Футбалістаў, якія ў 2020 годзе выказаліся супраць гвалту, прыбіраюць з чэмпіянату
Улады ў Беларусі спрабуюць даказаць сусветнай супольнасці, што спорт па-за палітыкай, але і цяпер у краіне працягваюцца звальненні спартоўцаў, што ў 2020 годзе выступілі супраць гвалту.

Перад самым чвэрцьфіналам Кубка Беларусі Мінспорту Лукашэнкі забараніў 8 гульцам браць удзел у матчах. У «Нёмане» пад удар патрапіла легенда клуба, у «Слуцку» — 2 брамнікі. Так працуе спартыўны прынцып, піша «Тр*буна».
У гэтыя выходныя адбудуцца першыя матчы чвэрцьфіналу Кубка Беларусі. Два паядынкі прызначаны на суботу і два на нядзелю.
Праўда, лёс трафея будзе вырашацца не толькі на футбольным полі і не толькі па спартыўным прынцыпе, бо ў справу ўмяшаліся чыноўнікі, якія нібыта павінны развіваць спорт. За некалькі дзён да гульняў клубам паступіла распараджэнне прыпыніць альбо не заключаць кантрактаў з шэрагам футбалістаў. Некаторыя з іх рыхтаваліся да кубкавых сустрэч і мелі важнае значэнне для сваіх клубаў. «Тр*буна» даведалася падрабязнасці.

«Нёман»: папрасілі на выхад нават легенду
Гэтае міжсезонне ў гродзенскай каманды атрымліваецца вельмі шматабяцальным. Каманда Ігара Кавалевіча, які перападпісаў з ФК кантракт ужо сёмы раз, толькі раз прайграла — у самым першым матчы зімы мінскаму «Дынама» з лікам 0:6. А пасля выдала 12-матчавую бяспройгрышную серыю з 28 галявымі ўдарамі і сямю «сухімі» гульнямі.
Прычым за час серыі «Нёман» паспеў узяць два трафеі. Спачатку стаў чэмпіёнам на турніры «Белазавец» у Жодзіне, дзе абыграў брэсцкае «Дынама», дубль «Тарпеда — БелАЗ» і першую каманду «аўтазаводцаў». А праз два тыдні гродзенцы сталі найлепшымі на штогадовым турніры «Winter Cup» у Брэсце (перамаглі «Нафтан», «Слуцк» і мясцовае «Дынама»).
У святле такіх поспехаў Кавалевіч загаварыў пра тое, што «Нёман» будзе змагацца за самыя высокія месцы ў чэмпіянаце і, магчыма, нешта выйграе, напрыклад, Кубак Беларусі. Аднак рашэнне задачы па Кубку (а можа, і не толькі па ім) у апошнія дні ўскладнілася. Прычым зусім не па спартовым прынцыпе.
Як стала вядома «Тр*буне», адразу чатыры гульцы «Нёмана» раптам засталіся без працы. Да нядаўняга часу футбалісты спакойна рыхтаваліся да кубкавых матчаў, удзельнічалі ў спарынгах. Але ў справу ўмяшаўся так званы міністр спорту Сяргей Кавальчук.
Тыдзень таму гродзенскаму клубу паступіла каманда разарваць ці не заключаць кантрактаў з удзельнікамі відэа супраць гвалту, якое было запісана ў жніўні 2020-га. Усе, хто фігураваў у запісе, трапілі ў чорны спіс «Мінспорту» Лукашэнкі.
У сёлетнім «Нёмане» пад удар трапілі брамнік Сяргей Курганскі, абаронца Яўген Ляшко, паўабаронцы Раман Пасевіч і старажыл і сапраўдная легенда клуба Валеры Жукоўскі. Кантракты дзейнічалі толькі ў Жукоўскага і Ляшко.
Чацвёрка футбалістаў на відэа сказала «Мы супраць гвалту!», а гэта, як вядома, сённяшняму кіраўніцтву не даспадобы. Пакаранне за «крамолу» — забарона на працу ў беларускім футболе, пакуль спецыяльная ідэалагічная камісія «Мінспорту» не прыме іншага рашэння.
Пры гэтым яшчэ на пачатку зімы Кавалевіч, сам прыхільнік лукашызму, біўся за гульцоў з чорнага спісу, але абараніць здолеў толькі Жукоўскага. Невядома чаму, але Кавальчук змяніў літасць на гнеў, і зараз пад раздачу патрапіў і капітан гродзенцаў. Усе чатыры футбалісты працягваюць трэніравацца з камандай, але ў кубкавым матчы з «Віцебскам» 5 сакавіка не згуляюць.
Такі стан спраў здзіўляе, калі ўспомніць, як часта і кіраўніцтва «Нёмана», і галоўны трэнер свяціліся ў праўладных мерапрыемствах. Праўладны ліст яны даўно падпісалі, актыўна кантактавалі з Юрыем Караевым — былым так званым міністрам унутраных спраў, пад кіраўніцтвам якога катавалі беларусаў.
18 студзеня гэтага года «непажаданыя» гульцы разам з партнёрамі старанна праслухалі лекцыю, на якой чарговы служка рэжыму на фоне чырвона-зялёнай сімволікі расказваў пра «правапаслухмяныя паводзіны і інфармацыйную гігіену».
Дадамо: клуб папярэдзілі, што калі ФК усё ж аслухаецца, заключыць кантракты з гульцамі і заявіць іх на матч Кубка, то план развіцця — а гэта магчымасць атрымліваць грошы з дзяржбюджэту, якім распараджаюцца цяперашнія ўлады — «Нёману» не падпішуць. Гродзенцы далі зразумець, што ісці супраць не маюць намеру, і ў выніку літаральна на днях план развіцця «Нёману» зацвердзілі.

