Прэзідэнтка Малдовы заявіла, што ў краіне рыхтуюцца дыверсіі. Беларусы могуць быць датычныя

Паводле Маі Санду, інфармацыя была атрымана ад улад Украіны. Дзяржаўныя органы Малдовы праверылі яе і пацвердзілі, што пагроза існуе, піша малдаўскае выданне «Point».

Мая Санду. Фота: «Point»

Мая Санду. Фота: «Point»

«Дакументы, атрыманыя ад нашых украінскіх партнёраў, дэманструюць фіксацыю месцаў і лагістычных аспектаў арганізацыі гэтых падрыўных дзеянняў. Таксама план мяркуе выкарыстанне людзей з-за меж краіны для гвалтоўных дзеянняў.
Напрыклад, матэрыялы ўтрымліваюць інструкцыі аб правілах уезду ў Малдову для грамадзян Расійскай Федэрацыі, Рэспублікі Беларусь, Сербіі і Чарнагорыі. Аўтары спадзяюцца на некаторыя ўнутраныя сілы,  асабліва на злачынныя групоўкі, такія, як фарміраванне «Шор», некаторых ветэранаў і некалькіх людзей, вядомых сваімі сувязямі з Плахатнюком (прарасійскі дзеяч Малдовы — заўв. «НЧ»). Мэта гэтых дзеянняў — звяржэнне канстытуцыйнага ладу, змена легітымнай улады з Кішынёва на нелегітымную, якая аддала б краіну ў распараджэнне Расіі для спынення працэсу інтэграцыі ў ЕС», — заявіла Санду.
У сувязі з гэтым прэзідэнтка даручыла прыняць наступныя меры:
— дзяржаўныя ўстановы, асабліва органы бяспекі і грамадскага парадку, павінны праяўляць максімальную пільнасць;
— парламент Рэспублікі Малдова павінен як мага хутчэй прыняць законапраекты, якія забяспечаць СІБ і пракуратуру неабходнымі інструментамі для больш эфектыўнай барацьбы з рызыкамі для бяспекі краіны. Усе тыя, хто ўдзельнічае ў гэтых акцыях, скіраваных супраць дзяржавы Рэспублікі Малдова (знешнія элементы, члены палітычных партый і злачынных груповак), а таксама ўсе тыя, хто іх абараняе, павінны быць прыцягнуты да адказнасці.
Чуткі пра магчымыя спробы Расіі раскачаць сітуацыю ў Малдове з'явіліся на мінулым тыдні. Некалькі дзён таму ўрад Малдовы ў поўным складзе склаў свае паўнамоцтвы. Неафіцыйна паведамлялася, што гэта звязана з намерам стварыць новы ўрад з сілавікоў, якія б маглі адэкватна дзейнічаць у выпадку інтэрвенцыі іншаземных сіл.