Чаму пратэсты ў Грузіі актуальныя для беларусаў?
Палітычны аглядальнік службы «Эхо Кавказа» «Радыё Св*бода» Вадзім Дубноў для перадачы «Падзея і каментар» на «Св*бодзе Premium» расказвае, што стаіць за масавымі пратэстамі ў Грузіі, чаму такую рэакцыю выклікаў закон, падобны да расейскага «Закону аб замежных агентах» і што ад гэтага беларусам.
Экспэрт тлумачыць, чаму вынік масавых выступленьняў можа быць важным для беларусаў.
«Гэты закон нават на ўзроўні назвы выклікае алюзіі з Расеяй»
— 7 сакавіка ў Грузіі пачаліся масавыя пратэсты пасьля таго, як парлямэнт Грузіі прыняў у першым чытаньні законапраект «Аб празрыстасьці фінансаваньня вонкавага ўплыву», які называюць падобным да расейскага «Закону аб замежных агентах». Што стаіць за гэтымі пратэстамі, чаму гэты закон выклікаў такую рэакцыю?
— Гэты закон — верх непрыстойнасьці з пункту гледжаньня агульнапрынятых уяўленьняў аб свабодах, а галоўнае, аб тым, якім шляхам ішла Грузія апошняе дзесяцігодзьдзе. Мы прывыклі лічыць Грузію калі ня флягманам дэмакратычных працэсаў, то іх актыўным удзельнікам і ня ставіцца да Грузіі як да Беларусі і Расеі. Гэтым законам Бідзіна Іванішвілі і грузінская ўлада цалкам зьмянілі ўсю сыстэму стэрэатыпаў, поглядаў на цяперашняе грузінскае разьвіцьцё.
Гэты закон нават на ўзроўні назвы выклікае ўсе алюзіі з Расеяй, якія людзей палохаюць, напружваюць, абураюць, асабліва сёньня і асабліва на тле таго, як паводзіць сябе грузінская ўлада ў дачыненьні да вайны і да ўкраінскага кіраўніцтва.
Досыць вялікая частка грузінскага грамадзтва падтрымлівае Ўкраіну ў вайне з Расеяй, і яны не разумеюць пазыцыі, якую заняла грузінская ўлада. І цяпер для многіх гэты закон — працяг гэтай лініі, і многія (на мой погляд, памылкова, але тым ня менш) успрымаюць гэта як зьмену курсу з празаходняга на прарасейскі.
«Маскве гэта вельмі падабаецца. Але гэта наступства, а не прычына»
— Якую ролю ў тым, што адбываецца ў Грузіі, цяпер адыгрывае Расея і так званы шэры кардынал Бідзіна Іванішвілі, былы расейскі мільярдэр, былы прэм’ер Грузіі, былы лідэр найвялікшай парлямэнцкай фракцыі?
— Я б ня стаў перабольшваць ролю Расеі. Думаю, што яна тут мінімальная. Я ня думаю, што яна нейкім чынам удзельнічае ў гэтых працэсах. Але па факце таго, што адбываецца, Маскве гэта вельмі падабаецца. Але гэта наступства, а не прычына. Што тычыцца Бідзіны Іванішвілі, то ён выконвае ўсе ролі — ён і рэжысэр, і прадусар. Мне вельмі падабаецца гэты тэрмін, ён ужо агульнапрыняты — захопленая дзяржава. Калісьці так называлі Малдову пры алігарху Ўладзімеру Плахатнюку (найбагацейшы чалавек у Малдове, у 2010-я гады самы ўплывовы чалавек у краіне, які кантраляваў урад, парлямэнцкую большасьць і органы ўлады. — РС).
Цяпер гэта цалкам справядліва для Грузіі, нягледзячы на іншую атмасфэру ў краіне. Усе камандныя пульты захопленыя Бідзінай Іванішвілі, усе галіны ўлады, усе палітычныя сілы прадстаўляюць яго. І прэм’ер-міністар, і ягоная партыя «Грузінская мара» — гэта ўсё прывадныя рамяні, рычагі ягонай абсалютнай улады. Пры гэтым сам ён за гэтую ўладу не нясе ніякай адказнасьці, бо не займае ніякіх пасадаў. І таму мне падаецца, што гэта выключна гульня і сцэнар Іванішвілі.
«Для беларусаў у Грузіі вельмі няўтульна апынуцца ў аналягу Беларусі, зь якой яны выратаваліся»
— У Грузіі цяпер жыве шмат беларусаў, якія былі вымушаныя выехаць з краіны пасьля жніўня 2020-га і пачатку вайны Расеі супраць Украіны. Цяпер за падзеямі ў Грузіі ўважліва сочаць як беларусы ў Грузіі, так і ў самой Беларусі, і ў іншых краінах сьвету. Чаму тое, што цяпер адбываецца ў Грузіі, можа быць важным для беларусаў і Беларусі?
— Я б разьдзяліў. Для тых беларусаў, якія цяпер у Грузіі, вельмі крыўдна і няўтульна апынуцца ў аналягу Беларусі, зь якой яны выратаваліся, ці ў краіне, якая спрабуе паддавацца такім аналягам. Увогуле для беларусаў Грузія па старой памяці ўсё ж была краінай, у якой, разам з краінамі Балтыі і Польшчы, можна было схавацца і выратавацца. Калі Грузія страціць гэты імідж, гэта будзе надзвычай непрыемна і дыскамфортна для гэтых людзей.
Што тычыцца самой Беларусі і людзей, якія спадзяюцца на лепшую будучыню Беларусі, ня думаю, што ёсьць нейкая прамая сувязь паміж тым, будзе прыняты закон ці ня будзе прыняты, зьверне Грузія з празаходняга шляху ці ня зьверне.
Усе гэтыя пачуцьці справядлівыя і для Кіева, якому вельмі непрыемна, што ў фронце саюзных яму дзяржаваў зьявіцца такі пралом, як Грузія. Для беларускай апазыцыі, а хутчэй для большай часткі беларускага грамадзтва тое, што можа зьявіцца слабое зьвяно ў выглядзе Грузіі, будзе калі не фатальна, то надзвычай непрыемна.
Захаваны правапіс арыгіналу