Палітолаг: Лукашэнка адправіць войскі ва Украіну, але гэта яму не дапаможа

Удзел беларускіх вайскоўцаў у вайне ва Украіне непазбежны, лічыць палітолаг, навуковы супрацоўнік Карлава ўніверсітэта (Чэхія) Аляксандр Марозаў. 

Фота newsgomel_by

Фота newsgomel_by

У інтэрв'ю «Лампе» ён распавёў, чаму Лукашэнка аддасць адпаведны загад, чаму мяжа з ЕС неўзабаве можа быць цалкам зачынена, чаму акумулятар у беларускага грамадства зараз на падзарадцы, а пераход нашай краіны да дэмакратыі непазбежны.

— Цяпер гарачы момант, — адзначыў палітолаг. — Многія лічаць, што другі год вайны не абыдзецца без удзелу Лукашэнкі ў больш актыўнай форме. Сама логіка вайны да гэтага вядзе. Незалежна ад таго, хоча ён уступаць у вайну, ці гатовае беларускае войска ваяваць і якія яго магчымасці. Крэмль вядзе кампанію ўсё горш і вельмі доўга знаходзіцца ў стане парытэту з УСУ. Значыць, ён будзе выкарыстоўваць нейкія дадатковыя магчымасці. Беларусь — адна з такіх магчымасцяў.

— Гэта значыць, Лукашэнка аддасць загад на ўваходжанне беларускіх войскаў ва Украіну?

— Мой прагноз дрэнны. Думаю, аддасць. Ён не хоча гэтага, яго аргументацыя даўно вядомая. Пра гэта шмат напісана. Тым не менш сама логіка вайны, на жаль, робіць уваходжанне беларускага войска ў вайну, на мой погляд, стоадсоткавым.

— Беларускія вайскоўцы падпарадкуюцца загаду наступаць на Украіну, ці могуць пачацца бунты?

— Істотным з'яўляецца сам факт абмежаванага ўдзелу беларускіх войскаў у вайне. Несумненна, беларусы не хочуць ваяваць. У тым ліку для значнай часткі камандзіраў атакаваць Украіну непрымальна. Яны выдатна разумеюць, што гэта выклікае наступствы на дзесяцігоддзі наперад. Але каб гэты ўдзел адбыўся, дастаткова аднаго батальёна спецназа. Такія сілы ў Лукашэнкі, вядома, ёсць. Беларускія войскі не ўяўляюць сабой важнага элементу стратэгіі Крамля. На гэта, відавочна, разліку няма. Але сімвалічны ўдзел аднаго батальёна зменіць усю карціну.

— Польшча закрыла амаль усе пункты пропуску на мяжы з Беларуссю. Поўнае спыненне транспартных зносін з ЕС магчыма?

— Мабыць, гэта адбудзецца. Тут таксама ёсць свая логіка, незалежна ад таго, хто што робіць. Гэта як з вайной. Крэмль ідзе на разрыў з Еўрасаюзам настолькі татальна, што ў будучыні гэта наогул не прадугледжвае адкрытых межаў. Больш за тое, цяпер вайна ўвайшла ў самую небяспечную фазу — Расія цярпіць паразу. Праз два-тры месяцы можна чакаць такіх экстрэмальных падзей, якія закрыюць межы з ЕС цалкам.

— Беларусь яшчэ можа геапалітычна адарвацца ад Расіі? Або працэсы гніення трэба будзе перажываць разам?

— Гэта самае драматычнае пытанне. Безумоўна, мы б усе хацелі, каб Беларусь адарвалася ад Расіі. Больш таго, беларусы абсалютна гатовыя існаваць у еўрапейскім свабодным фармаце. Нягледзячы на тое, што ў 2020 годзе грамадства пацярпела паразу, а перамагла горшая, кансерватыўная частка гэтага грамадства — тым не менш краіна застаецца гатовай да рэспубліканскай формы праўлення.

Нават сёння, пасля двух гадоў узмацнення аўтарытарызму, мы бачым, што беларусы могуць без шва перайсці да парламенцкай рэспублікі. Лёгка, прама заўтра. І не адбудзецца ніякага крызісу. Можна параўноўваць з Расіяй, іншымі постсавецкімі краінамі... Там усё па-рознаму, і з вялікімі цяжкасцямі. Але дзесяцімільённы беларускі народ знаходзіцца ў тым жа стане, што [ў свой час] і чэшскі або балгарскі. Так, ёсць спецыфіка, якая адрознівае яго ад іншых. Але пераход можа быць вельмі хуткім. Гэта элемент такога аптымізму.

Я не веру, што Крэмль ажыццявіць сваю вар'яцкую, ілюзорную праграму стварэння дзяржавы нейкага трыадзінага народа. Не магу сабе ўявіць, што вайна можа скончыцца перамогай Пуціна. Гвалтоўна, з дапамогай ваеннай агрэсіі і эканамічнага шантажу можна сканструяваць новую дзяржаву? Не, нельга. На маю думку, у нейкай кароткай гістарычнай перспектыве і Саюзная дзяржава рассыплецца. Ну, гэта непазбежна. Няма альтэрнатывы ў такога сцэнару.

— Чаму Украіна пазбягае кантактаў са Святланай Ціханоўскай?

