TikTok — шпіён у вашым тэлефоне?
Краіны масава прымушаюць дзяржчыноўнікаў цалкам выдаляць праграмы з усіх кампутараў і тэлефонаў. Чаму TikTok забараняюць у розных краінах?
TikTok — сэрвіс для стварэння і прагляду кароткіх відэа, які належыць пекінскай кампаніі «ByteDance». ЗША, Канада, Еўрапейская камісія і Еўрапарламент на гэтым тыдні забаранілі выкарыстанне TikTok на ўсіх дзяржаўных прыладах. Супрацоўнікі дзяржустаноў маюць 30 дзён на тое, каб выдаліць кітайскі сэрвіс з тэлефонаў і кампутараў.
Днямі стала вядома, што Камітэт Палаты прадстаўнікоў ЗША аказаў дадатковы ціск на TikTok — быў падтрыманы закон, які можа даць Джо Байдэну права забараніць праграму для сацыяльных сетак у Злучаных Штатах.
Зрэшты, пра забарону кітайскай сацсеткі ў ЗША думалі яшчэ і пару гадоў таму.
Чаму ў свеце распачалася хваля забаронаў на выкарыстання TikTok?
«Шпіён ў вашым тэлефоне»
Заходнія ўрады актыўна атрымліваюць сведчанні таго, што кітайскія тэхналагічныя кампаніі дапамагаюць Камуністычнай партыі і яе спецслужбам збіраць асабістыя даныя па ўсім свеце з дапамогай TikTok.
У ЗША забарона на выкарыстання сэрвісу на ўрадавых прыладах зыходзіць ад дырэктара адміністрацыйна-бюджэтнага ўпраўлення Белага дома Шаланды Янг. У панядзелак для амерыканскіх дзяржслужбоўцаў выпусцілі апавяшчэнне, у якім рэкамендуюць на працягу 30 дзён выдаліць TikTok з усіх прылад у дзяржструктурах, а яго ўстаноўка забароненая.
Старшыня Рэспубліканскага камітэта ЗША Майкл Маккол назваў TikTok «шарам-шпіёнам у вашым тэлефоне», маючы на ўвазе кітайскі шар-назіральнік, які быў збіты ля ўзбярэжжа Паўднёвай Караліны ў мінулым месяцы.
«Кожны, у каго на прыладзе загружаны TikTok, падаў КПК (Камуністычнай партыі Кітая) шчыліну для доступу да ўсёй сваёй асабістай інфармацыі», — сказаў Маккол.
2 сакавіка Камітэт па замежных справах Палаты прадстаўнікоў ЗША прагаласаваў па партыйнай лініі за прадастаўленне прэзідэнту Джо Байдэну права цалкам забараніць TikTok у ЗША. Адзначым, што дэмакраты выступілі супраць законапраекта, яны заявілі, што ён быў паспешным і патрабуе належнай абачлівасці шляхам абмеркавання і кансультацый з экспертамі.
Урад Канады заявіў, што рашэнне выдаліць і заблакаваць TikTok у дзяржаўных мабільных прыладах прынялі як меру стрымання. Як паведамілі ў канадскім цэнтры кібербяспекі, метады збору даных TikTok забяспечваюць значны доступ да змесціва самога тэлефона.
«Рашэнне выкарыстоўваць дадатак або платформу сацыяльных медыя з'яўляецца асабістым выбарам. Аднак кіраўніцтва цэнтра кібербяспекі настойліва рэкамендуе канадцам усведамляць рызыкі, перш чым прымаць рашэнне аб тым, чым карыстацца», — гаворыцца ў паведамленні.
Еўрапейскі парламент услед за Еўрапейскай камісіяй і Радай ЕС таксама забараніў выкарыстанне TikTok на службовых прыладах і рэкамендаваў еўрадэпутатам выдаліць прыкладанне і са сваіх асабістых тэлефонаў. Каля васьмі тысяч работнікаў інстытута павінны выдаліць кітайскі сэрвіс з карпаратыўных прылад да 20 сакавіка.
«У сувязі з выкарыстаннем платформы сацыяльных медыя TikTok узніклі асцярогі адносна кібербяспекі, у прыватнасці адносна абароны даных і збору даных трэцімі бакамі», — гаворыцца ў электронным лісце да еўрадэпутатаў.
Не ўсе супраць сэрвісу
У сваю чаргу, брытанскі ўрад заявіў, што няма ніякіх доказаў неабходнасці забароны TikTok.
«У нас няма доказаў таго, што ёсць неабходнасць забараняць людзям выкарыстоўваць TikTok», — заявіла Politico міністр навукі, інавацый і тэхналогій Вялікабрытаніі Мішэль Доўнлан.
«Гэта быў бы вельмі-вельмі прамалінейны крок, для якога спатрэбілася б значная доказная база», — дадала яна.
Рэакцыя ў Кітаі
TikTok, які належыць кітайскай тэхналагічнай кампаніі ByteDance, заявіў, што «расчараваны» прыняццем закона ў ЗША.
«Забарона ЗША на TikTok — гэта забарона на экспарт амерыканскай культуры і каштоўнасцяў больш чым мільярду людзей, якія карыстаюцца нашым сэрвісам па ўсім свеце. Мы расчараваныя тым, што гэты паспешны законапраект прасоўваецца наперад, нягледзячы на яго значны негатыўны ўплыў на правы на свабоду слова мільёнаў амерыканцаў, якія выкарыстоўваюць і любяць TikTok», — заявіў прадстаўнік TikTok.
Афіцыйны прадстаўнік міністэрства замежных спраў Кітая заявіў, што забарона TikTok на ўрадавых прыладах ЗША сведчыць аб «уласнай няўпэўненасці Вашынгтона» і з'яўляецца «злоўжываннем дзяржаўнай уладай».
Паводле korrespondent.net