Фрыдман: Кітай зацікаўлены ў захаванні незалежнай Беларусі на чале з Лукашэнкам

Паднябесная не стане падштурхоўваць Расію да інкарпарацыі Беларусі. Але ці пойдзе Кітай на пагаршэнне адносін з Расіяй пры паглынанні Беларусі?

english.news.cn

english.news.cn


Кітай дэманструе інтарэс да захавання беларускага рэжыму, але адначасова і да захавання Беларусі. Калі за цяперашнім рэжымам будзе стаяць не толькі слабая Расія, але і моцны Кітай, то магчымасці для дэмакратычных пераўтварэнняў, нават у спрыяльных умовах, будуць вельмі абмежаваныя.
28 лютага — 2 сакавіка Лукашэнка пабываў з дзяржаўным візітам у Кітаі. Прапаганда абвясціла новую эпоху ў беларуска-кітайскіх адносінах.
З чым Лукашэнка вярнуўся з Пекіна? «Новы Час» пагутарыў з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.
— Ці выканаў Лукашэнка задачы, якія ставіў перад сваім візітам у Кітай, мы ўбачым толькі ў будучым. Тым больш, што мы не ведаем, якія канкрэтна задачы ён ставіў перад сабой.
Як мне падаецца, галоўнай задачай Лукашэнкі было атрымаць падтрымку Кітая: падтрымку пазіцыі, што Беларусь не будзе ўвязвацца ў гэтую вайну яшчэ больш. Перад ім стаяла задача атрымаць падтрымку сённяшняму, хоць і абмежаванаму, незалежнаму становішчу Беларусі, не дапусціць інкарпарацыі краіны і атрымаць палітычную падтрымку ў шырокім сэнсе, каб Кітай зрабіў стаўку на яго. І, канешне, эканамічны інтарэс таксама прысутнічае. У Лукашэнкі была мнагапланавая паездка.
Пакуль выглядае так, што сваіх мэт ён дабіўся. Палітычную падтрымку, хаця б вербальную, ён атрымаў: кітайскае кіраўніцтва прадэманстравала досыць паважлівае стаўленне да яго. Лукашэнка чакана падтрымаў, прычым яшчэ да візіту, кітайскі план па вайне ва Украіне і тым самым паказаў, што ён для яго стаў бы аптымальным выйсцем з гэтай вайны — замарозка сітуацыі на кітайскіх умовах. 
Цяжка ацэньваць эканамічную карысць падпісаных пагадненняў, але, як афіцыйна заяўлена, падпісана блізу 40 сумесных дакументаў.
Паездка выглядае досыць удалай. Тым больш, што Лукашэнка меў патрэбу найперш у палітычнай падтрымцы: Кітай, падобна, задаволены статусам-кво, які склаўся ў Беларусі.
— Ці знайшоў Лукашэнка ў асобе Кітая процівагу крамлёўскаму ўплыву? Гэтая тэма актуалізавалася пасля зліву крамлёўскіх планаў па паглынанні Беларусі да 2030 года.
— Лукашэнка на гэта спадзяецца. У сённяшніх умовах выглядае так, што Кітай у паглынанні Беларусі асабліва не зацікаўлены. Калі да 2020 года, і асабліва да вайны, Кітай вельмі асцярожна ставіўся да «беларускага пытання» — і кітайскія эксперты, і кітайская прэса прызнавалі Беларусь зонай расійскага ўплыву — то сёння сітуацыя змянілася; відавочна, пазіцыі Масквы больш слабыя. А Лукашэнка ўжо даўно, яшчэ з 2020 года, шукае падтрымку ў новай, моцнай супердзяржавы — Кітая, на якую можна абапірацца (паралельна з падтрымкай Расіі). Але Кітай ажно да гэтага года паводзіў сябе асцярожна. Цяпер жа Лукашэнку запрасілі, падпісалі пакет дакументаў, дый яшчэ асабліва падкрэслілі шчыльнае супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітаем. Гэта сімвалічны жэст Кітая, які сведчыць пра ягоную зацікаўленасць у існаванні беларускай дзяржавы. Як мне здаецца, у Кітаі ўсё ж вырашылі падтрымаць Лукашэнку і надаць яму дадатковую палітычную вагу, і тым самым паказаць Расіі, што ў Кітая існуюць уласныя інтарэсы, у якія не ўпісваецца поўнае паглынанне Беларусі.
