Грузія: Спецназ ужыў для разгону пратэстоўцаў вадамёт

Парламент Грузіі нечакана сёння, 7 сакавіка, у першым чытанні зацвердзіў скандальны законапраект. У Тбілісі адбываецца шматтысячная акцыя пратэсту. Ля будынка парламента Грузіі, дзе праходзіць акцыя пратэсту, ужыты вадамёт.

Фота www.ekhokavkaza.com

Фота www.ekhokavkaza.com

Праспект Руставелі ў Тбілісі перакрыты — перад будынкам парламента праходзіць акцыя пратэсту, колькасць удзельнікаў павялічылася пасля таго, як на пленарным пасяджэнні пачаліся слуханні праектаў закона «Аб замежных агентах».

Спецназ у Тбілісі мабілізаваны як з боку вуліцы Чычынадзэ, так і вуліцы Чытадзэ. МУС гукавым сігналам папярэджваў удзельнікаў акцыі, каб тыя пакінулі тэрыторыю. Пратэстоўцы не разыходзяцца, паведамляе «ИнтерпрессНьюс».


Праваахоўнікі не даюць удзельнікам акцыі магчымасці падысці да ўваходу ў парламент. Супраць пратэстоўцаў быў таксама ўжыты пярцовы газ.

Сутычкі паміж пратэстоўцамі і праваахоўнікамі адбыліся пасля таго, як сёння ўвечары парламент Грузіі ў паскораным рэжыме зацвердзіў у першым чытанні законапраект «Аб празрыстасці замежнага ўплыву».

Парламент Грузіі ў першым чытанні прыняў скандальны закон аб «замежных агентах»

Нагадаем, сёння парламент Грузіі ў паскораным рэжыме зацвердзіў у першым чытанні законапраект «Аб празрыстасці замежнага ўплыву». За прыняцце дакумента прагаласавалі 76 дэпутатаў, супраць — 13.

Дакумент, унесены ў парламент рухам «Сіла народа», падтрымалі чальцы кіруючай партыі «Грузінская мара».

Між тым, у грузінскі парламент унесены яшчэ адзін законапраект — «Аб рэгістрацыі замежных агентаў». Яго абмяркуюць на наступным пасяджэнні.

Рашэнне абмеркаваць на пленарным пасяджэнні парламента законапраекты аб «замежных агентах» ужо сёння, а не 9 сакавіка, стала нечаканасцю для ўсіх, у тым ліку для апазіцыі.

Першая палова дня прайшла ў атмасферы супрацьстаяння дэпутатаў, які час ад часу пераходзіў у фізічныя сутыкненні.




  • Сябры руху «Сіла народа», якія фармальна абвясцілі аб выхадзе з кіроўнай партыі «Грузінская мара», унеслі ў парламент два законапраекты – «Аб празрыстасці замежнага ўплыву» і «Аб рэгістрацыі замежных агентаў». Першы законапраект чальцы «Сілы народа» называюць «грузінскім», другі – «амерыканскім».
  • Сцвярджаецца, што другі дакумент — пераклад амерыканскага закона аб рэгістрацыі замежных агентаў (FARA), які ўнеслі ў парламент, каб паказаць, наколькі ён рэпрэсіўны ў параўнанні з «грузінскай» ініцыятывай «сілы народа». Дакумент, у прыватнасці, прадугледжвае для парушальнікаў не толькі адміністрацыйную, але і крымінальную адказнасць.
  • Прадстаўнікі грузінскай апазіцыі, НДА і журналісты, краіны ЕС і ЗША ўпэўненыя, што ўлады Грузіі спрабуюць пераняць расійскі досвед барацьбы з «замежнымі агентамі» і стварыць у краіне рэпрэсіўны механізм. У Бруселі заявілі, што прыняцце такіх законаў несумяшчальнае з выкананнем рэкамендацый для атрымання Грузіяй статусу кандыдата ў Еўрасаюза, з нормамі і каштоўнасцямі ЕС.
  • «Сіла народа» і кіруючая партыя «Грузінская мара» плануюць зацвердзіць у першым чытанні абодва законапраекты. Затым яны будуць накіраваныя ў Венецыянскую камісію. У «Мары» кажуць, што калі Венецыянская камісія выступіць з неабгрунтаванымі заўвагамі, яны ўсё роўна зацвердзяць дакумент.
  • Прэзідэнт Грузіі Саламэ Зурабішвілі паабяцала, што выкарыстоўвае сваё права і накладзе вета на закон аб «замежных агентах». Пры гэтым кіруючая партыя, як мяркуецца, зможа яго пераадолець. Зурабішвілі таксама прапанавала забараніць у краіне «антыканстытуцыйныя партыі». Згодна з артыкулам 78 Канстытуцыі Грузіі, канстытуцыйныя органы ў межах сваіх паўнамоцтваў павінны «прыняць усе меры для забеспячэння поўнай інтэграцыі Грузіі ў Еўрапейскі саюз і арганізацыю Паўночнаатлантычнай дамовы».
  •  За прыняцце дакумента прагаласавалі 76 дэпутатаў, супраць — 13. Дакумент, унесены ў парламент рухам «Сіла народа», падтрымалі члены кіруючай партыі «Грузінская мара».




«Чорны дзень для грузінскай дэмакратыі»: ЗША аб праектах законаў аб «замежных агентах» 

На фоне пачатку разгляду ў парламенце Грузіі спрэчных праектаў законаў аб «замежных агентах» амбасада ЗША ў Грузіі сёння апублікавала рэзкую заяву

«Сёння чорны дзень для грузінскай дэмакратыі. Далейшы разгляд парламентам інспіраваных Крамлём законаў несумяшчальны з выразным імкненнем народа Грузіі да еўрапейскай інтэграцыі і дэмакратычнага развіцця», — адзначаецца ў заяве.

Таксама амерыканская амбасада адзначае, што законапраекты аб «замежных агентах» нашкодзяць стасункам Грузіі з яе стратэгічнымі партнёрамі, а таксама «ставяць пад сумнеў прыхільнасць кіроўнай партыі еўраатлантычнай інтэграцыі».

Паводле Эхо Кавказа, сацсетак