Святлана Ціханоўская: «Я бачыла вочы Алеся — у іх няма адчаю»
Дэмакратычная лідарка Беларусі адрэагавала на прысуд праваабаронцам «Вясны».

Міжнародная супольнасць адрэагавала на прысуд Алесю Бяляцкаму. Фота: freeales.org
«Прысуд для вясноўцаў — бесчалавечны, жорсткі, але прадказальны. Гэта помста за нязломнасць. Помста за салідарнасць. Гэта і плявок у твар міжнароднай праваабарончай супольнасці — калі садзяць віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека.
Я бачыла фотаздымкi з суда. Бачыла вочы Алеся і іншых. У іх няма адчаю — але ёсць энергія, гатовасць працягваць барацьбу. Яны ведаюць, што робяць правільную справу.
Алесь нават з турмы здольны прыцягваць увагу да Беларусі. Мы бачым, што дзякуючы яму Беларусь вяртаецца ў парадак дня. Дзякуючы яму гавораць пра іншых палітвязняў. Гэта вялікая ахвяра, на якую ён пайшоў дзеля ўсіх нас.

Я ад усяго сэрца зычу Алесю Бяляцкаму, Уладзіміру Лабковічу і Валянціну Стэфановічу прайсці гэтае выпрабаванне хутчэй і без моцнай шкоды для здароўя. Вы — нашы героі. Мы, усе беларусы, будзем рабіць усё магчымае, каб гэты жах скончыўся як мага хутчэй, і ніколі не паўтарыўся зноў».
Нагадаем, учора, 3 сакавіка, Алесю Бяляцкаму і яго калегам з праваабарончага цэнтра «Вясна» вынеслі жорсткі прысуд: за «фінансаванне пратэстаў» у 2020 годзе і «кантрабанду наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай» суддзя Марына Запаснік прызначыла кіраўніку «Вясны», лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру Алесю Бяляцкаму 10 гадоў зняволення, яго намесніку Валянціну Стэфановічу — 9 гадоў зняволення, іх калегу Уладзіміру Лабковічу — 7 гадоў. Усе яны мусяць адбываць тэрмін у калоніі ўзмоцненага рэжыму.
На прысуд ужо адрэагаваў шэраг міжнародных палітыкаў. Вярхоўны прадстаўнік ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Жазэп Барэль заявіў, што Еўропа «самым рашучым чынам асуджае сфальсіфікаваныя судовыя працэсы» і «гатовая рэагаваць на рэпрэсіі і парушэнні правоў чалавека з боку рэжыму ў дачыненні да ўласнага насельніцтва».
У заяве амбасады ЗША ў Беларусі сказана, што «Вясна» «з’яўляецца апірышчам сусветнай супольнасці праваабаронцаў. Злучаныя Штаты стаяць на іх баку і падтрымліваюць іх намаганні».
ЗША заклікаюць рэжым Лукашэнкі вызваліць Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча, а таксама ўсіх палітычных вязняў, якія знаходзяцца ў беларускіх турмах. Акрамя таго, у заяве гучыць заклік спыніць рэпрэсіі супраць беларускіх дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці. Амерыканскія палітыкі абяцаюць «працягваць падтрымліваць імкненне беларускага народа да дэмакратычнай, суверэннай і стабільнай будучыні».

Прысуд Алесю Бяляцкаму пракаментавала таксама камісар па правах чалавека ў Радзе Еўропы Дуня Міятовіч. Яна назвала судовы працэс і вырак «абуральнай атакай на правасуддзе» і «спробай пакараць за праваабаронцаў за іх дзейнасць». «Рэпрэсіі рэжыму і парушэнні правоў чалавека павінны спыніцца», — гаворыцца ў заяве Міятовіч.
Супраць палітычна матываваных судовых працэсаў у Беларусі і за вызваленне ўсіх палітычных зняволеных выступіў таксама і польскі МЗС.