— Гэта дрэнная сітуацыя ў тым сэнсе, што ў палітыцы прынята раскладваць яйкі ў два кошыкі. Ніхто не сумняваецца, што Кіеў павінен падтрымліваць тэхнічныя кантакты з Мінскам нават ва ўмовах вайны. Але што паралельна з гэтым Украіна не пабудавала камунікацыю з Ціханоўскай, з майго пункту гледжання, гэта недальнабачна. Хоць гэта зразумела — падчас вайны складана думаць на доўгатэрміновую перспектыву. Нядрэнна ўжо тое, што Кіеў наўпрост падтрымлівае полк Каліноўскага, нейкія формы беларускага супраціву.

— Украінскія ўлады дагэтуль лічаць, што з Лукашэнкам можна пра нешта дамовіцца?

— Так, вядома. З прагматычных меркаванняў. Няма сумненняў, што ў Кіеве ніхто не цешыць сябе ілюзіямі. Там даўно ведаюць пра цынізм Лукашэнкі, што ён схлусіць — нядорага возьме, ягоную рыторыку. Але іншай стратэгіі ўласнай бяспекі ва Украіны сёння няма, акрамя як працягваць у нейкай форме ўзаемадзейнічаць з Мінскам.

Тут трэба падкрэсліць наступнае. Калі б не было расійскай агрэсіі, Лукашэнка заставаўся б галоўнай болевай кропкай у рэгіёне. Больш за тое, ён працягваў бы паяснічаць, ствараючы праблемы ўсходняму флангу НАТА. І тады ў Кіева сфармавалася б іншая пазіцыя. Таму што, як ні круці, калі побач з вамі адбываецца вар'яцтва, масавыя рэпрэсіі, то павінен быць план дзеянняў у альянсе з іншымі краінамі. Вайна змяніла сітуацыю. Яна прыцягнула ўвагу да Масквы, адсунуўшы Беларусь на другі план. Гэта велізарная праблема не толькі для Ціханоўскай, але і для ўсіх беларусаў, якія знаходзяцца ў Еўропе.

Пры гэтым я ўпэўнены, што Украіна яшчэ зменіць пазіцыю ў дачыненні да беларускага рэжыму. Як Лукашэнка можа ўхіліцца ад далейшага ўдзелу ў вайне? Мяркую, што ніяк. Такім чынам, Кіеў апынецца перад неабходнасцю разарваць кантакты з Мінскам і больш шчыльна працаваць у еўрапейскай кааліцыі супраць Пуціна і Лукашэнкі. Вось так гэта будзе, напэўна.

— Якія засталіся шанцы скінуць Лукашэнку і Пуціна?

— Лукашэнка і Пуцін, вядома, рухаюцца да катастрофы. Па адной простай прычыне. Таму што гэтую вайну выйграць нельга. Ці ёсць шанец, прайграўшы вайну, закансервавацца? Гэта цікавае пытанне.

З аднаго боку, Лукашэнка старэе, і з улікам гэтага фактару ён можа проста схіляцца ў абдымкі Масквы, губляць здольнасць выбудоўваць суверэнітэт, як ён яго разумее. Ці будзе ён падаць у абдымкі Крамля — пытанне адкрытае. Я б не ўзяўся гэта прадказваць.

З іншага боку, Лукашэнка паказаў сябе абсалютна цынічным палітыкам, без чырвоных ліній. Забіць сваіх апанентаў, бессаромна хлусіць, дайсці да сімулявання крызісу з бежанцамі… У гэтым сэнсе, як бы парадаксальна ні гучала, Пуцін шануе Лукашэнку. Таму што ён такі ж беспрынцыповы. Ты такі ж гад, як і я сам.

Наша надзея зводзіцца да таго, што беларусы вырвуцца. Што наогул усе народы канчаткова вырвуцца з гэтага постсавецкага мораку. Беларусы ўжо зрабілі да гэтага вялікія крокі — у 2010 годзе і ў 2020-м. Ці зробяць яшчэ адзін крок? Я не сумняваюся.

З пункту гледжання гісторыі Усходняй і Цэнтральнай Еўропы канца XX — пачатку XXI стагоддзя, беларускі 2020 год стаў каласальнай падзеяй. Гэта была відавочная дэманстрацыя гістарычнага выбару, намераў цэлага народа. Гэта паўторыцца. Напэўна, мае рацыю адзін з маіх калегаў, які сказаў, што цяпер беларусы так пачуваюцца... Так, рухавічок цяпер не працуе, акумулятар выдыхся. Але акумулятар яшчэ падзарадзіцца. Магчыма, трыгерам стане параза Крамля ў вайне. У будучыні Беларусі я ўпэўнены. З Расіяй усё значна складаней.

— Ці змогуць беларусы і ўкраінцы аднавіць добрасуседскія адносіны?

— Так, канешне, прычым даволі хутка па гістарычных мерках. Усім вядома, што, калі няма палітычнага канфлікту, то, напрыклад, прыгранічнае эканамічнае супрацоўніцтва вельмі хутка аднаўляецца і моцна ўплывае на атмасферу адносін. Гісторыя мінулага стагоддзя гэта пацвердзіла цалкам. Максімум на працягу паўтара года адбудзецца поўнае аднаўленне камунікацыі паміж украінцамі і беларусамі.