Псіхолаг пра ПВК «Родан»: Чым мацней улада бярэцца за нешта, тым больш негатыўных наступстваў можна чакаць

У Гомелі былі затрыманы дзве сотні падлеткаў, якія адносяць сябе да новай моладзевай субкультуры ПВК «Родан». Раней такія ж масавыя затрыманні прайшлі ў Расіі і Украіне. Прафесар псіхалогіі Уладзімір Янчук разважае, як дзеянні беларускіх і расійскіх улад спрыялі з’яўленню гэтай субкультуры.

Фота з сайта s-t-o-l.com

Фота з сайта s-t-o-l.com


Эксперт у інтэрв’ю «Філіну» распавёў, чым небяспечная тактыка ўлад па ўзаемадзеянні з моладзевымі субкультурамі.

— Ёсць здагадка, што сілавікі, якія ўзяліся звыклымі для сябе метадамі вырашаць узніклую перад імі праблему (новая субкультура, папулярнасць якой імкліва расце), лішні раз толькі падаграваюць цікавасць да ПВК «Родан». Ці рэалістычная такая версія? Наколькі небяспечна грубае ўмяшанне ў далікатны свет падлеткаў?

— Версія мае пад сабой падставу. Таму што падлеткавы ўзрост — спецыфічны. Гэта пошук сябе. І характэрная асаблівасць тут — дзяліць свет на чорнае і белае, на сваіх і чужых.

Вельмі важным для гэтага перыяду сацыялізацыі з'яўляецца і ўсведамленне меж дазволенага. У тым ліку і ў сферах сацыяльных каштоўнасцей і нормаў паводзін. Калі гэтыя межы не рэгулююцца, то працэс можа набываць характар некіравальнасці.

І адначасова ў цяперашніх умовах гэта знаходжанне нейкай падставы для фарміравання супольнасці. Таму што сядзенне ў камп'ютарах і звыклая для дарослых схема адзіноты і замыкання ў сфарміраванай інфармацыйнай бурбалцы або вельмі абмежаваным коле знаёмых не задавальняе падлеткаў. Ім трэба аб'ядноўвацца хоць на нейкіх падставах.

У прынцыпе, гэта аб'яднанне на аснове анімэ «Родан» цалкам натуральнае для падлеткавага ўзросту. У гісторыі такога роду аб'яднанняў было нямала. У тым ліку і экстрэмісцкай накіраванасці.

Першапачаткова гэта аб'яднанне аматараў досыць своеасаблівага анімэшнага серыяла, якому ўжо шмат гадоў. Які ў прынцыпе нічога небяспечнага з сябе не ўяўляе, акрамя развіцця лініі паляўнічых, арганізаваных злачынных супольнасцей і да таго падобнага.

Яшчэ адзін характэрны фактар — вонкавы выгляд: цёмная вопратка, доўгія валасы і малюнак павука. Заўважу, у адрозненне ад тых жа готаў і панкаў, аксесуары ўбрання вельмі недарагія — усяго толькі доўгая майка з павуком і клятчастыя штаны. Падлеткаў такое прыцягвае. Акрамя таго, адразу ж прысутнічае фіксацыя: тут нашы, а тут не нашы.

Праблемы пачынаюцца, калі за гэтую справу, цалкам нявінную і натуральную, пачынаюць брацца дарослыя — тыя ж спецслужбы. І калі яны бяруцца, то пачынаюць змагацца, надаючы тым самым гэтаму руху характар радыкальнай абароны права на ўласную ўнікальнасць.

Гісторыя нас тут вучыць чаму? На прыкладзе руху панкаў мы ведаем, што бывае, калі спецслужбы пачынаюць інтэнсіўна змагацца з падобнымі субкультурамі. Мы памятаем, што калі панкаў загналі ў кут, у падполле, яны вельмі хутка сталі інтэгравацца ў крымінальнае асяроддзе.


Праблема тут, на мой погляд, значна больш важная. Падлетак шукае сістэму каштоўнасцей. Ён уваходзіць у свет і вызначае пры гэтым межы дазволенага. А гэтыя межы сёння набываюць істотна адрозны ад мінулых часоў характар.

З'явіліся сацыяльныя сеткі і велізарныя гандлёвыя цэнтры. Магчымасці камунікацыі і адукацыі сеткавых супольнасцей сталі практычна бязмежныя. А ўлады ў пазначаных вамі рэгіёнах гэта вельмі моцна кантралююць.

Больш за тое, калі мы глыбей пагрузімся ў кантэкст, то ўбачым, як тая ж расійская прапаганда, я тут ужо не кажу пра беларускую, настойліва выгуквае, што чорнае — гэта белае. Што вайна — гэта «дабро», прадстаўнікі іншых культур — «нелюдзі», на якіх сацыяльныя нормы не распаўсюджваюцца. Што забіваць і разбураць мірныя гарады можна. А яшчэ яна ўвесь час кажа пра наяўнасць ворагаў: гэта «нашы», а гэта — «не нашы». Калі вы думаеце, што падлеткі гэтага не заўважаюць, то глыбока памыляецеся.