Кітай відавочна не супраць расійскай ваеннай прысутнасці ў Беларусі, цесных беларуска-расійскіх адносін — гэта кітайцаў асабліва не цікавіць. Іх цікавяць уласныя інтарэсы. І мне здаецца, сёння ў Кітаі лічаць, што працяг існавання незалежнай дзяржавы на чале з Лукашэнкам ці мадыфікаваным лукашэнкаўскім рэжымам поўнасцю адпавядае кітайскім інтарэсам.
Зразумела, Кітаю было б лепш, каб у Беларусі былі не такія дрэнныя адносіны з Захадам, каб Беларусь можна было выкарыстоўваць як плацдарм для прасоўвання сваіх тавараў і паслуг у еўрапейскім кірунку. Міжнародная аблога Беларусі перашкаджае кітайскім інтарэсам, але Пекін зыходзіць з рэалій. Нягледзячы на такія нязручнасці, выглядае на тое, што Лукашэнка з яго выразнай пракітайскай пазіцыяй, яго гатоўнасцю выканаць любыя пажаданні Кітая, з яго падтрымкай знешнепалітычных ініцыятыў Кітая прыйшоўся да двара. Не трэба забывацца на тое, што рэжым Лукашэнкі аўтарытарны, з якім другому аўтарытарнаму рэжыму працаваць намнога прасцей. Лукашэнка падкрэсліваў, што гатовы практычна на ўсё: любыя кітайскія праекты, усё роўна ў якой галіне, могуць быць рэалізаваны. Для Кітая такі рэжым досыць прывабны, хаця знешнепалітычная ізаляцыя і санкцыі шкодзяць кітайскім інтарэсам, але, відаць, існуе надзея на тое, што аблога нейкім чынам можа спыніцца. У Кітая няма жадання нешта мяняць у Беларусі, Кітай актыўна дэманструе сваю прыязнасць да Лукашэнкі і тым самым падвышае яго палітычную вагу.
— Беларусь ужо страціла ролю транзітнага калідора на Захад. У якой ролі Кітай бачыць Беларусь тут і цяпер?
— Безумоўна, роля акна ў Еўропу страчана, але пэўны плацдарм магчымасцей яшчэ захоўваецца. У той момант, калі Беларусь непасрэдна ўступіць у вайну і стане на адзін узровень з Расіяй, магчымасці Кітая выкарыстоўваць Беларусь як плацдарм звузяцца яшчэ больш. Таму цяпер Кітай глядзіць на Беларусь як на патэнцыяльную магчымасць.
Акрамя таго, Беларусь можна выкарыстоўваць для далейшай экспансіі ў расійскім кірунку. Ад гэтага кірунку, Кітай, зразумела, не адмаўляецца. Але Кітай адрозніваецца стратэгічным планаваннем, ён ставіць не кароткатэрміновыя мэты, як гэта робіць Расія, ён будуе сярэднетэрміновыя ці нават доўгатэрміновыя планы. Так, сёння Кітай разумее, што зараз выкарыстоўваць Беларусь у якасці транзітнага калідора — вельмі дрэнны варыянт. Але задача Пекіна палягае ў тым, каб прыйсці ў краіну надоўга, каб яна дзейнічала ў іх інтарэсах.
Кітай глядзіць і ў часы і пасля Лукашэнкі, яму цікава, каб беларускія эліты таксама арыентаваліся на Кітай, марылі пра супрацоўніцтва з ім. Менавіта на гэта робіцца стаўка. Выглядае так, што Кітай вырашыў паступова адмовіцца ад стратэгіі працы ў Беларусі з аглядкай на Маскву: яны будуць спрабаваць рабіць гэта самастойна і прывязваць беларускі рэжым яшчэ больш цесна да сябе. Тым больш, што Лукашэнка сам са скуры лезе, каб трапіць у кітайскія абдымкі: ён не бачыць для сябе магчымасцей на Захадзе, Захаду ён не давярае, бо цудоўна разумее, што ўсё, што ён нарабіў пасля 2020 года, перашкаджае замірэнню з Захадам. Але галоўнае — адсутнасць даверу: нават калі гіпатэтычна дапусціць нейкае збліжэнне, у Лукашэнкі перад вачыма заўсёды лёс калег-дыктатараў, якія таксама спрабавалі заігрываць з Захадам, але ў выніку ўсё кепска скончылася для іх (і Мілошавіч, і Кадафі, і іншыя).
