У Грузіі няма такой працэдуры — адкліканне закона?
«Афіцыйна не існуе такой працэдуры». Юрысты выказаліся наконт рашэння ўлад адклікаць закон пра «замежных агентаў». Працэдуру адклікання законапраектаў патлумачылі Вахушуці Менабдэ і Ліна Гвініянідзэ.
Выкладчык Універсітэта Ільі, былы дырэктар праграмы дэмакратычных інстытутаў у Асацыяцыі маладых юрыстаў Вахушці Менабдэ, патлумачыў у Фэйсбуку, што, згодна з рэгламентам парламента, прыняты ў першым чытанні закон не можа быць адкліканы. Супраць яго павінны прагаласаваць на сесіі.
Па словах Менабдэ, законапраект «Аб празрыстасці замежнага ўплыву», аналагічны расійскаму, які быў прыняты ў першым чытанні, трэба неадкладна вынесці на другое чытанне і прагаласаваць супраць. Бо на працягу месяца ўлады могуць вярнуць на галасаванне законапраект, які праходзіў слуханне і супраць якога ўжо галасавалі.
Што тычыцца законапраекта «Аб рэгістрацыі замежных агентаў», які нібыта аналагічны закону ЗША і яшчэ не абмяркоўваўся ў парламенце, усе ініцыятары павінны падпісаць дакумент аб тым, што адклікаюць законапраект.
Былы выканаўчы дырэктар Цэнтра сацыяльнай справядлівасці Ліна Гвініянідзэ таксама адзначыла, што «афіцыйна не існуе такой працэдуры як «адкліканне законапраекта». «Гэта значыць, што законапраект, які прынялі ў першым чытанні, павінны вынесці на другое чытанне і прагаласаваць супраць. Усе ўстанем ля парламента і чакаем, як 76 дэпутатаў на нашых вачах прагаласуюць супраць законапраекта, які яны падтрымалі. Пакуль я гэтага не ўбачу на свае вочы, я з месца не скрануся», — напісала на сваёй старонцы Ліна Гвініянідзэ.
«...Заўсёды ёсць сэнс змагацца! Але не забывайце, што ў нас усё яшчэ ёсць расійскі ўрад, які адказвае за хлусню народу, і мы гэта бачылі. Пакуль у нас будзе гэты расійскі ўрад, еўрапейскі курс Грузіі ў небяспецы! Неадкладна адпусціце затрыманых!» — напісала апазіцыйная дэпутатка Ані Цытлідзэ.
«...Віншуем з перамогай! Затрыманыя павінны быць неадкладна вызвалены! Барацьба за вызваленне краіны ад рэжыму расійскай арды будзе працягвацца. Будучыня Грузіі — гэта Еўропа», — лічыць Саламэ Самадашвілі з «Адзінага нацыянальнага руху».
Чарговы мітынг у знак пратэсту супраць закона пра «замежных агентаў» ля парламента Грузіі анансавалі на 19:00 апазіцыя і студэнты. Яны патрабуюць ад улад вызваліць грамадзян, затрыманых падчас пратэстаў. А таксама даць выразныя тлумачэнні, як урад думае адклікаць законапраекты. Нагадаем, на ўчорашняй акцыі пратэсту, як і 7 сакавіка, было многа затрыманых. Спецназ распыляў слезацечны газ, выкарыстоўвалі вадамёты і гумавыя кулі.
Паводле @paperkartuli, «Эхо Кавказа»