Павел Усаў: З аўтарытарнай уладай знайсці кампраміс немагчыма, яна заўсёды падмане
Захад да канца не разумее сэнсу супрацьстаяння з Расіяй, усё яшчэ спадзяецца на гарманічнае і ўзаемавыгаднае суіснаванне.
Палітолаг Павел Усаў разважае ў сваім тэлеграме пра тое, як «Грузінская мара» ператвараецца ў кашмар. А таксама як Расія стварае пояс напружанасці вакол сябе.
Расія, што цярпіць паразу ва Украіне, імкнецца да стварэння кола нестабільнасці на ўсіх напрамках. Практычна ўсе дзяржавы постсавецкай прасторы закранутыя гібрыдным уздзеяннем Масквы, некаторыя пад прамым уздзеяннем і кантролем — як Беларусь.
Пояс напружанасці ўключае: Беларусь, Украіну, Малдову, Грузію, Арменію, Азербайджан.
У той ці іншай ступені закрануты краіны Азіі (хоць і ў меншай ступені). Расія выбудоўвае альянсы з Іранам і талібамі.
Пашырэнне напружання і канфліктаў мае некалькі канкрэтных мэтаў:
Усе канфлікты, разломы адбываюцца на пунктах судакранання з заходняй сістэмай. Расія спрабуе рэалізаваць палітыку па экспарце хаосу да межаў НАТА і ЕС.
Дэстабілізацыя створыць праблемныя зоны, на якія Захад будзе таксама адцягваць рэсурсы, увагу.
Расія спадзяецца, што Захад — неаднародны па сваім змесце, які не мае нейкай адзінай геапалітычнай канцэпцыі, стратэгіі як у дачыненні да Расіі, так і ўсёй постсавецкай прасторы, — стоміцца ад напружання і спробаў патушыць пажары. Захад не ў стане рэагаваць на праблемныя працэсы адначасова і эфектыўна.
Захад да канца не разумее сэнсу супрацьстаяння з Расіяй, усё яшчэ спадзяецца на гарманічнае і ўзаемавыгаднае суіснаванне.
Па гэтай прычыне адсутнічае сістэмны падыход і сістэмныя рашэнні на ўзніклую геапалітычную турбулентнасць.
Адпаведна, баючыся далейшага разбурэння рэгіянальнай стабільнасці, Еўропа будзе шукаць кампраміс з Масквой у пытаннях стабілізацыі.
У Грузіі палітычныя структуры з відавочна прарасійскімі пазіцыямі «Сіла народа» і «Грузінская мара» справакавалі сур'ёзны палітычны крызіс, спрабуючы праціснуць закон аб «замежных агентах» паводле расійскага ўзору. Гэты закон узмацніў бы аўтарытарную кансалідацыю ў палітычнай сістэме краіны і, верагодна, у перспектыве стварыў бы ўмовы для вяртання краіны ў сферу ўплыву Расіі.
Пратэсты самі па сабе, без адстаўкі ўрада, а таксама без роспуску парламента, не спыняць аўтарытарнага рэваншу.
Я больш чым упэўнены, што пасля таго, як грамадства супакоіцца (парламент паабяцаў не прымаць адыёзнага закона), пачнуцца сістэмныя чысткі: арышты, затрыманні, пасля чаго закон і іншыя абмежавальныя меры будуць укаранёныя.
З аўтарытарнай уладай знайсці кампраміс немагчыма, яна заўсёды падмане, яна заўсёды будзе імкнуцца да знішчэння праціўніка, пакуль будзе захоўвацца.
Захад практычна страціў рычагі ўплыву ў Грузіі. Паступовае забойства Саакашвілі відавочна гэта дэманструе.
У сваю чаргу для Расіі любое развіццё сітуацыі выгадна: узмацненне аўтарытарызму, альбо пашырэнне ўнутранага хаосу, канфрантацыі (як вынік, да прыкладу, дыверсіі і перакрыцце нафтаправода Баку-Тбілісі-Джэйхан).