Нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму прызначылі 10 гадоў зняволення

Ад 7 да 10 гадоў калоніі і буйныя штрафы — суддзя Марына Запаснік прызначыла вялікія тэрміны праваабаронцам «Вясны». Праваабаронцы не прызналі сваёй віны.

Суд па «справе Вясны», 3 сакавіка 2023 года

Суд па «справе Вясны», 3 сакавіка 2023 года

У судзе Ленінскага раёна Мінска сёння, 3 сакавіка, суддзя Марына Запаснік абвесціла прысуд па крымінальнай справе супраць заснавальніка «Вясны» і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, яго намесніка і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча, каардынатара кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» і юрыста Уладзіміра Лабковіча і праваабаронцы Дзмітрыя Салаўёва (завочна).

Суддзя прызнала іх вінаватымі паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса за «фінансаванне пратэстаў» у 2020 годзе і паводле ч. 4 арт. 228 КК за «кантрабанду наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай». Яна прызначыла тэрміны вясноўцам ад 7 да 10 гадоў калоніі і буйныя штрафы.

Падчас прысуду рукі праваабаронцаў былі зашпіленыя ў кайданкі за спінамі. Праваабаронцы не прызналі сваёй віны.

Напярэдадні вынясення прысуду 21 міжнародная праваабарончая арганізацыя выступіла з заявай, у якой патрабавалі вызваліць праваабаронцаў і зняць з іх усе абвінавачванні. За мяжой праходзяць акцыі салідарнасці з палітзняволенымі праваабаронцамі. Нагадваем, за што пераследуюць нашых калегаў і коратка пераказваем судовы працэс над вясноўцамі, які цягнуўся два месяцы.


Якія тэрміны прызначылі праваабаронцам?

Суддзя Марына Запаснік прызначыла:

  • старшыні «Вясны» і Нобелеўскаму лаўрэату Алесю Бяляцкаму — 10 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
  • намесніку старшыні «Вясны» і віцэ-прэзідэнту FIDH Валянціну Стэфановічу — 9 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
  • каардынатару кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» і юрысту Уладзіміру Лабковічу — 7 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму;
  • праваабаронцы «Вясны» Дзмітрыю Салаўёву — 8 гадоў калоніі завочна.

Гэта на два гады менш кожнаму, чым прасіў пракурор Аляксандр Кароль. Усім, акрамя Алеся Бяляцкага, таксама прызначылі штраф у памеры тры тысячы базавых велічыняў (111 000 беларускіх рублёў), старшыні «Вясны» прызначылі, як і прасіў пракурор, пяць тысяч базавых велічыняў штрафу (185 000 рублёў).

Таксама пастанавілі спагнаць у салідарным парадку з Бяляцкага, Стэфановіча, Лабковіча і Салаўёва суму ў памеры 752 438 рублёў 62 капеек (гэта амаль 297 650 даляраў) якую яны нібыта «здабылі злачынным шляхам» праз «кантрабанду арганізаванай злачыннай групай». Менавіта гэтая сума фігуравала ў абвінавачванні паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэкса.

Прысуд яшчэ не ўступіў у сілу, праваабаронцы могуць абскардзіць яго.

На відэа, якое апублікавала «Белта», бачна, што залю запоўнілі маладымі хлопцамі ў цывільным. Верагодна, гэта курсанты Акадэміі МУС. Раней такая практыка была распаўсюджанай на адкрытых палітычных працэсах. Гэта робіцца, каб у залю не маглі патрапіць людзі, якія прыйшлі падтрымаць палітвязняў.

