«ПВК Родан» у Беларусі: Неўсвядомлены пратэст супраць татальнага крывадушша

Працягнем рэфлексіі беларускага прафесара Уладзіміра Янчука і расійскага публіцыста Аляксандра Няўзорава наконт новамоднай «ПВК Родан», якая, сама таго не жадаючы, выкрывае хібы і цемрашальства дыктатарскіх рэжымаў. Якая, уласна, гэтымі рэжымамі і спароджаная.

Калаж Baza

Калаж Baza

На з’яўленне ў Беларусі «ПВК Родан» лукашэнкаўская дыктатура адказала звыкла — адзіным засвоеным чынам пры сустрэчы з чымсьці невядомым і некатраляваным. Гвалтам. Мноства падлеткаў было схоплена, закінута ў «бобікі» ці аўтазакі, дастаўлена ў міліцыю. Сваякі потым доўга аточвалі раённыя РУУСы, намагаючыся вызваліць дзяцей, і гэта правакавала вядомыя флэшбэкі з 2020 года.
Усяго былі затрыманы сотні падлеткаў. Здаецца, больш-менш усіх выпусцілі, але са звычайнымі для нашай таталітарнай мясцовасці наступствамі — унясенне ў базу, улік у інспекцыі, «пакаяльныя» відэа, колькі адміністрацыйных пратаколаў. Завялі і крымінальную справу на «арганізатараў», бо, канечне ж, без «лялькаводаў» тут не абышлося. Не здзіўляйцеся, калі «ляльководы» заўтра акажуцца «польскімі».
Затым сілавікі пайшлі па школах. Сталі ладзіць выступы перад спужанымі дзецьмі і на бацькоўскіх сходах. Папярэджваць аб «адказнасці ва ўстаноўленым парадку».
Новая субкультура цалкам апалітычная, але супраць яе ў Беларусі была выкарыстана тая ж метадычка, што ў супраць пратэстоўцаў у 2020-м. Бо іншай метадычкі ў лукашэнкаўцаў няма.
Карціна свету беларускай сістэмы выбудавана не тое што проста — максімальна прымітыўна. У чорна-белых колерах і без дзеепрыслоўных зваротаў. Што незразумелае — тое варожае. Што па-за кантролем — тое схапіць, таўраваць, загнаць у стойла. Што прэтэндуе хоць на нейкую адметнасць — тое пашыхтаваць у шэрагі і прымусіць хадзіць у нагу.

