У Беларусі папярэджваюць бацькоў пра «масавыя беспарадкі з удзелам узброеных людзей»
З учорашняга вечара ў розных школах краіны настаўнікі пачалі паведамляць бацькам падлеткаў, што 1 сакавіка плануюцца беспарадкі і бацькі павінны сачыць за дзецьмі пасля школы.
«1 сакавіка ўсе вучні пасля ўрокаў павінны знаходзіцца пад асабістым пільным кантролем іх бацькоў: па непацверджанай інфармацыі плануюцца масавыя беспарадкі, у якіх замяшаныя таксама і ўзброеныя дарослыя. Каб пазбегнуць непрыемных сітуацый просьба праінфармаваць бацькоў аб неабходнасці кантролю вольнага часу навучэнцаў», — гаворыцца ў паведамленнях.
Гэта звязана з моладзевай субкультурай «ПВК Родан», якая імкліва распаўсюджваецца па Беларусі. Учора міліцыянты затрымалі ў Гомелі 200 падлеткаў, 183 з якіх — непаўнагадовыя. Школьнікі хацелі сабрацца ў ГЦ «Сакрэт».
«Спыненая спроба правядзення масавай акцыі з удзелам непаўналетніх. Затрыманыя 200 чалавек», — паведамляе тэлеграм-канал МУС Беларусі.
«Без фізічнай сілы ў органы ўнутраных спраў даставілі 200 чалавек, 183 з якіх — непаўналетнія, — піша канал міліцыі. — Падлеткі да 16-ці гадоў атрымаюць папярэджанні з пастаноўкай на ўлік у інспекцыю па справах непаўналетніх. Тым, хто старэйшы за 16 гадоў, дадаткова пагражае адміністрацыйная адказнасць.
Вызначаюцца асобы, якія маюць дачыненне да арганізацыі незаконнай масавай акцыі. Разглядаецца пытанне аб завядзенні крымінальнай справы», — гаворыцца ў паведамленні.
Таксама стала вядома, што акрамя Гомеля, учора ў раёне 18 гадзін адбылася бойка падлеткаў з «ПВК Родан» з іншымі «субкультурамі» ў Рэчыцы ў раёне Крамы ТРЦ «Глобал».
Што такое «ПВК Родан»?
Цягам лютага ў Расіі і Украіне атрымала пашырэнне незвычайная субкультура, якая называе сябе «ПВК Родан».
«ПВК Родан» ніяк не звязана з вайсковымі кампаніямі, абрэвіятура мае хутчэй жартоўны характар. Гэта супольнасць нефармалаў і аматараў анімэ, у прыватнасці, анімэ «Hunter x Hunter». Прыхільнікі «Родана» носяць штаны ў клетку, доўгія валасы, а таксама цішоткі з выявамі павукоў і лічбай 4, што і адсылае да анімэ. У Расіі яны выступаюць супраць футбольных фанатаў-ультрас, мігрантаў і выхадцаў з Каўказа.
У Расіі «ПВК Родан» ужо набыла вядомасць праз сутыкненні з футбольнымі фанатамі, хваляванні з удзелам субкультуры прайшлі і ва Украіне. У абедзвюх краінах праваахоўнікі зацікавіліся супольнасцю, і ўкраінскія сілавікі спрабуюць зразумець, ці ёсць у распаўсюджванні субкультуры расійскі след.
Таксама з’явіліся прысвечаныя субкультуры паблікі. Спачатку стала вядома пра старонкі ў тэлеграме, якія каардынуюць прыхільнікаў у Гомелі і Магілёве, таксама «Родан» мае і сваю старонку для Мінска.
Мінскае «падраздзяленне» назвалі «МОЗД «Андеграунд» — расшыфроўваецца, як тлумачаць самі аўтары старонкі, як «Минское объединение здравого движения». Самае папулярнае відэа ў акаўнце мае больш за 35 тысяч праглядаў. У ім прадстаўнікі субкультуры прапануюць зладзіць сустрэчу ў раёне Каменнай Горкі і дэманструюць фота гіпермаркета «Green» — магчыма, гэта месца будучай сустрэчы.
Яшчэ ў акаўнце ёсць чатыры відэа, якія маюць недзе па 2-3 тысячы праглядаў, першы з ролікаў з’явіўся чатыры дні таму. У адным з іх, напрыклад, сцвярджаецца, што падраздзяленне, якому належыць акаўнт, не бярэ ў палон, і дэманструюцца кадры з барцамі ў залі.