Мірны план Кітая: што прапануецца?
Кітай прадставіў свой план па «палітычным урэгуляванні ўкраінскага крызісу». Ён складаецца з 12 пунктаў.
![Лідар Кітая Сі Цзіньпін.Фота з сайта focus.ua Лідар Кітая Сі Цзіньпін.Фота з сайта focus.ua](/img/v1/images/kitaj_si_czynpin.webp?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Лідар Кітая Сі Цзіньпін.Фота з сайта focus.ua
Мірны план Кітая, як і было абяцана, быў прэзентаваны ў гадавіну вайны. Ён складаецца з 12 пунктаў. Адпаведны дакумент быў размешчаны на сайце МЗС КНР.
Пекін заклікаў спыніць баявыя дзеянні ва Украіне і «адмовіцца ад менталітэту халоднай вайны». Таксама кітайскія ўлады лічаць неабходным пачаць мірныя перамовы, спыніць «аднабаковыя санкцыі» і гарантаваць вываз украінскага збожжа.
![Кітай прагне стаць міратворцам? І ты, Брут? Кітай таксама прагне стаць міратворцам?](/img/v1/images/zycce__minsk__varona__pozirk_fota_dzmitryj_dzmitryeu__novy_czas_logo_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
У прыватнасці, Пекін заклікае:
- Паважаць міжнароднае права і прынцып «суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці ўсіх краін».
- Адмовіцца ад «менталітэту халоднай вайны». «Бяспека краіны не можа дасягацца за кошт бяспекі іншых. Бяспека рэгіёна не павінна дасягацца ўмацаваннем або пашырэннем ваенных блокаў», — гаворыцца ў гэтым пункце. Пекін заклікаў сур'ёзна ставіцца да «законных інтарэсаў бяспекі ўсіх краін» і «не дапускаць фарміравання лагерных супрацьстаянняў».
- Спыніць агонь. Пекін заклікае ўсе бакі праяўляць стрыманасць, не «раздзімаць полымя» і дапамагчы Украіне і Расіі як мага хутчэй аднавіць дыялог.
- Пачаць мірныя перамовы. На думку КНР, міжнародная супольнасць павінна дапамагчы бакам канфлікту «адкрыць дзверы для палітычнага ўрэгулявання», а таксама стварыць для гэтага ўмовы і даць платформу для перамоў.
- Вырашыць гуманітарны крызіс. Пекін заклікаў «абараняць бяспеку цывільных асоб» і ствараць гуманітарныя калідоры для іх эвакуацыі, нарошчваць гуманітарную дапамогу.
- Абараніць цывільных асоб і ваеннапалонных. На думку кітайскіх улад, бакі ваеннага канфлікту павінны ўстрымлівацца ад нападаў на цывільных асоб і грамадзянскія аб'екты, абараняць жанчын і дзяцей, а таксама паважаць правы ваеннапалонных.
- Падтрымліваць бяспеку атамных электрастанцый. КНР заявіў аб неабходнасці супрацьстаяць узброеным нападам «на мірныя ядзерныя аб'екты», у прыватнасці, на АЭС. Згодна з дакументам, усе бакі павінны выконваць Канвенцыі аб ядзернай бяспецы і пазбягаць тэхнагенных ядзерных аварый.
- Знізіць стратэгічныя рызыкі. На думку Пекіна, нельга выкарыстоўваць ядзерную зброю, неабходна процідзейнічаць яе прымяненню або пагрозе прымянення. Кітай таксама выступае супраць «распрацоўкі і прымянення біялагічнай і хімічнай зброі любой краінай пры любых абставінах».
- Гарантаваць вываз збожжа. На думку Пекіна, усе бакі павінны выконваць пагадненне аб перавозцы збожжа па Чорным моры, што было падпісана Расіяй, Украінай, Турцыяй і ААН у 2022 годзе.
- Спыніць аднабаковыя санкцыі. Пекін заяўляе аб недапушчальнасці «аднабаковых», гэта значыць не зацверджаных Саветам Бяспекі ААН, санкцый. На яго думку, такія меры «не толькі не вырашаць праблемы, але створаць новыя».
- Забяспечыць стабільнасць ланцужкоў вытворчасці і паставак. Пекін адзначае, што трэба абараняць сусветную эканоміку і супрацьстаяць яе палітызацыі і выкарыстанню для ваенных мэт. Ён заклікаў не дапусціць зрыву міжнароднага супрацоўніцтва ў галінах энергетыкі, фінансаў, гандлю збожжам і транспарту.
- Садзейнічаць пасляваеннаму аднаўленню. На думку КНР, міжнароднай супольнасці неабходна прыняць меры для падтрымкі пасляваеннага аднаўлення ў зоне канфлікту. Пекін заявіў, што гатовы «аказаць дапамогу і адыграць канструктыўную ролю» ў гэтым пытанні.
![Як паўплывае Кітай на ход вайны? Як паўплывае Кітай на ход вайны? Чаму Лукашэнка хоча памяняць апекуна з Масквы на апекуна з Пекіна?](/img/v1/images/cn5f9oxw8aa9ydz.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Нагадаем, раней на Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы сябар Палітбюро ЦК КПК Ван І заявіў, што Кітай у гадавіну расійскага ўварвання ва Украіну апублікуе нейкі «мірны план» па ўрэгуляванні ваеннага канфлікту.
Пасля гэтага Ван І прыбыў з візітам у Маскву, дзе сустрэўся з сакратаром Рады бяспекі Расіі Мікалаем Патрушавым і затым у Крамлі — з Уладзімірам Пуціным.
Паводле www.currenttime.tv