пагрозы канфрантацыі не адчуваецца. Пра гэта сведчыць і малдаўскі палітолаг Сяргей Чос, які каментуе цяперашнюю сітуацыю для «Новага Часу».
У прынцыпе, па абодва бакі Днястра адносна спакойна. Тым больш, што цягам апошняга года прагнозы наконт таго, што ў нас вось-вось пачнецца вайна, насілі дзяжурны, амаль рытуальны характар. Ёсць чуткі, што Зяленскі казаў пра расійскую пагрозу ў Малдове, каб падтрымаць рэйтынг адміністрацыі Санду, якой не салодка праз акцыі апазіцыі. У Прыднястроўі ўлады ўсімі сіламі імкнуцца паказаць, што ўсё пад кантролем. Афіцыёз сцвярджае, што абстаноўка нагнятаецца наўмысна, каб справакаваць рэспубліку на нейкія дзеянні. Так што вайна, падобна, пакуль адмяняецца. Хаця натуральна ўсё магчыма.
Увогуле, варта ўлічваць, што прыднястроўская эліта даўно ўжо інтэгравана ў еўрапейскія эканамічныя схемы. 85-87% прыднястроўскага экспарту ідзе ў Малдову і Еўропу Многія прадстаўнікі вярхушкі маюць нерухомасць на Захадзе, там жа ў іх банкаўскія рахункі. Таму паводзіны прыднястроўскіх палітыкаў і бізнесменаў па ходзе развіцця цяперашняга расійска-ўкраінскага канфлікту непрадказальныя. Як, адпаведна, і будучыня прыднястроўскага рэгіёну.