Правал? Кітай не стане інвеставаць у Беларусь з-за рызыкі патрапіць пад другасныя санкцыі

«БЕЛТА» аб’явіла, што Лукашэнка і Сі Цзіньпін у сумеснай дэкларацыі замацавалі «новую эпоху партнёрства Беларусі і Кітая». Гэту песню падхапілі і на розныя лады разнеслі іншыя трубадуры беларускага рэжыму. А што на самай справе?

_belarus_hroszy_ekanomika_kurs_infljacyja_fota_novy_czas__3__logo.jpg


Беларусь у 2023 годзе разлічвае амаль у два разы нарасціць аб'ёмы паставак прадуктаў харчавання ў Кітай — з 500 мільёнаў долараў да 900 мільёнаў, сказаў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло. А першы віцэ-прэм’ер Мікалай Снапкоў ацаніў сукупны эканамічны эфект ад беларуска-кітайскіх дамоўленасцей у 3,5 мільярды долараў.

Адкуль узялася гэтая лічба і ці варта ёй верыць? Запыталіся ў эканаміста Льва Марголіна.

— Канешне, Мікалаю Снапкову лепш відаць, але я вельмі сумняваюся ў рэалістычнасці названых лічбаў. Каб быў рост (любы рост), патрэбны інвестыцыі: з Захаду інвестыцый нам не відаць — мы абкладзены санкцыямі, з Расіі — таксама (канешне, інвестыцыі магчымыя, але не ў тых маштабах, якіх нам хочацца), бо расіянам не да нас. І вельмі-вельмі моцна сумняваюся, што пойдуць інвестыцыі з Кітая. Беларусь і Кітай маюць вялікі вопыт двухбаковых стасункаў, шмат разоў Мінск чакаў, што Кітай залье краіну грашамі. Але Кітай гатовы ўкладваць грошы ў Афрыку, дзе маёмасць, дзе карысныя выкапні.

Кітай імкнецца больш экспартаваць у Беларусь, прычым за наш жа кошт, у крайнім выпадку, за кітайскія звязаныя крэдыты. Кітай выдзяляе звязаныя крэдыты, разам з імі даводзіцца «экспартаваць» кітайскую працоўную сілу, якая нешта будуе (за якасць кітайцы не адказваюць, бо фармальна праект рэалізуе Беларусь), а пасля ўсяго мы мусім яшчэ і выплочваць крэдыты. Таму разлічваць на тое, што Кітай, які не інвеставаў у Беларусь у больш спрыяльных умовах, закідае нас інвестыцыямі, рызыкуючы патрапіць пад другасныя санкцыі — наіўна і нават смешна.

Пра мэты візіту беларускага кіраўніка ў Кітай Леў Марголін выказаўся коратка і ясна:

— Лукашэнка пераследуе адны і тыя ж мэты заўсёды — ці едзе ў Маскву, ці ляціць у Кітай: размова заўсёды ідзе пра грошы. Часам — пра павелічэнне беларускага экспарту, каб для беларускай прадукцыі на рынку былі створаны больш прывабныя ўмовы. А прапагандысты, вядома, дуюць у сваю трубу: «пачалася новая эпоха ў беларуска-кітайскіх адносінах». Публіцы трэба патлумачыць мэты і задачы візіту Лукашэнкі, бо могуць узнікнуць вельмі мулкія пытанні, — мяркуе эканаміст.