«Слуцк»: прыбралі тых, хто ўдзельнічаў у праўладным мерапрыемстве
У клубе з Мінскай вобласці сітуацыя яшчэ больш цікавая. З гэтага калектыву ў чорны спіс таксама патрапілі чацвёра, і яны зараз «пакараныя» — з імі разарваны ці не заключаны кантракты да распараджэння «камісіі». Размова пра брамнікаў Іллю Бранаўца і Паўла Шчарбачэню (ён знаходзіцца ў клубе, але пра супрацу «Слуцк» аб'явіць не паспеў), а таксама пра абаронцаў Яўгенія Вялько і Юрыя Астравуха. Пры гэтым апошні ў запісе відэа ў 2020-м не ўдзельнічаў. Астравух наогул у непажаданых рэжыму момантах заўважаны не быў, але, паводле нашай інфармацыі, патрапіў у чорны спіс праз актыўнасць аднаго са сваякоў.
Яшчэ ў панядзелак каманда спакойна рыхтавалася да кубкавай сустрэчы са «Славіяй», настрой, як нам распавялі, у калектыве быў выдатны — усе чакалі старту сезона. Аднак 1 лютага адбыліся кардынальныя перамены. Як і ў «Нёман», у «Слуцк» паступіла распараджэнне ад дыктатарскага Мінспорту звольніць «непажаданых». Пры гэтым адзначым, што ў Бранаўца, Вялько і Шчарбачэні дзеючых пагадненняў з клубам яшчэ не было, а вось Астравух перазаключыў кантракт са «Слуцкам» 7 лютага. Цяпер па факце ўся чацвёрка знаходзіцца ў статусе беспрацоўных.
Гульцы працягваюць трэніроўкі з камандай, але пры гэтым ведаюць, што ў нядзельным матчы з мазыранамі на поле не выйдуць. Пра «асаблівае» распараджэнне чыноўнікаў футбалістам паведамілі кіраўнікі клуба ў прыватнай гутарцы літаральна пару дзён таму.

Не збярог гульцоў ад помсты таталітарнай сістэмы нават іх удзел у праўладных мерапрыемствах. Нагадаем, што 19 студзеня Вялько, Бранавец і Астравух у адной са школ горада правялі «патрыятычны ўрок». Футбалісты нібыта «падрыхтавалі матэрыялы аб ключавых этапах Вялікай Айчыннай вайны, 85-годдзі Мінскай вобласці і дзяржаўнай сімволіцы» — і нешта расказвалі школьнікам, гледзячы ў паперкі.
«Слуцк» абяцаў выкласці відэа з мерапрыемства, але не зрабіў гэтага — затое ў пачатку лютага Мінспорту паведаміла, што Астравух казаў пра прыемныя адчуванні ад «актыўнай працы грамадскіх арганізацый» для таго, каб дзеці «свята шанавалі подзвіг нашых герояў».
Праява шчырага патрыятызму не пераканала Кавальчука — гульцы за першым матчам са «Славіяй» будуць назіраць збоку. Пры гэтым, паводле інфармацыі журналістаў, перад «Слуцкам» была пастаўлена ўмова, што калі клуб не паслухаецца і заключыць з футбалістамі кантракты, то справа можа скончыцца выключэннем з чэмпіянату.