З Кітаем яму куды прасцей. Збліжэнне з Кітаем не нясе наўпроставай пагрозы паглынання Беларусі. І ў тым прынцыповае адрозненне ад Расіі, якая праводзіць выразную рэваншысцкую палітыку. Цеснае збліжэнне з Расіяй адбываецца з другой паловы 90-х гадоў, але Крамлю гэтага мала, ён жадае інкарпарацыі Беларусі ў той ці іншай форме. А з Кітаем гэтай праблемы няма, бо фармальная незалежнасць Беларусі яго не турбуе, гэта не праблема для іх. Калі беларускі рэжым пракітайскі, працуе ў кітайскіх інтарэсах і гатовы ва ўсім арыентавацца на Кітай — гэта выдатны сцэнар для кітайцаў.
Ва ўсёй гэтай гісторыі варта падкрэсліць дыялектычны момант. З аднаго боку, супрацоўніцтва з Кітаем вельмі негатыўна ўплывае на дэмакратычную перспектыву Беларусі. Калі ўявіць сабе, што Украіна перамагае ў вайне, то ў гэты момант шанцы на дэмакратызацыю Беларусі будуць вельмі абмежаваныя, калі Кітай насамрэч заступіцца за цяперашні рэжым. Калі за гэтым рэжымам будзе стаяць не толькі слабая Расія, але і моцны Кітай, калі існаванне гэтага рэжыму будзе ў інтарэсах Кітая і Кітай будзе за яго змагацца, то магчымасці для дэмакратычных пераўтварэнняў, нават у спрыяльных умовах, будуць вельмі абмежаваныя.
З іншага боку, тое, што Кітай дэманструе інтарэс да захавання гэтага рэжыму, але адначасова і да захавання Беларусі — важны чыннік. Калі Кітай не пажадае, каб адбылася інкарпарацыя Беларусі, выступіць супраць уключэння Беларусі ў склад РФ, то пайсці супраць Пекіна Расіі будзе цяжка. Так што гэты крок не толькі ў кірунку захавання Лукашэнкі, але і крок да стабілізацыі незалежнасці Беларусі, хоць і абмежаванай.
Умяшальніцтва Кітая з пункту гледжання дэмакратыі вельмі нядобрае, але падвышае шанцы на захаванне Беларусі як дзяржавы. Лукашэнка сам не хоча здаваць незалежнасць, бо гэта аўтаматычна прывядзе да паслаблення ягоных пазіцый і страты ўлады. І ў гэтым сэнсе ён атрымаў дапамогу Кітая і будзе выкарыстоўваць кітайскі козыр у далейшых перамовах з Масквой.
— Але калі Крэмль усё-такі вырашыць інкарпараваць Беларусь, ці пойдзе Кітай супраць свайго стратэгічнага саюзніка — Расіі?
— Усё залежыць ад канкрэтных умоў. Пакуль выглядае, што гэта не ў інтарэсах Кітая. Але ці гатовы Кітай нешта прадухіляць, пытанне адкрытае. Як і пытанне з інкарпарацыяй: наколькі Расіі патрэбна ўключаць Беларусь у свой склад? Калі Беларусь праводзіць прарасійскую палітыку, то ўзнікае пытанне: наколькі мэтазгодна і ці патрэбна Расіі зараз уключаць Беларусь у свой склад?
Паводзіны Кітая будуць залежаць ад цэлага шэрагу абставін. Дакладна можна сказаць, што Кітай не будзе падштурхоўваць Расію да гэтага. Ці падтрымлівае Кітай Лукашэнку настолькі, каб пайсці на пагаршэнне адносін з Расіяй, ацаніць вельмі цяжка.
Калі Кітай з самага пачатку пакажа, што яму інкарпарацыя Беларусі і не выгадная, і не патрэбная, а прасоўванне кітайскіх інтарэсаў магчымае толькі праз захаванне незалежнасці Беларусі, то не думаю, што праз «беларускі кейс» Расія пойдзе на абвастрэнне з Кітаем.