Няўзораў пра «ПВК Родан»: Рэжым сам стварыў сабе гэта гора, уступіўшы ў канфлікт з цэлым пакаленнем
Расійскі публіцыст — пра тое, як пуцінскі рэжым уступіў у канфлікт з цэлым пакаленнем.
Калаж Baza
— Для Крамля раптам галаўным болем стала «ПВК
Родан», — цытуе Аляксандра Няўзорава «Салідарнасць» са спасылкай на яго ютуб-канал. — І вось гэты «Родан» стаў невядомым новым бедствам.
Але рэжым сам стварыў сабе гэта гора, уступіўшы ў канфлікт з
цэлым пакаленнем. І нягледзячы на тое, што цяпер гэта ёсць быццам бы яшчэ ў
некалькіх краінах, але развіццё гэтая гісторыя, магчыма, атрымае толькі ў РФ,
таму што цяпер у Расіі ўсё ў дастатковай ступені прасякнута злосцю і
апакаліптыкай.
Ведаеце, бываюць насычаныя растворы і ненасычаныя, і ў гэтым
слабенькім растворы вы ніколі не выгадуеце ніякага крышталя.
Толькі руская рэальнасць сёння можа стаць пажыўным
асяроддзем для маргіналізацыі падлеткавага асяроддзя. Не забываем, што гэты асяродак пачалі навучаць працы з аўтаматам, што, вельмі верагодна, спатрэбіцца ў
баях будучай грамадзянскай вайны.
Рэакцыя ўлады на «ПВК Родан», на думку публіцыста,
будзе выключна сілавой і агрэсіўнай, што, у сваю чаргу, можа прывесці да яшчэ
больш жудасных наступстваў.
— Рэакцыя ўлады на «Родан», як ужо стала зразумела,
будзе тупой і выключна дубіначнай. А адказам на дубіначнасць будзе разлютаванне
юных сэрцаў. Хай у пуцінізму будзе яшчэ на адну праблему больш.
Дыктат, халуйскі патрыятызм, злосць, пачварнасць законаў,
курс на светазнішчэнне спарадзілі нечаканы рэзананс у галовах расейскіх
падлеткаў.
«Родан» — гэта, верагодна, такі першы адказ
пакалення на шызафрэнію бацькоў і дзядоў. Іх задушаць, загнабяць, Але паўстане
яшчэ больш жорсткі і непрымірымы рух.
Сёння сапраўды ў Расіі дзеці без усялякай будучыні,
асуджаныя стаць толькі фаршам, пазбаўленыя надзей на нармальную адукацыю,
развіццё, на падарожжа, на тое, каб знаёміцца са светам і з яго дзівосным напаўненнем, — робіць выснову Няўзораў.
Нагадаем, цягам лютага ў Расіі і Украіне атрымала пашырэнне
незвычайная субкультура, якая называе сябе «ПВК Родан».
«ПВК Родан» ніяк не
звязана з вайсковымі кампаніямі, абрэвіятура мае хутчэй жартоўны характар. Гэта
супольнасць нефармалаў і аматараў анімэ, у прыватнасці, анімэ «Hunter x
Hunter». Прыхільнікі «Родана» носяць штаны ў клетку, доўгія валасы, а таксама
цішоткі з выявамі павукоў і лічбай 4, што і адсылае да анімэ. У Расіі яны
выступаюць супраць футбольных фанатаў-ультрас, мігрантаў і выхадцаў з Каўказа.
У Расіі «ПВК Родан» ужо набыла вядомасць праз сутыкненні з
футбольнымі фанатамі, хваляванні з удзелам субкультуры прайшлі і ва Украіне. У
абедзвюх краінах праваахоўнікі зацікавіліся супольнасцю, і ўкраінскія сілавікі
спрабуюць зразумець, ці ёсць у распаўсюджанні субкультуры расійскі след.
Таксама з’явіліся прысвечаныя субкультуры паблікі. Спачатку
стала вядома пра старонкі ў тэлеграме, якія каардынуюць прыхільнікаў у Гомелі і
Магілёве, таксама «Родан» мае і сваю старонку для Мінска.
Мінскае «падраздзяленне» назвалі «МОЗД «Андеграунд» —
расшыфроўваецца, як тлумачаць самі аўтары старонкі, як «Минское объединение
здравого движения». Самае папулярнае відэа ў акаўнце мае больш за 35 тысяч
праглядаў. У ім прадстаўнікі субкультуры прапануюць зладзіць сустрэчу ў раёне
Каменнай Горкі і дэманструюць фота гіпермаркета «Green» — магчыма, гэта месца
будучай сустрэчы.
Яшчэ ў акаўнце ёсць чатыры відэа, якія маюць недзе па 2-3
тысячы праглядаў, першы з ролікаў з’явіўся чатыры дні таму. У адным з іх,
напрыклад, сцвярджаецца, што падраздзяленне, якому належыць акаўнт, не бярэ ў
палон, і дэманструюцца кадры з барцамі ў залі.
На спробы сабрацца ўдзельнікаў «ПВК Родан» лукашэнкаўскі рэжым адказаў масавым хапуном у розных гарадах. У Мінску, Гомелі, Оршы і іншых населеных пунктах былі затрыманыя сотні падлеткаў.