Што ў іншых удзельнікаў Кубка?
У чорным спісе, як вядома, прысутнічаюць прадстаўнікі і іншых калектываў, якія рыхтуюцца да кубкавых матчаў. «Тр*буне» ўдалося даведацца некалькі цікавых дэталяў з іх жыцця.
У «БАТЭ», які ў суботу згуляе з «Белшынай», непажаданымі лічацца Станіслаў Драгун, Максім Бардачоў, Дзмітрый Бяссмертны, Дзяніс Шчарбіцкі і Даніла Нячаеў. І, паводле нашай інфармацыі, двое першых па-ранейшаму пад забаронай Кавальчука. Ні ў Драгуна, ні ў Бардачова няма кантракта з «жоўта-сінімі», бо па іх яшчэ не вырашыла пытанне «камісія». Паўабаронца і абаронца трэніруюцца з камандай, але ўдзелу ў паядынку з бабруйчанамі не прымуць.
У «Славіі» і «Шахцёры», у якіх у чорным спісе па гульцу (Уладзіслаў Жук і Павел Забелін адпаведна), усё спакойна. Па нашай інфармацыі, футбалісты падпісалі кантракты і спакойна рыхтуюцца да кубкавых матчаў. Забелін зусім нядаўна стаў уладальнікам Суперкубка, адыграўшы ўвесь матч супраць «Гомеля». Не чапаюць і «Белшыну», дзе «спісачнымі гульцамі» з'яўляюцца Артур Слабашэвіч, Кірыл Леановіч і Павел Чыкіда. Мабыць, іх удзел у нядаўнім ускладанні вянкоў і наведванні ветэрана ВАВ згулялі сваю ролю.
«Белшына» ўлезла ў прапаганду не проста так: вельмі патрэбна прыхільнасць чынуш, у клуба даўгі па заробках і прэміяльных, скандал з «Шахцёрам» забыўся.
Усё спакойна ў «Віцебску», які рыхтуецца да сезона ў першай лізе. Там няма «непажаданых» футбалістаў і трэнераў, а кіраўнік ФК не раз даваў зразумець, што ён цалкам падтрымлівае рэжым.
Ну і яшчэ адзін удзельнік чвэрцьфіналу Кубка — «Тарпеда — БелАЗ». Там ёсць пэўныя змены, але яны збольшага не звязаны з ідэалогіяй. Адзінае, па-ранейшаму без кантракта знаходзіцца Анатоль Макараў, які ў 2020-м выказаўся супраць гвалту, а ў пачатку 2023-га на відэа-каянні загаварыў пра «ўплыў дэструктыўных каналаў, старэйшых таварышаў і вялікую падтрымку дзяржавы». Жаданне дагадзіць уладзе пакуль не прывяло да жаданага выніку. Вялікая верагоднасць, што супраць «Шахцёра» паўабаронца не згуляе. І не толькі з-за адсутнасці пагаднення з клубам, але і з прычыны хваробы, праз якую ён цяпер не працуе з камандай.
Не будзе ў суботу ў заяўцы і экс-капітана «Тарпеда — БелАЗ» Андрэя Хачатурана. Ён таксама патрапіў у спіс непажаданых і ў пачатку года быў сасланы ў дубль «аўтазаводцаў» — праўда, не па ідэалагічных прычынах. Галоўны трэнер каманды Дзмітрый Молаш даў зразумець, што на паўабаронцу больш не разлічвае, таму Хачатуран трэніруецца з рэзервам і гуляе за моладзь у таварняках. Аднак на праўладныя мерапрыемствы (напрыклад, ускладанне вянкоў) ходзіць з асновай клуба.
Асобна адзначым, што на дадзены момант усё супакоілася вакол самога Молаша. Яшчэ нядаўна паведамлялася, што трэнера могуць прыбраць з каманды праз тое, што ў 2020-м, працуючы ў «Ліепаі», ён мімаходзь выказаўся пра падзеі на Радзіме. Аднак зараз, паводле нашай інфармацыі, усё больш-менш суцішылася — коўч працуе з калектывам і рыхтуе яго да Кубка.

Калі прымуць рашэнне па гульцах?
Безумоўна, і клубы, і самі апальныя футбалісты чакаюць рашэння так званай «камісіі». Нагадаем, што Кавальчук па ідэалагічных пытаннях з нядаўняга часу раіцца з паўабаронцам мінскага «Дынама» Антонам Пуцілам.
Дык вось, спартсмены чакаюць рашэння — могуць яны заключаць кантракты ці не. Аднак калі «камісія» збярэцца, каб нешта вырашыць, у футбольнай супольнасці ніхто не ведае. Па факце, клубам было дадзена ўказанне афіцыйна не супрацоўнічаць з «непажаданымі» гульцамі і чакаць далейшых распараджэнняў, а паступяць яны невядома калі.
Футбалісты рызыкуюць прапусціць не толькі першыя кубкавыя чвэрцьфіналы, але і матчы ў адказ (11 — 12 сакавіка), а таксама старт чэмпіянату краіны (17 сакавіка). Зрэшты, па рэгламенце ў клубаў нават увесну ёсць час дазаявіць гульцоў для ўдзелу ў чэмпіянаце. Гэта можна зрабіць да 1 траўня, калі на момант пачатку першынства спартсмены будуць з'яўляцца вольнымі агентамі.