Коратка пра судовы працэс

Справу ў адкрытым рэжыме з 5 студзеня разглядае суддзя Марына Запаснік. Праваабаронцаў абвінавачваюць паводле ч. 4 арт. 228 («кантрабанда арганізаванай групай») і ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («фінансаванне групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

Згодна з версіяй абвінавачвання, праваабаронцы «дзейнічаючы ў складзе арганізаванай групы з 4 красавіка 2016 года да 14 ліпеня 2021 года пад умовай выкарыстання на тэрыторыі Беларусі для незаконнай дзейнасці і фінансавання ПЦ «Вясна», а таксама іншых арганізацый абнаявілі грошы, якія паступілі ад розных структур і фондаў на банкаўскія рахункі кантраляванай імі замежнай арганізацыі. Затым з дапамогай іншых асоб, дзейнічаючы з адзіным намерам, забяспечылі незаконнае перамяшчэнне наяўных на тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі наяўных сродкаў у буйным памеры праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў агульнай суме не менш за 201 тыс. еўра і 54 тыс. долараў ЗША шляхам іх паэтапнага перамяшчэння праз мяжу без дэкларавання». Паводле матэрыялаў справы, «яны ж ва ўказаным складзе, а таксама з іншымі асобамі наўмысна ажыццявілі падрыхтоўку грамадзян для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне і матэрыяльнае забеспячэнне такіх акцый пад выглядам праваабарончай і дабрачыннай дзейнасці, у тым ліку ад імя ПЦ «Вясна», незарэгістраванага фонду «BY_HELP», у перыяд з траўня 2020 года па 14 ліпеня 2021 года». У прыватнасці, праваабаронцам ставяцца ў віну аплаты штрафаў, аплаты рахункаў за харчаванне ў ізалятарах, аплаты працы адвакатаў.

Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч не прызналі віну. На судзе ніводнае хадайніцтва (аб працэсе на беларускай мове, аб зняцці кайданкоў, прадастаўлення часу з азнаямленнем справы і іншыя) не было задаволена суддзёй Запаснік.

У матэрыялах справы 284 тамы — гэта рэкордная па аб'ёму палітычная справа. У іх утрымліваецца шмат дадзеных пра публічную дзейнасць праваабаронцаў, размешчаную на сайце «Вясны» і ў сацсетках, нават пасля затрымання абвінавачаных. Так, напрыклад, у матэрыялах справы маецца спіс палітычных зняволеных, якія прызнаныя праваабаронцамі «Вясны» па стане на 3 верасня 2022 года (1322 чалавека) — незадоўга да выстаўлення канчатковых абвінавачванняў праваабаронцам і праз больш за год пасля затрымання. Гэты пратакол агляда заняў 128 лістоў. З матэрыялаў справы стала вядома, што супрацоўнікі ГУБАЗіКа пачалі праводзіць аператыўна-пошукавыя мерапрыемствы ў дачыненні да праваабаронцаў яшчэ ў верасні 2020 года. Тады сілавікі пачалі праслухоўваць тэлефон кіраўніка брэсцкай філіі Уладзіміра Вялічкіна. На судзе стала вядома, што супрацоўнікі ГУБАЗіКа праслухоўвалі на спатканні з жонкай у пакоі кароткатэрміновых спатканняў у гомельскім СІЗА № 3 палітзняволенага Леаніда Судаленку. Гэта адбылося праз два месяцы пасля затрымання праваабаронцы.

Праваабаронцы давалі паказанні на судзе і выказваліся пра прад'яўленыя абвінавачванні. Вось, што думаюць пра гэта палітзняволеныя вясноўцы:

Валянцін Стэфановіч на судзе

Валянцін Стэфановіч на судзе

Валянцін Стэфановіч сказаў у сваіх паказаннях:

 “Дзейнасць “Вясны” легітымная і законная. Яе дзейнасць ажыццяўлялася і ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Дэкларацыяй ААН аб праваабаронцах. Я яшчэ раз паўтару: Кожны чалавек мае права, індывідуальна і сумесна з іншымі, заахвочваць і імкнуцца абараняць і ажыццяўляць правы чалавека і асноўныя свабоды на нацыянальным і міжнародным узроўнях [артыкул 1 Дэкларацыі]. А згодна арт. 9 Дэкларацыі чалавек, індывідуальна і сумесна з іншымі, мае, у прыватнасці, права прапаноўваць і прадастаўляць прафесійную кваліфікаваную прававую дапамогу ці іншыя адпаведныя кансультацыі і дапамогу ў справе абароны правоў чалавека і асноўных свабод. Таму я лічу, што ніякіх ліцэнзій на праваабарончую дзейнасць няма і быць не магло”.


Уладзь Лабковіч таксама падкрэсліваў легальнасць праваабарончай дзейнасці ў межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары»:

«Як грамадскае аб'яднанне мы рабілі гэта па сваёй ініцыятыве, бо маем на гэта поўнае права. Гэты нашыя пажаданні, якія мы як грамадзяне Беларусі, рэалізоўвалі, аб'яднаўшыся ў кампанію».

Алесь Бяляцкі на судзе

Алесь Бяляцкі на судзе

Алесь Бяляцкі выказаўся наконт абвінавачванняў паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса:

«Крыміналізацыя дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсій, якая нечакана адбылася пасля траўня 2020 года, — амаральная і нечалавечая. Яна самаўпраўная, таму шта гэты артыкул — ч. 2 арт. 342 КК — не змяняўся, ён быў такім доўгія гады. І раптам з траўня 2020 года яго пачалі ўжываць супраць гуманітарнай дапамогі пацярпелым людзям.

У традыцыях беларускага народу — дапамагаць людзям, якія знаходзяцца ў бядзе. Але калі такім чынам трактуецца Крымінальны кодэкс, які ўжываецца супраць такой харататыўнай дапамогі адзін аднаму — гэта антычалавеча.Вось да траўня 2020 года чамусьці такая дапамога была магчыма, а пасля траўня — яе забаранілі».

Пракурор Аляксандр Кароль прапанаваў пакараць праваабаронцаў на тэрміны ад 9 да 12 гадоў калоніі, а менавіта:

  • старшыні «Вясны» і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага — 12 гадоў калоніі;
  • намесніка старшыні «Вясны» і віцэ-прэзідэнта FIDH Валянціна Стэфановіча — 11 гадоў калоніі;
  • каардынатара кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Уладзіміра Лабковіча — 9 гадоў калоніі;
  • праваабаронцы «Вясны» Дзмітрыя Салаўёва — 10 гадоў калоніі завочна.

Усім узмоцнены рэжым і штраф па пяць тысяч базавых велічыняў (185 тысяч беларускіх рублёў ці 73 200 даляраў).

Інтарэсы Дзмітрыя Салаёўва на судзе прадстаўлялі прызначаныя следствам адвакаткі, з якімі ён нават не знаёмы. Вось тут можна пачытаць выступ адной з іх падчас судовых спрэчак.


13 студзеня палітзняволеныя праваабаронцы «Вясны» выступілі з моцнымі апошнімі словамі на беларускай мове. Алесь Бяляцкі яшчэ раз акцэнтаваў увагу на палітычны пераслед праваабаронцаў і пакінуў у сваёй прамове паведамленне да нашага грамадства і ўладаў:

«Крымінальная справа супраць нас — праваабаронцаў «Вясны» — палітычна матываваная. Уся гэтая эпапея на 284 тамы, сотні вобшукаў і допытаў па ўсёй краіне не мае нічога агульнага з папярэднім следствам, плюс палітычны падтэкст. <...>

Пра палітычную падаплёку гэтай крымінальнай справы супраць праваабаронцаў «Вясны» сведчыць і агульная сітуацыя ў краіне, прасякнутая масавымі рэпрэсіямі і татальнымі парушэннямі правоў чалавека, якія абрынуліся на грамадства падчас і пасля выбарчай кампаніі ў 2020 годзе. Замест таго, каб пачуць голас народу, у Беларусь прыйшла мацнейшая рэакцыя. Відавочна, палітычным рашэннем уладаў было разграміць і знішчыць грамадзянскую супольнасць Беларусі. <...>

