Заснавальнік «Мемарыяла» Алег Арлоў: Суд над Бяляцкім — праява фашызму

Расійскі праваабаронца пасля прысуду "вясноўцаў" заявіў, што яны ў Расіі думалі, што горш быць ужо не можа, але Беларусь паказвае, што краіне ёсць яшчэ куды падаць.

118067873_1662011347292612_8023660994024945193_n_logo_1.jpg

Праявай фашызму назваў суд над нобэлеўскім ляўрэатам Алесем Бяляцкім і ягонымі калегамі адзін з заснавальнікаў расейскай праваабарончай арганізацыі «Мемориал» Алег Арлоў, піша «Св*бода».

Разам з Алесем Бяляцкім і ўкраінскім «Центром громадянських свобод», расейскі «Мемориал» атрымаў летась Нобэлеўскую прэмію міру.

Алег Арлоў зьбіраўся асабіста прысутнічаць на абвяшчэньні прысуду, але ўлады Беларусі забаранілі яму ўезд на тэрыторыю краіны. У інтэрвію “Св*бодзе” Алег Арлоў пракамэнтаваў прысуд «Вясьне».

«З нашымі краінамі адбываецца дзівосная гісторыя. Пасьля распаду СССР здавалася, што нашыя краіны ідуць да дэмакратыі. Але пайшоў рэгрэс, у Беларусі хутчэй, чым у Расеі. А цяпер абедзьве краіны скаціліся ў таталітарызм. Як лічу, што гэтыя сыстэмы можна ахарактарызаваць як фашысцкія. Гэта адзін з многіх варыянтаў фашызму. І любы такі рэжым не цярпіць іншадумства, ня тое што апазыцыі, а любой незалежнай ад яго ініцыятывы. І таму такія прысуды. Каб запалохаць грамадзтва, каб ніхто нават пікнуць ня мог. Каб кожны разумеў, што за любое слова пасадзяць і закачаюць у асфальт», — гаворыць расейскі праваабаронца.

Алег Арлоў і Алесь Бяляцкі — сябры. Беларускі праваабаронца прыяжджаў на судовы працэс Арлова, калі таго абвінавачвалі ў паклёпе на Рамзана Кадырава, у 2010 годзе.

«Да гэтага я некалькі разоў наведваў ягоныя суды, калі яго судзілі першы раз. А пасьля, у 2018 годзе, ён наведваў суд, калі ў Чачэніі судзілі ў сфабрыкаванай справе нашага калегу з «Мемориала» Аюба Ціціева. Вось такое ў нас было ўзаемнае наведваньне судоў. Мы шмат разоў сустракаліся з Алесем. Я вельмі яго паважаю. Алесь — эрудыт, адукаваны чалавек. Ён вельмі адданы справе правоў чалавека, вельмі цьвёрды ў сваёй пазыцыі і пры гэтым вельмі сьціплы».


Алег Арлоў змог трапіць на судовы працэс супраць «Вясны» 9 студзеня. Ён расказаў пра свае ўражаньні ад паседжаньня.

«Мы ў Расеі думаем, што горш быць ужо ня можа. Пазаўчора я быў на судзе над палітвязьнем Дзьмірыем Івановым, якога садзяць за антываенныя выказваньні. У нас тут поўнае беззаконьне. Але калі апынаесься ў Беларусі, то бачыш, што Расеі яшчэ ёсьць куды падаць. У судзе ў Беларусі забараняецца нават махаць людзям у клетцы. Абвінавачаньне абсалютна дзікае. Фінансаваньне пратэставых акцыяў — гэта, аказваецца, фінансаваньне адвакацкай дапамогі, штрафаў і дапамога ахвярам беззаконьня. Гэта ж праваабарончая дзейнасьць. Або абвінавачваньне ў кантрабандзе. Людзі абсалютна законна вазілі валюту, не перавышаючы дазволенай сумы. Потым абвінавачаньне сабрала ўсе гэтыя законныя дзеяньні і сьцьвярджае, што яно незаконнае. Якое гэта мае дачыненьне да права? Ды ніякага», — гаворыць Арлоў.


Тады, пасьля паседжаньня 9 судзеня, міліцыя затрымала і прысудзіла 15 дзён арышту расейскай журналістцы Кацярыне Яньшынай, якая прыляцела ў Менск разам з расейскім праваабаронцам.

«Кацярыну тады затрымалі на выхадзе суду і абвінавацілі, што яна нібыта лаялася на міліцыянтаў. Я пачаў абурацца, чаму яе забіраеце, а мяне не, чаму да мяне няма прэтэнзій? А мне адказалі, што да мяне прэтэнзіяў няма. Урэшце я вярнуўся ў Расею і ніхто мне нічога не прад’яўляў», — расказвае Арлоў.

Сёньня падчас пасадкі на самалёт у Маскве супрацоўнік аэрапорта паведаміў праваабаронцу, што ён ня можа ляцець у Маскву.

«Супрацоўнік прыносіў прабачэньні ад імя „Аэрафлоту“, маўляў, мы тут ні пры чым і вось толькі што прыйшла інфармацыя, што вам забаронены ўезд у Рэспубліку Беларусь. Я, вядома ж, мог патрабаваць мяне пусьціць, бо гэта справа памежнікаў мне гэта тлумачыць. Але я разумею, што мяне б ня выпусьцілі з транзытнай зоны ў Беларусі і, хто ведае, можа я там таксама пачаў бы лаяцца матам», — гаворыць Алег Арлоў.

Ён мае намер патрабаваць тлумачэньняў ад пасольства Беларусі ў Маскве.


3 сакавіка ў судзе Ленінскага раёну Менску абвясьцілі прысуд праваабаронцам «Вясны».

Судзьдзя Марына Запасьнікпрысудзіла:

  • Алесю Бяляцкаму, ляўрэату Нобэлеўскай прэміі міру і заснавальніку арганізацыі, — 10 гадоў калёніі;
  • Валянціну Стэфановічу, намесьніку Бяляцкага і віцэ-прэзыдэнту Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека, — 9 гадоў зьняволеньня;
  • Уладзімеру Лабковічу, каардынатару кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» і юрысту, — 7 гадоў зьняволеньня;
  • Дзьмітрыю Салаўёву, якога судзяць завочна, — 8 гадоў зьняволеньня.

Іх прызналі вінаватымі ў «кантрабандзе грошай арганізаванай групай» у 2016–2021 гадах (ч. 4 арт. 228 КК) і «фінансаваньні пратэстаў» у 2020-м (ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэксу).