У ЗША заявілі, што збіты кітайскі аэрастат быў абсталяваны для разведкі і збору даных

Кітайскі аэрастат, збіты амерыканскімі вайскоўцамі ля ўзбярэжжа Паўднёвай Караліны, быў абсталяваны для правядзення радыёэлектроннай разведкі як частка разведвальнай праграмы КНР, якая ахоплівае больш чым 40 краін на пяці кантынентах. Кітайскі ж бок сцвярджаў: шар выкарыстоўваўся ў метэаралагічных мэтах і выпадкова аказаўся на тэрыторыі ЗША, бо збіўся з курсу.

Zuma / TASS

Zuma / TASS

Амерыканскія самалёты пры назіранні за аэрастатам заўважылі, што той быў абсталяваны антэнамі, якія, верагодна, маглі прымаць сігналы сувязі і вызначаць месцазнаходжанне аб'ектаў. На паветраным шары таксама былі ўсталяваны сонечныя батарэі для забеспячэння працы гэтай тэхнікі. Пра гэта піша «The New York Times» са спасылкай на прадстаўніка Дзярждэпартамента ЗША.

Пры гэтым ЗША не ведаюць дакладна, якія менавіта звесткі збіраў Кітайскі аэрастат і за якімі аб'ектамі сачыў, заявілі амерыканскія чыноўнікі. Яны запэўнілі, што Вашынгтон прыняў захады для абароны сваіх ядзерных аб'ектаў і перамоў паміж ведамствамі.

Улады ЗША ўпэўненыя, што кампанія-вытворца аэрастата звязана з узброенымі сіламі Кітая. Яе назву ў Дзярждэпе не ўдакладнілі. У ведамстве адзначылі, што на сайце гэтай кампаніі апублікаваны рэкламныя відэа, як падобныя аэрастаты з такім жа абсталяваннем раней праляталі над ЗША і іншымі краінамі.

Вашынгтон разгледзіць магчымасць прыняцця мер супраць кампаній, звязаных з войскам Кітая і датычных да ўварвання аэрастата ў паветраную прастору ЗША, заявілі ў Дзярждэпе. Акрамя таго, улады ЗША маюць намер разгледзець магчымасць прыняцця «мер па выкрыцці і барацьбе з маштабным сачэннем з боку КНР, якое ўяўляе пагрозу нацбяспецы ЗША», іх саюзнікам і партнёрам.


У пачатку лютага стала вядома, што вайскоўцы ЗША некалькі дзён адсочвалі кітайскі аэрастат, што лётаў у паветранай прасторы краіны. У Кітаі запэўнівалі, што паветраны шар выкарыстоўваўся ў метэаралагічных мэтах і выпадкова апынуўся на тэрыторыі ЗША, бо збіўся з курсу. У Пентагоне лічылі, што апарат вёў назіранне за амерыканскімі стратэгічнымі аб'ектамі.

4 лютага вайскоўцы ЗША збілі аэрастат над акваторыяй Атлантычнага акіяна. МЗС Кітая заявіў пратэст «супраць прымянення ЗША сілы для нападу на грамадзянскі беспілотны аэрастат».

Гісторыя з аэрастатам разгортваецца на фоне крызісу ў адносінах Кітая і ЗША. Апошняе абвастрэнне паміж краінамі адбылося пасля таго, як у 2022 годзе спікер Кангрэса ЗША Нэнсі Пэлосі наведала Тайвань, які ўлады КНР лічаць сваёй тэрыторыяй. У канцы студзеня генерал вайскова-паветраных сіл ЗША Майк Мініхан казаў, што ў 2025 годзе праз Тайвань паміж ЗША і Кітаем можа пачацца вайна.


Нагадаем, што кітайскае ўстройства ЗША збілі каля берагоў Паўднёвай Караліны 4 лютага. Для атакі на зонд выкарыстоўваліся знішчальнік F-22 і ракета AIM-9X Sidewinder. Памер кітайскага шара склаў палову футбольнага поля, з сярэдзіны лютага ён завісаў над некаторымі сакрэтнымі аб'ектамі ЗША. Да зонда была прымацавана сонечная батарэя, ён быў абсталяваны прыладамі для збору інфармацыі, такімі, як датчыкі і камеры.

Шар упаў у воды Атлантычнага акіяна, і амерыканскія ваенныя вылавілі яго абломкі. Часткова апарат затануў. Для пошуку абломкаў спатрэбілася дапамога вадалазаў і дронаў.

ЗША не плануе вяртаць прыбор КНР, беручы пад увагу той факт, што зонд лічаць разведвальным.

З'яўленне шара сарвала візіт Энтані Блінкена ў Пекін, які даўно рыхтаваўся. Блінкен заявіў, што з'яўленне над тэрыторыяй ЗША кітайскага «шара-выведніка» з'яўляецца відавочным парушэннем суверэнітэту ЗША і міжнароднага права, а таксама безадказным крокам, тым больш непрымальным, калі ўлічыць, што ён быў здзейснены напярэдадні даўно запланаванага і першага за некалькі гадоў візіту ў Пекін самога дзяржсакратара.

Блінкен меў намер наведаць Пекін 5 і 6 лютага, каб абмеркаваць шэраг важных пытанняў, у тым ліку міжнародную бяспеку, Тайвань і кавід, аднак пасля з'яўлення над Амерыкай кітайскага «шара-выведніка» візіт скасавалі.

Паводле meduza.io, ВВС