Рэпрэсіі ў краіне працягваюцца і сёння. Пра гэта сведчаць усё новыя і новыя палітычныя зняволеныя, якія з'яўляюцца ў СІЗА. <...>

Трэба пачаць шырокі грамадскі дыялог, накіраваны на нацыянальнае прымірэнне, як бы гэта цяжка не здавалася бы камусьці пайсці на гэта. <...>

Калі мы не хочам пагрузіць краіну ў галечу, калі мы не хочам дапусціць масавы вымушаны выезд беларусаў у свет па лепшую долю, калі мы хочам атрымаць шанец на эканамічнае, сацыяльнае, грамадска-палітычнае, экалагічнае развіццё нашага народу, мы павінны распачаць гэты грамадскі дыялог. Досыць, трэба спыняць гэтую грамадзянскую вайну! Я спадзяюся, мяне пачуюць».


Валянцін Стэфановіч таксама падкрэсліў палітычны матыў гэтай справы і выказаў сваё стаўленне да абвінавачвання:

«Я, канешне, не маю ніякіх ілюзій адносна гэтага прысуду і спадзявацца на справядлівае судовае разбіральніцтва ва ўмовах, калі ўся краіна вяртаецца фактычна да нашага «светлага» мінулага — да камуністычнага таталітарызму. Тут, канешне, не ўгадаю, наколькі ў такіх сітуацыях судовая сістэма не з'яўляецца незалежнай, а пасля жніўня 2020 года знаходзіцца проста ў дэградаваным становішчы. Гэтак званыя наглядныя органы законнасці цяпер жывуць па прынцыпу «иногда не до законов». <...>

Я яшчэ раз заяўляю, што мой пераслед звязаны выключна з маёй праваабарончай дзейнасцю — легітымнай і мірнай. Гэты пераслед з'яўляецца выключна палітычна матываваным. Але дзейнасць «Вясны» гэта ніякім чынам не спыніць. Мы пражылі не дарма жыццё — мы падрыхтавалі сабе замену. Прыйшлі новыя пакаленні беларускіх праваабаронцаў, якія нашую дзейнасць працягваюць, і яна працягваецца. Ну а хаду натуральнага жыцця спыніць немагчыма: пасля зімы наступае Вясна, і Вясна прыйдзе незваротна».

Уладзь Лабковіч на судзе

Уладзь Лабковіч на судзе

Уладзь Лабковіч у апошнім слове ўзгадаў сваю сям'ю:

«Я ўспрымаю той тэрмін, які быў запрошаны дзяржаўным абвінаваўцам асабіста да мяне, як непераадольны. І на дадзены момант усе мае думкі цяпер з маёй сям'ёй: з маёй маці, дзецьмі, якіх завуць Адэля, Адам і Ян, з маёй жонкай Нінай, якая прайшла праз вялікія выпрабаванні за ўвесь гэты час».


Напярэдадні вынясення прысуду міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, якія падпісалі заяву, паўтарылі свае заклікі вызваліць праваабаронцаў і зняць з іх усе абвінавачванні.

Увечары 2 сакавіка ў польскіх гарадах Варшава і Гданьск адбыліся акцыі салідарнасці з вясноўцамі.

warshawa_amnesty_90.jpeg

«Злачынствы пажадана здзяйсняць без сведкаў. Рэжым Лукашэнкі рыхтуецца сёння здзейсніць злачынства — вынесці жорсткі, несправядлівы абвінаваўчы прысуд маім калегам-праваабаронцам і сябрам з цэнтра “Вясна”. За што? Выключна за іхную праваабарончую працу», — пракаментаваў Арлоў.

Пад вартай праваабаронцы «Вясны» ўтрымліваюцца з 14 ліпеня 2021 года.

Палітзняволеным праваабаронцам цяпер патрэбная наша салідарнасць! Падтрымайце іх лістамі, пасылкамі і грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму, Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу, Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу