Хронікі рэпрэсій. Рэпрэсіі могуць сарваць чэмпіянат Беларусі па футболе

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных крыніц сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі 3 сакавіка.

_drot_minsk_kraty_njavolja_belarus_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__logo_1.jpg


Гомельскага актывіста Іллю Міронава арыштавалі на 13 сутак. Яго абвінавацілі ў распаўсюджванні «экстрэмісцкіх» матэрыялаў.

Напярэдадні Ілля паспеў паведаміць у сацсетках, што яго затрымалі.

У лютым Іллю Міронава ўнеслі ў спіс экстрэмістаў. Пасля выхаду з СІЗА і суда па «справе Зэльцэра» Міронава ўжо затрымлівалі і каралі суткамі.

* * *

Артур Ахмадзі, блогер, які здымаў відэа пра «ПВК Родан», адпраўлены на 10 сутак за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Сілавікі апублікавалі з затрыманым Артурам Ахмадзі відэа, на якім ён кажа, што размясціў у сваім акаўнце ў Тыктоку відэа з сімволікай «ПВК Родан», і гэта відэа набрала 100 тысяч праглядаў, а таксама што «перасылаў паведамленні з тэлеграм-канала NEXTA». Міліцэйскае відэа таксама з'явілася ў Тыктоку затрыманага.

* * *


* * *

Сустаршыні расійскага «Мемарыяла» Алегу Арлову, які хацеў прыляцець у Мінск на суд па справе «Вясны», забаранілі ўезд у Беларусь. У 7:45 падчас пасадкі прадстаўнік «Аэрафлоту» заявіў Алегу Арлову, што рашэннем улад Беларусі яму забаронены ўезд у краіну. Аб гэтым ім нібыта паведамілі, толькі калі ўжо ішла рэгістрацыя.

«Злачынствы пажадана здзяйсняць без сведак. Рэжым Лукашэнкі рыхтуецца сёння здзейсніць злачынства — вынесці жорсткі, несправядлівы абвінаваўчы прысуд маім калегам-праваабаронцам і сябрам з цэнтра «Вясна». За што? Выключна за іхную праваабарончую працу. Таму не здзівіўся, калі пры пасадцы ў самалёт даведаўся, што мне забаронены ўезд у лукашэнкаўскую Беларусь. Спадзяюся прыехаць у паслялукашэнкаўскую Беларусь і абняць «вясноўцаў» на волі», — пракаментаваў сітуацыю Арлоў.

* * *

Святлану Стукаву, жонку актывіста Свабоднага Беларускага Прафсаюза  Віктара Стукава, затрымалі 27 лютага наўпрост на працы. Супраць яе склалі два адміністрацыйныя пратаколы: за «несанкцыянаванае пікетаванне» паводле арт 24.23 КаАП і за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў» паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП. Але ў выніку судзілі толькі па арт. 19.11 КаАП.

Полацкая суддзя Яніна Марцулевіч прызнала Святлану вінаватай і асудзіла да 15 сутак арышту. Падставай для адміністрацыйнай справы стала падпіска жанчыны ў Фэйсбуку на «BySol». Суддзя палічыла, што падпіска захоўвалася ў мэтах распаўсюджвання звестак пра арганізацыю, прызнаную экстрэмісцкай.

* * *

Улады ў чарговы раз абнавілі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Гэтым разам у яго трапілі старонка Рыгора Астапені ва «Укантакце», суполкі ва «Укантакце»: «Суполка ідэйных», «Цэнтр новых ідэй», «Свабодны САЛІГОРСК», «РУХ «ЗА НОВЫЯ ВЫБАРЫ БЕЗ ЛУКАШЭНКІ», «Мы Супраць саюзнай дзяржавы з Расіяй», «ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ! (фільм) — Viva Belarus! (movie)», «МРБ», «КРЫВАКРЫЖ», «КХП-БНФ — Народная партыя». Таксама ў яго ўвайшлі Telegram-каналы і чаты «ГАИ Радошковичи и область», «РЭВАНШ» і Instagram-старонка «Антифонд. Помощь политическим узникам в Беларуси. Дапамога палітзняволеным у Беларусі».

* * *

Перад самым чвэрцьфіналам Кубка Беларусі Мінспорту забараніла васьмярым гульцам браць удзел у матчах. У гродзенскі «Нёман» паступіла каманда разарваць ці не заключаць кантрактаў з удзельнікамі відэа супраць гвалту, якое было запісана ў жніўні 2020-га. Усе, хто фігураваў у запісе, трапілі ў чорны спіс.

У клубе «Слуцк» сітуацыя яшчэ больш цікавая. З гэтага калектыву ў чорны спіс таксама патрапілі чацвёра, і яны зараз «пакараныя» — з імі разарваны ці не заключаны кантракты да распараджэння «камісіі».

Гаворка пра брамнікаў Іллю Бранаўца і Паўла Шчарбачэню (ён знаходзіцца ў клубе, але пра супрацу «Слуцк» аб'явіць не паспеў), а таксама пра абаронцаў Яўгена Вялько і Юрыя Астравуха. Пры гэтым апошні ў запісе відэа ў 2020-м не ўдзельнічаў. Астравух наогул у непажаданых рэжыму момантах заўважаны не быў, але, паводле інфармацыі «Тр*буны», патрапіў у чорны спіс праз актыўнасць аднаго са сваякоў.