Малдова выходзіць з СНД. Дзеля чаго?

Малдова заявіла, што выходзіць з СНД і збіраецца стаць сябрам Еўрасаюза.

svjatlo__zjaleny__sihnal__minsk_fota_dzmitryj_dzmitryeu__novy_czas_logo_1.jpg

Малдова мае намер далучыцца да Еўрапейскага саюза і дэнансуе пагадненні ў межах СНД. Пра гэта сказаў міністр замежных спраў краіны Ніку Папеску.

Па словах Папеску, Малдова збіраецца ўдзельнічаць у тых аб’яднаннях, якія паспрыяюць развіццю краіны ў еўрапейскай інтэграцыі.

«Пачынаем дэнансацыю Малдовай пагадненняў у межах СНД. Нашы дзяржустановы прааналізавалі мэтазгоднасць многіх пагадненняў, падпісаных у СНД, і ў гэтыя дні мы пачынаем працэдуру выхаду з некалькіх дзясяткаў пагадненняў. Мы дапоўнім і апублікуем гэты спіс. Толькі па лініі МУС дэнансуем каля 20 пагадненняў», — сказаў Ніку Папеску. 

Міністр замежных спраў адзначыў, што Кішынёў удзельнічае прыкладна ў 330 пагадненнях у межах СНД.

«Малдова далучыцца да Еўрапейскага саюза, у яе абсалютна іншыя мэты ў знешняй палітыцы. Удзел у іншых аб'яднаннях будзе падпарадкаваны мэтам еўрапейскай інтэграцыі. Відавочна, што выхад з СНД або скасаванне гэтых пагадненняў, несумяшчальных з нашымі абавязацельствамі, працягнецца».



Захад гуляе з Пуціным у Малдове

Палітолаг і вядомы ўкраінскі блогер Алег Панамарразважае, ці магчымы зараз захоп Расіяй Малдовы і што наогул адбываецца ў краіне.

«Для таго, каб Пуціну захапіць (магчыма, і гібрыдна, але спачатку — змяніць уладу) і ўтрымаць Малдову, трэба тысяч 50 войскаў, а лепш — 100. А ў яго сёння і тысячы лішняй няма, улічваючы, што РФ паўгода не можа ўзяць Бахмут.

Плюс вось вам яшчэ прыклад — Беларусь. Беларусь нібыта ўжо Пуціна, але ягоныя дакументы паказваюць, што поўны захоп Беларусі Пуцін планаваў аж да 2030 года.

Да чаго я вяду? Да таго, што адкрываць другі фронт у Малдове Пуціну сёння нявыгадна. Але гэта выгадна Захаду (NАТО, ЕС, Румынія) і Украіне. Таму невялікімі пакуль рэсурсамі і не спяшаючыся Украіна і Захад будуць ціснуць на Малдову, а Санду будзе рабіць крокі, якія прымушаюць Пуціна нервавацца і нешта рабіць у адказ.

Вы заўважылі, як Санду пачала больш прама ўзаемадзейнічаць з NАТО, з асобнымі краінамі NАТО, ЕС і г.д. Гэта не проста так, гэта частка стратэгіі.

Далей. Пуцін можа паспрабаваць перахапіць ініцыятыву, гуляць на апярэджанне і г.д. Дапусцім нават, што ён дамогся нейкага лакальнага поспеху (ваеннага або палітычнага). Але зноў жа — давайце ўспомнім Балканы. Там Пуцін часам дамагаўся лакальных поспехаў, але ў доўгай гульні заўсёды прайграваў, бо не мае рэсурсу, каб утрымаць дасягненні.

Таму засвоім простую рэч — у Малдове гульню вядзе не Пуцін, а Захад і Украіна. Пуціна там гуляюць. У Малдове не абавязкова сёння ці заўтра стануць магчымымі гучныя падзеі і перамены. Але ўся гульня там (у доўгім разуменні) — на карысць і ў інтарэсах Украіны і Захаду. Гэта няспешнае падабенства другога фронту.

Калі б у Грузіі не быў прарасійскі рэжым, то было б наогул выдатна адначасова ствараць ціск і там.

Пакуль так».