Фота Моцныя навіны

Фота Моцныя навіны

«ПВК Родан» узнікла на грунце гвалту — спланаваных боек у гандлёвых цэнтрах — і гэта, вядома, кажа не на яе карысць. Урэшце ў іншых краінах (у асноўным постсавецкіх) на гэты рух таксама рэагавалі праваахоўнікі, хай і не з такім імпэтам, як у Беларусі. Але хто сказаў, што да калектыўных мерапрыемстваў філатэлістаў альбо аматараў матылькоў увага лукашэнкаўскіх сілавікоў была б іншая? Калі б «ПВК Родан» было «ПВК Рондаль» з адпаведнымі сэнсамі, на яе ўдзельнікаў зладзілі б такі самы «хапун» як і на прыхільнікаў японскага анімэ з павучкамі на цішотках. Гэта мы выдатна ведаем з тых часоў, калі людзі ў пагонах круцілі ў электрычцы пенсіянерак, якія чыталі кніжкі на беларускай мове. Так, у электрычцы была «палітыка», але ў Беларусі пасля падзей 2020-га ўсё — «палітыка». Бо як жа, «дэстабілізуе абстаноўку» ў прасторы паміж вышкамі з аўтаматчыкамі.
Дык пра што нам кажа гісторыя з «ПВК Родан», праз якую так усхадзіліся сілавыя структуры рэжыму? Безумоўна, як кажа прафесар псіхалогіі Уладзімір Янчук, тут і спецыфіка падлеткавага ўзросту, і мілітарызацыя жыцця на фоне вайны, і мова варожасці ў афіцыйнай інфармацыйнай прасторы. Дадаць варта хіба яшчэ адзін чыннік, праз які тынэйджары позняга пубертатнага перыяду імгненна гуртуюцца па першай жа зручнай прыкмеце.
Беларусь пасля 2020 года — краіна з выразнай падвоенай мараллю. Адна мараль — з фасаднага боку, дзе пануе афіцыёз. Другая — у сапраўдным жыцці, уласным досведзе, дадзеным нам у адчуваннях.
Фасад — гэта «кавалачак зямлі» з вечназялёнай стабільнасцю. Гэта калектыўны азаронак у тэлевізары, варожы Захад, укранацысты ў Кіеве і г. д. Сапраўднае — гэта тое, пра што дарослыя кажуць на кухні і што так не супадае з «афіцыйнай версіяй». Агулам гэта таксама не пра палітыку, бо каго з падлеткаў цікавяць выбары, пратэсты і рэпрэсіі? Пра гэта няшмат інфы ў ТыкТоку і «інстачцы», дзе пераважаюць коцікі, гаджэты ды іншыя вартыя ўвагі фічы. Падлеткам нават не цікавы Лукашэнка. Ну, ёсць такі дзед, які заве сябе прэзідэнтам, у «ютубчыку» часам трапляюцца смешныя пародыі на яго. Хай сабе жыве ў сваім паралельным сусвеце.
Аднак фокус у тым, што паралельнага сусвету больш няма, і тым жа школьнікам зараз вельмі цяжка дыстанцавацца ад лукашызму. Ужо трэці год гэты лукашызм працягвае ўпарта ўломвацца ў іх жыццё.
Цяпер цягнуць у БРСМ так, як не цягнулі ніколі. Цяпер плявузгаюць на палітінфармацыях пра моцную і квітнеючую пад мудрым кіраўніцтвам. Ідэолагі і «мянты» не вылазяць са школаў, дурачы галаву рознай лухтой. Пракурорскія нясуць пра нейкі генацыд, поп усё ходзіць ды ходзіць са сваім праваслаўем. Прымушаюць слухаць гімн, чырвона-зялёных сцягоў панавешалі, кажуць пра нейкае «народнае адзінства». На выходных цягнуць у чарговы музей. Забаранілі святкаваць Хэлоўін. Забаранілі Дзень святога Валянціна.
Не сакрэт, што пасля выбараў 2020-га рэжым моцна ўзяўся за моладзь. Адкрыта прызнаўшы, што «падрастаюшчае пакаленне» ўладу не падтрымлівае, лукашэнкаўцы пачалі вучыць яго радзіму любіць. Як заўсёды, прымусова, дырэктыўна, гвалтоўна. Як яны толькі і ўмеюць. Як заўсёды — няшчыра, крывадушна, паводле спушчаных зверху загадаў.
Падлеткі з іх юнацкім максімалізмам вельмі чуллівыя да падману. Яны дакладна адчуваюць ілжывасць у прамовах свайго класнага кіраўніка, завучанасць — у наратывах прысланага ідэолага, казёншчыну — у фармулёўках участковага пра «супрацьпраўныя дзеянні». Адчуваюць — і ў іх узрастае ўнутраны пратэст супраць гэтай татальнай хлусні. Памножаны на глыбінную канфліктагеннасць вечнай тэмы «бацькоў і дзяцей», ён стварае энергію, якая патрабуе выхаду.
Гэта, зноў жа, зусім не пра палітыку — гэта пра няяснае, неўсвядомленае раздражненне рэчаіснасцю, у якой дарослыя чамусьці гоняць люты крынж па фэйспалму. Гэта тое, пра што паэт пісаў словамі «когда насквозь неискренние люди нам говорили речи о врагах».
З гэтай жа падвоенай мараллю дажываў у перыяд позняга застою Савецкі Саюз — калі праўда гучала на кухні, а старшакласнікі насуперак марксізму-ленінізму цягнуліся да ўсяго заходняга, ад музыкі да адзення. Пройдзе яшчэ літаральна некалькі гадоў, і іржавы, спарахнелы «савок» канчаткова абрынецца прама на вачах гэтых учорашніх школьнікаў.
Тое ж самае чакае і лукашызм, які ў сваёй завяршальнай фазе не здатны ні на што, акрамя здушэння, прыгнёту і гвалту.