Калі паглядзець расійскае ТБ, валасы дуба становяцца. Любыя чалавечыя каштоўнасці змешваюцца з брудам. Фарміруецца ўяўленне аб богаабранасці.

І ў гэтага могуць быць вельмі небяспечныя наступствы. Тым больш, калі безадказныя дарослыя разважаюць на тэлевізійных форумах пра магчымасць атамнага апакаліпсісу і «жыцця ў раі», калі чалавечая смерць становіцца штодзённасцю.

Я ўжо пісаў у гэтай сувязі, што падобная безадказнасць гарантуе пападанне не ў рай, а ў пекла.

Акрамя таго, што дзеці пачынаюць знаходзіць свае сістэмы каштоўнасцей, уласцівы падлеткам антаганізм знаходзіць супрацьдзеянне ўладнаму гвалту. І ў выніку пачынаюць фарміравацца групы, якія аддаюць перавагу гвалту. Тым больш на агульным фоне, калі гвалт стаў практычна паўсюдным у дачыненні да іншасці і непадпарадкавання.

Я лічу, што чым больш інтэнсіўна ўлада бярэцца за нешта, тым больш рызык і негатыўных наступстваў можна чакаць.

Варта звярнуць увагу на яшчэ адзін цікавы момант. Найбольш інтэнсіўныя праявы, звязаныя з гэтым рухам, былі заўважаны ў Гомельскай вобласці. Чым яна цяпер характарызуецца? Тут прысутнічаюць расійскія вайскоўцы і вайна ва Украіне зусім непадалёк. Наогул, Гомельшчына пачынае сутыкацца з гэтай вайной самым непасрэдным чынам.

— Гэта значыць, сам па сабе факт вайны можа растлумачыць такую папулярнасць новага руху адначасова ў Расіі, Беларусі і Украіне?

— Без усякага сумневу. Спачатку быў кавід, самаізаляцыя. І ўсё гэта ўзмацнілася фактарам вайны і ашалеласцю прапаганды, тэлевізара. Каштоўнасці паплылі.

А сацыялізацыя ідзе ў кірунку чаго? Адказнае грамадства клапатліва фарміруе сістэму агульначалавечых каштоўнасцей. Ідэі гуманізму, талерантнасці павінны станавіцца мэтай. А калі замест гэтага фарміруецца вобраз ворага, то ні да чаго добрага гэта не прыводзіць.

— З метадамі ўлад усё больш-менш зразумела. А што рабіць бацькам падлеткаў у падобных сітуацыях? Як дзейнічаць, каб не нашкодзіць?

— Задача бацькоў — ставіцца да гэтага працэсу з разуменнем і не рабіць з мухі слана. Часта мы сваімі рукамі з добрага робім дрэннае.

Я ўжо прачытаў у каментарах на гэтую тэму: улада кажа бацькам — кантралюйце сваіх дзяцей, запісвайцеся ў іх чаты, сачыце, «трымайце на ланцугу».

Прычым наша ўлада панічна баіцца любога роду сацыяльных аб'яднанняў і імкнецца вырваць іх з коранем.

Першая задача — цікаўцеся сваімі дзецьмі. Чым яны займаюцца, з кім сябруюць. І старайцеся тлумачыць, а не забараняць. Бо чым больш вы забараняеце, абмяжоўваеце, тым больш салодкім вы робіце забаронены плод.

Размаўляйце з дзецьмі, зразумейце тое, што адбываецца, тлумачце ім магчымыя наступствы. Захоўваючы пры гэтым вельмі важны момант: дзеці павінны мець зносіны з дзецьмі.

І памятайце, што ў супольнасцях саміх па сабе нічога страшнага няма.

Заўважу, што ў супольнасці, якая намі абмяркоўваецца, нават ідэалогіі няма! Перш за ўсё, гэта нейкая форма і аб'яднанне па інтарэсах. Я заўсёды кажу: як толькі вы нешта забараняеце, вы тут жа ствараеце праблему.

Трэба дзейнічаць не забаронамі, а стварэннем альтэрнатыўнай сферы інтарэсаў. Пры гэтым важна, каб гэтую сферу знаходзілі самі падлеткі, а дарослыя ім у гэтым толькі дапамагалі.

Важна таксама надаваць гэтай альтэрнатыве сацыяльную накіраванасць. Але не гэтак нязграбнымі дзеяннямі з боку ўладных структур.

А ўлада ў дадзеным выпадку павінна падумаць, што наступствы могуць быць складанымі. І чым больш заўзята яна возьмецца за гэтую справу, тым больш негатыўных вынікаў яна можа дасягнуць.

Праваахоўныя ведамствы павінны звярнуць увагу больш высокіх уладаў на тое, да чаго можа прывесці нагнятанне ўсеагульнай варожасці, калі ўзрастае ваенная актыўнасць і растуць страхі перад ворагамі.